LAZA
Ростані
Содержание
Contents

Духоўная трасянка ці голас духа цемры?


«Бліжэюць восеньскія Дзяды — найспрыяльная часіна пасябраваць з духамі ды выявіць нарэшце, каторы кут у нашых клетухнах ці новазамках яны абралі сабе за прыстанак. Да сустрэчы. Мацнейма духам».

Антаніна Хатэнка. Дрэва жыцьця. Радыё Рацыя.

На Беларусі тры дзяржаўныя мовы: беларуская, на якой мала хто размаўляе, руская, на якой размаўляюць яшчэ менш, і трасянка, на якой размаўляюць практычна ўсе, нават тыя, хто лічыць, што ён гаворыць на «чистом русском языке». Ён такі чысты, гэты «язык», як і мая душа. Быццам бы ўсё на месцы — і табе «чЯсы», і «брЮки», и «г» выбуховае, але як «дзекне-цекне» язычок, адразу чутно: «Наш чалавек у Гаване». А паслухаеш яшчэ хвіліначку — і паехала: «тудой», «сюдой», «шуфлядка»… Не, гэта не Рыа-дэ-Масква!

У прынцыпе, трасянка хаця мова й сьмешная («я пакажу, хто врот», «нам нада друг друга абадраць»), але аб'ектыўна рэальная. Тыя, хто круціць носам ад беларушчыны і плаціць грошы, каб навучыцца францушчыне, ня ведаюць, што далікатныя «адзью» і «мусью» выкіпелі са сьмярдзючага катла зь юшкаю гальска-германска-лацінскае трасянкі, а камп'ютэрна-шыкоўная ангельшчына выпаўзла з такога жудаснага «яршу», што нашыя «врот» і «ператрахіваць» у параўнаньні зь ёй — вяршыня выкшталцонасьці і элеганцкасьці. У ангельцаў з «гувэрнэману» атрымаўся, — даруй, Госпадзе, — «гавэнмэнт», а з «культуры» — нейкая «калча».

Звычайная нашая трасянка — гэта калі «косяць» пад рускую. Але бывае й наадварот — гавораць быццам па-беларуску, але зьбіты з тропу язык замест «звонкага „дзе“ і густога „чаго“» выпускае на сьвет дзіўныя гібрыды кшталту «чЯго». Па мне ўжо лепей «врот», чым «чяго», але каму што падабаецца.

На Беларусі тры дзяржаўныя веры: каталіцызм, які шчыра спавядае мала хто, праваслаўе, якое шчыра (і разумеючы, што гэта такое) спавядае яшчэ менш хто, і паганства, ці дакладней сінкрэтызм, якое спавядаюць амаль пагалоўна ўсе — ад прэзідэнта да апошняга інтэлігента. Сінкрэтызм — гэта калі Хрыстос дык Хрыстос, год сьвіньні дык год сьвіньні, папараць-кветка дык папараць-кветка, «Два буслы» дык «Два буслы». Дэвіз гэтае веры, пад якім падпішацца ледзь ня кожны сьвядомы беларус: «Нешта такое ёсьць».

І, як і з трасянкаю, тут бываюць звыклыя штампы і нязвыклыя кульбіты. Радыёжурналістка Антаніна Хатэнка прапануе скарыстаць надыходзячае сьвята Дзядоў, каб «пасябраваць з духамі».

Яно сварыцца зь імі без патрэбы беларус, канешне, ня любіць: «Хто яго ведае, як гэтыя духі могуць табе аддзячыць-засабачыць — ці „каза рогам“, ці „вадалей цэбрам“. Абы вайны ня было». Але каб вось так, сьвядома прапаноўваць новую нацыянальную ідэю: «Беларус з духам — браты навек»?..

Вось я і думаю: што б гэта было? Варыянты ўсяго два.

Першы — духоўная трасянка. Гэта калі ўсё ў кучу: па кутах пашабуршэць і ўсіх духаў падабраць. «И веревочка в дороге пригодится». Мы ж народ духоўны — Рагнеда і Пярун, перакананы хрысьціянін Скарына і перакананы бязбожнік Будны, калядачкі, бліны-ладачкі… Аб'ектыўна, з пункту гледжаньня Творцы неба і зямлі, Трыадзінага Бога — Айца, Сына і Духа Сьвятога — гэта надвячорак перад цёмнаю ночкаю ці перадсьвітальны прыцемак. Сьвятла Божага, Сонца праўды Ісуса Хрыста людзі яшчэ ці ўжо ня бачаць, хаця нейкае зьзяньне заўважаюць.

Другі варыянт — поўная духоўная цемра, сьвядомае служэньне яе князю. Далей у журналісткі ідуць такія, напрыклад, словы: «Гэтак вось выбудоўваюцца людзкія ўзаеміны з прысуседзямі (духамі — Ю. С.), якія маюць над намі ўладу, выбіраюць, як нам жыць, мысьліць, адчуваць, верыць».

Сярэдні беларус так ня кажа. Нават тыя, хто плюе праз плечы і замаўляе сабе індывідуяльныя гараскопы. Усё ж такі хітраватаму беларусу ня хочацца, каб нехта меў над ім поўную ўладу і за яго выбіраў, як яму жыць, мысьліць, адчуваць і верыць.
І Хрысту гэтага ня хочацца.

А тут вось табе і маеш!

Дык я сабе й думаю — што гэта: духоўная трасянка ці прывітаньне зь пекла? Што за прыцемак у мазгах і душы — перад сьвітанкам ці перад апошняю вечнаю ноччу, у якой сапраўды ня мы будзем выбіраць, як нам жыць, і ў якой ужо ніяк ня жыць, бо там вечная сьмерць? Думаю і ня ведаю, што сказаць…

Ю. Сьмiрноў


да пачаткуростанi / наступны артыкул / папярэднi артыкул


Зьвязацца з аўтарам: smirnou сьлімак laza кропка org

Заўважылі памылку? Вылучце яе мышшу і націсьніце Ctrl+Enter. Зробім мову і пунктуацыю чысьцей, а факталёгію і тэалёгію дакладней :-)!