— Дык ты, бабка, ня ведаеш, чаго мы на сьвеце жывём?
— Не, панічок, ня ведаю! Каб вы запыталіся ў дрэва, чаму яно расьце, дык хіба ж бы яно вам адказала? Так і я не магу адказаць вам. Жывём, покі жывецца, бо жывы ў зямлю не палезеш, а прыйдзе сьмерць, тады пахаваюць.
— Так, бабка: ты кажаш праўду. Не ведаем мы, чаго на сьвеце жывём.
— А навошта, панічыку, і ведаць? Жыве чалавек і жыве, пакуль бог яму прызначае. А прыйдзе час яму памерці — памрэ.
— А дрэнна, бабка, што трэба ўміраць!
(Я.Колас. На ростанях.)
Мы, беларусы, любім дрэвы. Мы разумеем, аб чым шэпчуцца вясною явар з калінаю і чаму маўчаць на марозе шумныя бярозы, мы выразаем імёны веранік і іншых беларусачак «на ліпе ў кары», у нашых пушчах гінуць чужынскія войскі і «союзы нерушимые республик свободных», нам кружаць галовы веснавыя пахі вішнёвага саду і зімовыя — прынесенай у хату елкі… Нават назвы гарадоў і вёсак, рэк і азёраў у нас спрэс драўляныя: на захадзе польскім акцэнтам шапаціць Іўе, на ўсходзе сьвiціцца наскрозь у промнях узыходзячага сонца Дуброўна, на поўдні злавесна маўчыць змрочны з 86-га года Ельск, на поўначы бярэ свой выток гнуткая Бярэзіна, а ў самым цэнтры, каля вечнага агню, шапоча і гудзе на ўсіх чатырох вятрах Круглай плошчы кафэ «Бярозка».
Мы вельмі любім дрэвы. Нейкія ненатуральныя і нездаровыя пачуцьці апаноўваюць беларуса ў прывольным стэпе, на бязмежным моры, у прыватным самалёце, на вяршынях гор і Астанкінскіх ці Эйфелевых башняў — бязглуздай шырыні хочацца, наркатычнай пустой велічы. Але гэтая дурнота мінае, як няўлоўная «gloria mundi». І зноўку прыходзяць жаданьні тыпова беларускія — зашыцца ў гушчар ельнічку, паляжаць аблогам на бярозавым пагорку, утыркнуць у безнадзейны жвір на лецішчы яшчэ адну загадзя асуджаную на скон дзеравіну.
Нас прывозяць з раддомаў у драўляна-фанерныя ложачкі і празь некалькі год ці дзесяцігодзьдзяў кладуць у драўляныя ж дамавіны. Мы ўсё дзяцінства выцягваем стрэмкі з рук, ног і іншых далікатных месцаў, усё юнацтва палім вогнішчы ў сасоньніках і бярэзьніках і рэшту год сваіх не разлучаемся з дрэвамі.
У нас нават начальнікі ўсе — дубы. Дружнай чарадою шчыльна стаяць навакол, зьліваючыся з небасхілам. Гэта ў некага там «вода, вода, кругом — вода», а кругам нас — дрэвы, дрэвы…
І ў чым жа яшчэ было шукаць сэнс жыцьця Лабановічавай бабцы, як ня ў лёсе дрэваў? І нічога іншага ня здолеў сказаць на тое і беларускі інтэлігент, як толькі: «Так, бабка: ты кажаш праўду. Не ведаем мы, чаго на свеце жывём». Неадукаваная паляшучка-шаптуха і прагрэсіўны адраджэнец-асьветнік, не спрачаючыся, згадзіліся, што паміж лёсам волатаў беларускай думкі і лёсам чэзлых прыдарожных бярэзінаў прынцыповай розніцы няма. Нават і Бога пры гэтым прыгадалі. Праўда, з маленькай літары. Напэўна, маленечкі нейкі ў беларуса бог — усяго толькі бажочак, які ці то ад боязі ня хоча, ці то ад немачы ня можа даць гэтаму самаму беларусу больш сэнсу існаваньня, чым паточанай шашалем хвойцы ў парку Чалюскінцаў ці ачмурэламу ад газаў прыдарожнаму ясеню на вуліцы Ваўпшасава, якому за патаемныя злачынствы рэгулярна адрубаюць пад корань рукі.
