LAZA
Ростані
Содержание
Contents

Как молоды мы будем!!!


Вось і намалявалася, браце, на лічыльніку твайго лёсу чарговая кругленькая лічбачка… Кругленькая яна, што праўда, толькі ззаду, там, дзе куляецца колка нуліка. А сьпераду надта яна ўжо калючая, гэтая круглая лічба — не развалішся, як «вурдалак на софe», бо нешта паколвае ў бакі і ў сэрцы сьвярбіць. І хаця да тых «stu lat», што табе ня раз жадалі, яшчэ далёка, але й да гадоў, у якія калі нешта й сьвярбела, дык адно няўтольнае жаданьне жыць, любіць і ляцець наперад на злом галавы, ужо таксама ня блізка. Лёгкімі туманамі ахутаныя тыя гады, і толькі нейкая невядомая птушка адтуль, здалёк, кугікае, ці то паказваючы нам шлях да дому, ці то плачучы з дурноты нашае, ці то шкадуючы заліхвацкую маладосьць нашую.

Але гэта так — мэлянхолія. Ну што тут такога — было чалавеку 39, стала сорак? Анічагусенькі ж не зьмянілася ў тую апошнюю верасьнёўскую ноч, якая перапаўзла ў першую кастрычніцкую. «Вот и стали мы на год взрослей», — і ўсё тутака. Ну, прыйшлі госьцейкі, нешта падаравалі, нечым папіравалі, дык хіба ж гэта першыя ці апошнія госьці, хіба ж першы ці апошні пір? «Няма нічога новага пад сонцам». Так што, як звычайна робіцца, можна сабе папіраваць і пашпацыраваць, цяжка ўздыхнуўшы, да наступных круглых і някруглых лічбаў на лічыльніку лёсу — трымаць курс на «sto lat». Можна, канешне, і так….

1978-ы

1978-ы. Аўтар — справа.

Жывуць жа людзі — і пасьля трыдцаткі, і пасьля саракоўкі, і нават пасьля той самай соткі некаторыя цягнуць гэтую лямку. Жывуць і ня тужаць…

Ня тужаць? Тым, хто сапраўды ня тужыць (калі такія ёсьць), яшчэ старажытныя рымляне ўсё ж такі трохі патужыць раілі: «Memento more», маўляў, — «Памятай пра сьмерць». Праўда, надта прымушаць сябе пра яе памятаць нікому ня трэба. З таго першага моманту, калі ў цёплым і мяккім дзяцінстве перад намі адкрываецца жудасная халодная ісьціна абавязковай для ўсіх сьмерці, мы з гэтаю ісьцінаю ўжо не разлучаемся. Яна недзе дрэме ў нашай падсьвядомасьці на юбілейных пірах і ў юнацкіх палётах у сьне і на яве і раз-пораз вытыркаецца на паверхню — у сьвядомасьць, калі паралізуючы рукі і думкі, а калі надаючы несамавітае дзёрзкасьці: «Ай, адзін раз жывем».

І пра «брамы ўміручасьці» мы памяталі і ў тым далёкім, нягеглым, спатыкастым-пакручастым юнацтве сваім. Але тады гэтым думкам не давалі надта часта вылазіць на паверхню тыя пругкія сілы, што брадзілі ў целах і душах нашых, шукаючы сабе выйсьця, і тыя дзіўныя, неверагодныя падзеі, якія віравалі навакол нас кожны новы дзень, тыдзень, месяц і год. Мы памяталі пра яе, сьмерць, і ведалі, што яна нас чакае, пазіраючы на свой лічыльнік нашага лёсу. Але нам ня было часу зазірнуць на яе наш лічыльнік — трэба было жыць, лётаць, любіць і кахаць.

Каторыя так і нясуцца па жыцьці далей, мяняючы па дарозе ганарыстыя юнацкія грывы на салідныя прыстойныя прычоскі, нехлямяжыя будатрадаўскія робы на мяккія шыкоўныя піджачкі і зграбныя ёмкія камізэлькі, жывыя зубы, якія заходзяцца ад крынічнай вады, на парцэлянавую металакераміку, а дзёрзкія вялікія мары на вялікія даляры (ці на дробненькія марачкі аб вялікіх далярах і марачках). Нясуцца, але ўжо не на волі, а ў табуне і не прагна хапаючы паветра на поўныя грудзі, а зацята сапучы сабе пад нос. І гэта ім толькі здаецца, што яны нясуцца, нават калі нясуць іх празь межы і акіяны мэрсэдэсы і боінгі. Не нясуцца яны, а паўзуць. Падпаўзаюць метр за метрам, юбілей за юбілеем да тых самых брамаў, за якімі іх чакае тая, што панастаўляла паўсюды — на раўнюткіх аўтастрадах і ў шыкоўных аэрапортах — свае рэклямныя шчыты: «Memento me» — «Памятай пра мяне». Яна не мінае і публіку менш ганарлівую — аб гэтым шапочуць аблятаючыя пад кастрычніцкімі вятрамі і дажджамі бярозкі паабапал калгасных калдобінаў і бурчаць маторы дабітых аўтобусаў на абшарпаных раённых аўтавакзалах.

