Я ня ведаю, што ў вас там зараз на двары — сьветлы дзень, шэры прыцемак ці цёмная ночка. Але што б там у вас зараз ні было, мы вам будзем гаварыць пра сьвятло. Безь якога нельга. Якое ёсьць зараз побач з вамі ўсімі: з кім — сонечнае, а з кім — электрычнае, што льецца вам у вочы з манітору вашага кампутара.
Прыгадайце, як радуецца ўсё ў сярэдзіне, калі пасьля зімовых шэрых нясьмелых дзён нас залівае веснавое сьвятло.
Прыгадайце, якія псіхі бяруць вас, калі нешта зрабілася на падстанцыі і звыклая пстрычка выключацеля стаецца найбольш бессэнсоўным дзеяньнем, бо анічога не зьмяняе ў навакольнай прасторы.
Сьвятло — гэта добра. Ёсьць свая прыгажосьць, свой інтым і ў паўцемры ціхіх пакояў, дзе вы сам-насам са сваімі думкамі і ўспамінамі. Ёсьць прыгажосць, свая ўрачыстасьць і ў змроку вуліцаў мінскіх ускраін недзе на Грушаўцы ці Старажоўцы, якія сьціхаюць і пагружаюцца ў роздум да наступнага бурлівага ці павольнага і бляклага сьвітанку. Але ўсё ж такі сьвятло — гэта вельмі добра.
Сьвятло настолькі прываблівала і ўражвала людзей заўсёды, што яго, гэтае сьвятло і яго выток — Сонца — людзі нават абагаўлялі. Егіпецкі бог Ра, грэцкі бог Геліас, японская багіня Аматэрасу…
На сьвятле мы расслабляемся, а ў цемры насьцярожваемся. Днём могілкі навяваюць роздум аб тленнасьці жыцьця, а ноччу — панічны страх нават на самых перакананых атэістаў. «Чорны воран» прыяжджаў ноччу.
Але нават самае яркае сьвятло не знішчае поўнасьцю цемру, бо ёсьць цень, ёсьць змрочныя густыя хваёвыя лясы і іншыя мясьцінкі і закуткі, куды сьвятло не прабіваецца. Сьвятло не зьнішчае бруду, а проста высьвятляе яго, паказвае яго дысананс, недарэчнасьць, неадпаведнасць таго, што ліецца зь нябёсаў, і таго, што ёсьць на зямлі. Сьвятло фізічнае, сьвятло сонечнае не ўсемагутнае. Жыцьцядайнае, але далёка не ўсемагутнае.
«Вы — сьвятло сьвету», — кажа Ісус Хрыстос тым, хто слухае Яго і, уражаны Яго вучэньнем вырашае стаць на прыступку вышэй і ня проста слухаць Яго, але і слухацца Яго. «Няхай сьвеціць сьвятло ваша перад людзьмі», — дадае Ён.
Да гэтага Ён назваў іх сольлю. Цяпер Ён называе іх сьвятлом. Цікава, можа гэта простае супадзеньне, але шмат у якіх мовах словы «соль» і «сонца» гучаць амаль аднолькава. «Halas» і «Helios» па-грэцку, «sal» i «sol» на лаціне, і амаль анекдатычна для нас гучаць імёны скандынаўскага і рымскага божышчаў сонца. Іх абодвух завуць Соль. Гэта можа быць і простым супадзеньнем, але ўсё ж такі напэўна ёсьць нешта агульнае ў солі і сонца.