І ня моліцца беларус гэткаму богу, не размаўляе з ім. Які ў гэтым сэнс, калі сам той бог з ім не размаўляе? А тым, хто кажа, што чуе голас гэтага кволага бога і ад яго імя прамаўляе, беларус таксама ня надта верыць. Бо глядзіць ён на свае любыя дрэвы, а…
«Скрозь вяночкі дрэў вясёла Над мястэчкам ці сялом Цэрквы, стромкія касьцёлы Вежы ўзносяць к небясом. А званіцы перад святам У касьцёл, царкву завуць, Каб «прад богам і прад братам Віны ўсе свае пачуць». Родны край! у божа імя, У чэсць косьцелаў, царквоў Паміж дзеткамі тваімі Многа легла камянёў; Многа выйшла трасяніны — Меч, агонь зьнішчалі край: З двух бакоў «айцы» дубінай Заганялі нас у рай! Кроў лілася ручаямі, Здрада чорная расла, Што папамі і ксяндзамі Ў сэрцы кінута была. І цяпер над намі, брацьце, Яшчэ ў сіле той раздор — І папоўскае закляцьце, І ксяндзоўкі нагавор».
Гэтыя радкі з «Сымона-музыкі» напісаныя тою ж рукою, што і дыялог бабкі і настаўніка. А рука гэтая належала ўсё ж такі песьняру, якога ўсе лічаць народным і імем якога станцыі метро і плошчы, на якіх ЦУМ стаіць, называюць. І, нягледзячы на тое, што ў нас 80 працэнтаў праваслаўных і ня менш каталікоў (мяркуючы па дружным святкаваньні абодвух Вялікадняў і Святаў Божага нараджэньня), нешта я ня чуў, каб нехта з гэтых ста шасьцiдзесяцёх працэнтаў абвінавачваў паэта ў паклёпніцтве на «карані нашай духоўнасьці». Нават і ня ведаю, што тут сказаць. Можа, страшна вымавіць, і няма ў нас гэтай духоўнасьці? Ды й то падумаць, якая духоўнасьць можа быць у дрэваў? Прыгажосьць — так. Карысьць — так. Але духоўнасьць…
Так што, калі дзядзька Колас меў рацыю, то і сэнсу ў нашым жыцьці ня больш, чым у жыцьці экспанатаў Батанічнага саду, і бог у нас нейкі нягеглы, і тыя, хто гэтаму богу служаць, толькі зьнішчаюць, а ніяк ня выратоўваюць край.
І на жаль, прыходзіцца згадзіцца, што ўсё гэта праўда — і наконт батанічнага жыцьця нашага, і наконт служкаў божых, што заганяюць кожны ў свой «рай» дубінаю, і нават наконт немачнага беларускага бога з маленькай літары. Якуб Колас сапраўды народны паэт і піша так, як думае народ. Дамінанта беларускага духоўнага жыцьця — тужліва безнадзейная і велічна прыгожая ў сваёй безвыходнасьці песьня «ад роднае зямлі, ад гоману бароў».
Але праўда ўсё гэта выключна тады, калі глядзець толькі на дрэвы, калі пытацца пра Бога толькі ў бабак-шаптух і тых, хто, прыкрываючы імем Бога свае ня надта каб чыстыя справы, служыць ня Богу, а сабе ці сваім гаспадарам (такія служкі ёсьць і ў цэрквах, і ў касьцёлах, і ў малельных дамах). А давайце-тка глянем не на стромкія хвойкі, а трошачкі ніжэй. Давайце хоць раз у жыцьці пашукаем Бога не на стромкіх касцёлах і званіцах, а таксама трошачкі ніжэй — у той кнізе, якую Скарына перакладаў.
Дык што там у нас пад хвойкамі? А вось што разгледзеў пад імі той жа Колас:
«А зьнізу гэты лес кашлаты Меў зелянюсенькія шаты Лазы, чаромхі ці крушыны, Алешын ліпкіх, верабіны. Глядзіш, бывала, і здаецца, Што скрозь сьцяну галін жывую, Скрозь гэту тканку маладую Ні мыш, ні пташка не праб’ецца».