А іншых так дастае крык рэклямных шчытоў і шэпт прыдарожных бярэзінаў, што яны бяруцца за стрэльбу… а пасьля едуць усё ж такі з гэтаю стрэльбай паляваць на качак — бягуць, ці дакладней паўзуць далей. Метр за метрам, даляр за далярам, юбілей за юбілеем. Да брамаў.

«Как молоды мы были!» — пранізьлівай тугою прарываецца праз туманы нашага юнацтва незабыўны фальцэт. А ўсьлед за ім чуецца: «Увяданья золотом охваченный Я не буду больше молодым» — ня менш пранізьліва й тужліва. Як жа тут можна жыць і ня тужыць, калі мы сапраўды памятаем, што сапраўды былі «молоды» і сапраўды разумеем, што такімі больш ня будзем, бо добра «памятаем аб ёй»?

Жыць і ня тужыць, асабліва пасьля добра закругленых датаў ніяк немагчыма. Так што тужы, браце, сабе на здароўе. І я з табою патужу. І песьні нашыя прыгадаю, і якуцкія параходы, і тую птушку, што кугікала ў лідзкіх балацінах.

Але не магу я не сказаць табе ў гэты твой юбілей пра іншую тугу. Паслухай.

«Бо ведаем, што, калі зямны наш дом, гэтая хаціна, зруйнуецца, мы маем ад Бога жытлішча на нябёсах, дом нерукатворны, вечны.

Таму якраз мы і стогнем, хочучы апрануцца ў нябеснае наша жытлішча; толькі б нам і апранутымі не апынуцца голымі.

Бо мы, пакуль у гэтай хаціне, стогнем пад цяжарам, бо ня хочам распрануцца, а апрануцца, каб сьмяротнае паглынута было жыцьцём.

На гэта якраз і стварыў нас Бог і даў нам задатак Духа» (2 Кар. 5:1–5).

Нас стварыў Бог. Тая, што хоча, каб мы аб ёй памяталі, нас не стварала. Яна гэтага ня ўмее й ня хоча. Ёй карціць не ствараць, а раствараць людзей у сабе. І гэта яна навявае на нас тугу сваю, безвыходную, ад якой ваўком хочацца завыць. Яна й песьню патрэбную падбярэ, і пашэпча што трэба, і стрэльбу падсуне. Але НІКОЛІ НІВОДНАГА чалавека яна ў свае мяккія лапы з вострымі кіпцямі ня возьме, НІКОЛІ НІВОДНАГА яна праз свае брамы ў сваё валадарства не правядзе, калі чалавек ёй не пачне падпяваць і на яе працаваць. Яна над намі пані толькі ў тым выпадку, калі мы згаджаемся зь яе панаваньнем, яе сьпевамі, яе шэптам і яе ўмовамі. Варта ж толькі згадзіцца з тым, Хто нас стварыў, проста згадзіцца, проста Яму паверыць, і мы пачуем словы, што гучаць шмат грамчэй за «Memento more»: «Сьмерць! Дзе тваё джала? Пекла! Дзе твая перамога?» (1 Кар. 15:55)

І туга першая неўпрыкмет зьменіцца тугою другою, туга па маладосьці першай, зямной, той, што адыйшла навек, зьменіцца тугою па маладосьці другой, нябеснай, вечнай, якая пасьля таго, як прыйдзе, не адыйдзе ўжо НІКОЛІ. Бо ТАМ, за брамамі НЕўміручасьці нас чакае вечна малады Хрыстос.

І там, у маладосьці другой, сапраўднай, вечнай, мы прыгадаем сваю маладосьць першую, сваю тугу па ёй, свае юбілеі, мары і роспачы, прыгадаем свае песьні, і на вочы нам набяжыць сьляза… Хаця не. Бог сказаў, што сьлёзаў там ня будзе. Хаця і зноў жа не. Такога Бог не казаў. Ён сказаў, што «утрэ… кожную сьлязіну з вачэй». Значыць, будуць там сьлёзы? А можа гэта ня сьлёзы будуць? Можа, проста асядуць нам на твар туманы, за якімі схавалася ад нас нашая першая маладосьць?

Але як бы там ні было. Бог сказаў, што «утрэ… кожную сьлязіну з вачэй… і сьмерці ня будзе ўжо; ні плачу, ні енку, ні хваробы ўжо ня будзе, бо ранейшае прайшло» (Адк. 21:4).

А Я БОГУ ВЕРУ. БО КАМУ Ж ЯШЧЭ ВЕРЫЦЬ, ЯК НЕ ЯМУ?

Ю. Сьмiрноў


да пачаткуростанi / наступны артыкул / папярэднi артыкул


Зьвязацца з аўтарам: smirnou сьлімак laza кропка org

Заўважылі памылку? Вылучце яе мышшу і націсьніце Ctrl+Enter. Зробім мову і пунктуацыю чысьцей, а факталёгію і тэалёгію дакладней :-)!