LAZA
Ростані
Содержание
Contents


«Вы чулі, што сказана продкам: „Не забівай“», — сказаў аднойчы Ісус.

«Вы чулі?» — запытаўся Ён.

Ня чулі. Ня чулі драгуны і уланы, якія прыйшлі на Каўказ з Масквы, Пецярбургу і, магчыма, Вільні шмат год таму. Ня чулі тыя, хто паляваў на прыхадняў у родных каўкаскіх гарах. Ня чулі тыя, хто стаяў з ружжом ля вагонаў, у якіх паміралі без вады, бязь ежы і бяз мамы з татай чачэнскія дзеці, ня чулі тыя, хто пароў жываты дзятдомаўцам, прывезеным на апусьцелыя каўкаскія землі, і пхаў ў іх кукурузу. Ня чулі тыя, хто хваліўся ўзяць Грозны за некалькі дзён, а пасьля некалькі год біў у гэтым Грозным усіх без разбору — сваіх і чужых. Ня чулі тыя, хто рубіў пальцы і галовы безабаронным палонным і пакаваў мяхі з гексагенам. Ня чуюць тыя, хто зараз у чысьценькім мундурчыку з бліскучымі зоркамі абяцае бамбіць, біць, душыць, «мачыць».

Людзі не пачулі, не дачулі, не захацелі чуць тое, што сказана продкам яшчэ да Ісуса. Яны чуюць «Рэха Масквы», «Радыё Бі-Эй», «Радыё Свабода», чуюць песьні, навіны і палымяныя прамовы, а гэтых двух словаў: «Не забівай», ня чуюць.

Ня чуюць і забіваюць. Забіваюць з густам, са смакам. Уменьню забіваць хутчэй і больш вучацца ў цэнтрах падрыхтоўкі тэрарыстаў і ваенных акадэміях імя Фрунзэ (які таксама добра умеў забіваць).

Забіваюць, ды яшчэ й спасылаюцца пры гэтым на Біблію, маўляў: «Вока за вока і зуб за зуб». Значыць, нешта ўсё ж такі з Божых словаў чуюць? Не-а, ня чуюць. Бо якое ж гэта вока за вока, калі за зьдзейсьненае нелюдзямі яшчэ невядомай нам нацыянальнасьці, якіх яшчэ ніхто не злавіў, пад бомбамі гінуць чачэнскія і дагестанскія дзеці й старыя, што пасьцяць сваіх авечак? Ніякае гэта не «вока за вока», ніякая гэта ня Біблія. Гэта — баль сатаны.

І ніякая гэта не барацьба з вахабізмам і радыкальным ісламізмам. І тыя, што зь іншага боку, не змагаюцца зь ніякімі нявернымі. Той, хто сапраўды хоча змагацца зь нелюдзямі, з радыкаламі, тэрарыстамі, з вахабітамі ці з рускімі акупантамі, — зь якімі заўгодна ворагамі сваімі, нічога не даб’ецца, покуль ня возьмецца за самую магутную зброю, аб якой ня вучаць у ваенных акадэміях і тэрарыстычных цэнтрах і аб якой той самы Ісус аднойчы сказаў так: «А Я кажу вам: любеце ворагаў вашых, дабраслаўляйце кляцьбітоў вашых, рабеце дабро ненавісьнікам вашым і малецеся за крыўдзіцеляў вашых і за ганіцеляў вашых». Робячы усё іншае, апроч гэтага: апроч любові, дабраславеньняў, дабра і малітваў за забойцаў, мы проста дапамагаем забойцам забіваць, самі становячыся забойцамі і плодзячы новых забойцаў.

Я нічога ня ведаю пра газават і джыхад, апроч іх вынікаў — лютай нянавісьці і трупаў. Але я ведаю, што Каран пачынаецца са словаў: «Бісмі ллахі ррахман ррахім». «У імя Аллаха літасьцівага і міласэрнага». Беларусы так упадабалі арабскае слова «рахман», што ім яго нават і перакладаць ня трэба. Яны гэтае слова пачулі ад татараў, што некалі прынесьлі з сабою на нашу зямлю сваю веру. Чаму ж ня чуем мы словаў Бога рахманага, літасьцівага і міласэрнага, якія Ён сказаў усім народам праз продкаў іх: «Не забівай»? Чаму ж мы, тыя, хто лічыць сябе хрысьціянамі, ня чуем словаў Сына гэтага Бога, які быў не проста прарок, як лічыць Каран, а Сам быў Богам? Ён нагадаў нам словы, сказаныя продкам: «Не забівай», і растлумачыў, што забойствы пачынаюцца там, дзе пачынаецца нянавісьць і помста нашая, — у сэрцах нашых. А пасьля зноў просіць нас: «Не забівай».

Павер Богу. Не забівай, бо заб’юць цябе. Не забівай нікога у сэрцы сваім нянавісьцю сваёй. Не забівай. Тады й цябе ніхто не заб’е. Нават, калі заб’е. Бо ты будзеш вечна жыць з рахманым і міласэрным Богам і Сынам Яго, Ісусам Хрыстом.

Ю. Сьмiрноў


да пачаткуростанi / наступны артыкул / папярэднi артыкул


Зьвязацца з аўтарам: smirnou сьлімак laza кропка org

Заўважылі памылку? Вылучце яе мышшу і націсьніце Ctrl+Enter. Зробім мову і пунктуацыю чысьцей, а факталёгію і тэалёгію дакладней :-)!