А што ж там у нас у Бібліі?
«Я — Лаза, а вы галіны; хто застаецца ўва Мне, і Я ў ім, той родзіць многа
плоду, бо безь Мяне ня можаце рабіць нічога».
Гэта кажа галоўны герой Кнігі — ня немачны, а Усемагутны Уладар сусьветаў Бог Ісус Хрыстос.
Пад дрэвамі беларускімі і на старонках Бібліі расьце лаза са сьцяною жывых галінаў.
Што праўда, на Беларусі і ў Юдэі лаза розная.
Ісус гаварыў пра лазу вінаградную, якая ў нас калі дзе на Брэстчыне і дае нейкі плён, то больш эстэтычны, чым практычны. Пакаштаваўшы беларускага вінаграду, вочы заплюшчыш не ад асалоды, а ад аскомы.
Да таго ж, у Юдэі ці ў Грузіі «лаза» — гэта жыцьцё і радасьць, на Беларусі «лаза» — гэта голы дзіцячы азадак і слёзы. І плачуць ня толькі выхвастаныя лазою беларусяняткі. Плачуць і самі беларускія лозы. Зноў Якуб Колас:
«О, край родны, край прыгожы! Мілы кут маіх дзядоў! Што мілей у свеце божым Гэтых сьветлых берагоў… …Дзе увосень плачуць лозы, Дзе вясной лугі цьвітуць, Дзе шляхом старым бярозы Адзначаюць гожа пуць?»
Але няхай сабе яна не такая, няхай сабе яна плача, няхай сабе беларускія лозы ня гнуцца ад гронкаў вінаграду. Галоўнае, што лаза ёсьць — яе бачыў Колас, яе можам убачыць і ўсе мы. Але што нам з таго? Ну ёсьць і ёсьць. Выратаваньня беларусы чакалі і чакаюць не ад гэтай гнуткай і нявертыкальнай лазы, а ад нейкага маладога, гонкага і строга вертыкальнага яcакара, які некалі праб’ецца праз шчыльную хэўру павязаных агульнымі злачынствамі дубоў-начальнікаў, парубіць усе дубы «на гробы» і зьверху наладзіць бяздубовую справядлівасьць для ўсіх зёлак і найменшых травіначак.
Але пры больш уважлівым поглядзе на ўсіх беларускіх «ясакараў» кідаліся ў вочы тыпова дубовыя контуры лісьця, падазроныя на ясакары жалуды, і высьвятлялася, што былі ясакары гэтыя нічым іншым, як тымі самымі дубкамі, дубочкамі і дубаломамі.
Дык, можа, годзе нам спадзявацца на дрэвы і разам з бабкамі-шаптухамі шукаць свой лёс у дэндрарыях і пушчах? Імперыі там загінуць могуць, але вольныя краіны нарадзіцца — наўрад. Браткі-беларусы, ужо 1999 год буяе на сьвеце «сапраўдная Вінаградная Лаза», ня немачны, з маленькай літары, а Магутны, зь літары вялікай, Бог — Ісус Хрыстос, Які прынёс збавеньне ўсім і ад усяго: і ад дубоў-начальнікаў, і ад драўляных дамавінаў, і, што самае галоўнае, ад нас саміх!
І да гэтага Бога можна зьвяртацца напрамую, без пасрэднікаў, так, як зьвяртаўся, напрыклад, нейкі Асаф: «Божа! навярні нас; няхай зазьзяе аблічча Тваё, і ўратуемся! Госпадзе, Божа сіл! дакуль будзеш гнеўны да малітваў народу Твайго? Ты накарміў іх хлебам сьлёзным, і напаіў іх слязьмі, у вялікай меры, паклаў нас супярэчкаю нашым суседзям, і ворагі нашыя зьдзекуюцца… Навошта разбурыў ты агароджу яе (лазы), так што абскубваюць яе ўсе, хто ідзе па дарозе? Лясны вепр яе падкопвае, і зьвер польны яе аб’ядае. Божа сіл! азірніся, паглядзі з неба і ўбач, і наведай вінаграднік гэты» (Псальма 79).