Але, памятаеце, Ісус не назваў Сваіх вучняў «сонцам», Ён назваў іх «сьвятлом сьвету». Гэтае званьне вышэй. Бог стварыў сьвятло ў першы дзень тварэньня, а сонца — ажна толькі ў чацьвёрты. Бязглузьдзіца для жорсткіх матэрыялістаў, парадокс для тых, хто быццам бы і хацеў верыць Бібліі, але, спатыкнуўшыся аб такія месцы, ня можа ўспрымаць гэта сур'ёзна і паўтарае ўсьлед за Пушкіным: «Дрэнная фізіка, але затое якая сьмелая паэзія!» Але гэта і фізіка далёка ня дрэнная. Сонца і сьвятло не зьвязаныя так ужо неадрыўна, як нам здаецца. Калі вы ўвечары сядзіце ў сваім пакоі, дзе там сонца? Няма? Але ж сьвятло ёсьць? Няхай ня сонечнае, а электрычнае, але ж фатоны ёсьць. Любы фізік вам скажа, што фатоны могуць зьяўляцца ня толькі ад сонца, але і зь бясконцай колькасьці іншых крыніцаў. Так што сьвятло — гэта больш шырокая, больш універсальная, больш глабальная зьява, чым сонца, і гэта ня дрэнная, а менавіта добрая, дакладная фізіка Бібліі ў дадатак да вялікай паэзіі Бібліі.
Ісус называе тых, хто слухае і слухаецца Яго, сьвятлом сьвету. Ён даручае ім місію ісьці туды, куды сонца не дасягае, рабіць тое, чаго сонца зрабіць ня можа. Ён катэгарычна супраць таго, каб гэтае сьвятло сьвету мы выкарыстоўвалі толькі як ліхтарык дзеля ўласных патрэбаў, Ён ня хоча, каб мы ставілі на гэтую крыніцу Божай энергіі ў сваёй душы электралічыльнік і сквапна эканомілі сьвятло Божае, каб крый Божа, не пасьвяціць на каго-небудзь яшчэ. Ісус адмаўляе нам у праве будаваць абажуры над сабою і раскашаваць у Яго сьвятле ў адзіноце. Нават калі мы так сябе паводзім, кажа Ён, гэта ілюзія. «Ня можа схавацца горад, які стаіць на версе гары. І запаліўшы сьвечку, ня ставяць яе пад пасудзінаю, а на сьвечніку, і сьвеціць усім, хто ў доме».
Калі вы зробіце ці ўжо зрабілі гэты крок і сьвядомым намаганьнем волі вырашаеце аддаць сваё жыцьцё Ісусу, нават калі гэта адбылося ў цішы вашае спальні, ці можа нават зараз, калі ў пакоі толькі вы і кампутар, адразу ж, аўтаматычна, бяз вашага ведама вы ўздымаецеся на вяршыну гары, вашая сьвечка пачынае сьвяціць усім, хто ў доме. Вы можаце саромецца гэтага, можаце маўчаць і не гаварыць іншым аб тым, што з вамі здарылася, але яны беспамылкова і непазьбежна адчуюць, што з вамі нешта сталася, што вы ўжо ня тыя. І Ісус Хрыстос заклікае нас не рабіць марнай працы, не маскіраваць горад, які стаіць наверсе гары. Гэта немагчыма, яго відаць здалёк. Ісус Хрыстос заклікае нас ня ставіць сьвечку пад пасудзіну, бо нашто ж тады тая сьвечка?
Яго загад і парада нам: «Так няхай сьвеціць сьвятло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага, Які Ёсьць у нябёсах». Сьвятло нашае, але мы атрымалі яго ад Бога, і бачачы зьмены ў нас, людзі ўбачаць Бога. Мы становімся рэкламнымі агентамі не саміх сябе, а Усемагутнага і Вечнага Бога. А рэклама не павінна быць назойлівай, бо такая рэклама толькі раздражняе людзей. Тое, што мае добрую якасьць, само сябе рэкламуе. Нашая справа толькі не перашкаджаць.
Давайце ж будзем сьвятлом у гэтым веснавым, летнім, восеньскім ці зімовым Мінску ці іншым горадзе, у якім вы нас слухаеце і дапаможам сонейку астранамічнаму зрабіць тое, чаго яно зрабіць ня можа, што можа толькі Бог і мы з Богам.
Хай загляне сонца і ў ваша ваконца! Хай загляне ў яго Хрыстос!