А тое, што на нашым вінаградніку вінаград нясмачны, таксама не навіна, і той Кнізе, што Скарына перакладаў, таксама пра гэта ёсьць што сказаць: «Бо вінаград іх ад вінаграднай лазы Садомскай і з палёў Гаморскіх; ягады іх ягады атрутныя, гронкі іх горкія; віно іх атрута драконаў і сьмяротная труцізна асьпідаў» (Другапраўе 32:32). Паліцы нашых крамаў ламаюцца ад пляшак з гэтай атрутай драконаў і сьмяротнай труцізною асьпідаў зь нябачным надпісам «Made in Sodom and Gomorrah».
Колас казаў, што «айцы» заганялі нас у рай дубінай. Наш Бог трымае ў руках ня дубіну, а Лазу. І можа яе, гэтай Лазы «даць», што не заўсёды прыемна. Але нават даючы лазы, Ён нас любіць, і нікуды — ані ў рай, ані ў пекла не заганяе. Мы самі ідзем, а то й бяжым, хто куды хоча. Ці самі сабе пекла ствараем у райскай старонцы, не чакаючы канца свету. А таго Бога, які дубіну ў рукі не бярэ, лічым немачным, і баімся не Яго, а амапаўца, у якога ў руках тое, што трэба.
Але былі і ёсьць на Беларусі людзі, якія сапраўды лічаць гэтага Бога ня немачным, а Магутным. Ім ня ставяць помнікаў і не называюць іх імёнамі плошчы, на якіх стаяць ГУМы і ЦУМы. Гэтых помнікаў ім і ня трэба. Іх помнікі ў радках: аб Беларусі, аб лозах, аб Магутным Богу…
Ёсьць на Беларусі людзі, якіх забіраюць за краты проста з заняткаў па вывучэньні той самай Бібліі.
І былі і ёсьць на Беларусі людзі, якія бачылі і бачаць у сваім родным куце, што ім вельмі мілы, ня толькі дубоў і явары з калінамі, але і Лазу, безь якой чалавек ня можа рабіць нічога, безь якой ён — дрэва, што ня ведае, чаго жыве, і памірае толькі дзеля таго, каб згарэць ці спарахнець.
Гэтых людзей ніколі ня было 80 працэнтаў. Іх голас ніколі надта моцна ня чуўся ў касьцёлах, цэрквах і малельных дамах. І ў нас сапраўды «плачуць лозы», плача Хрыстос. Але вечназялёная Лаза можа даць «сьцяну галін жывую», празь якую не праб’юцца шаптухі і шаптуны, закляцьці і нагаворы і ніводзін немачны і жалю варты бог з маленькай літары, хоць і з гучнай назваю.
…А можа нашая папараць-кветка — гэта і ёсьць Лаза? Проста не давалі нам чытаць Біблію, вось і прыдумалі мы сабе гэтую няіснуючую кветку, якая цьвіце раз у год невядома для каго і невядома дзе. А Лаза ціха сабе расьце — круглы год, для ўсіх і паўсюды. І галіны гэтай Лазы могуць распусьціцца ў Іўі, у Дуброўне, у Ельску, на берагах Бярэзіны і нават у кафэ «Бярозка».
І Беларусь можа засьпяваць ад роднае зямлі, ад гоману бароў пра Бога Магутнага, а ня немачнага! І абавязкова засьпявае!
Калi гучыць «Магутны Божа»
Калi гучыць «Магутны Божа», гатоў я ўпасцi на каленi. Бог — толькi Бог! — нам дапаможа знайсьцi шляхi да вызваленьня
Да вызваленьня душ i думак ад ненавiснага прыгнёту. Каб кожны мог з грахамi клумак шпурнуць у д’яблава балота.
Каб у духоўным землятрусе, ў Хрысьце знайшоўшы ўратаваньне, прынесьлi людзi Беларусi за ўсе правiны пакаяньне.
I слаўна пойдзе ўсё ды спраўна. I заквiтнее край наш гожа. I загучыць як Гiмн Дзяржаўны сьпеў нашых душ — «Магутны Божа».
Зьвязацца з аўтарам: smirnou сьлімак laza кропка orgЗаўважылі памылку? Вылучце яе мышшу і націсьніце Ctrl+Enter. Зробім мову і пунктуацыю чысьцей, а факталёгію і тэалёгію дакладней :-)!