Што ж нам кажа Нагорная Казань? Што кажа Ісус Хрыстос праз стагодзьдзі нам — тым, хто жыве ў іншых абставінах, размаўляе на іншай мове, апранаецца інакш, мае іншыя правілы этыкету, чым старажытныя габрэі, якія дзьве тысячы год таму жылі ў Палестыне, акупаванай магутным Рымам? Што можа нам сказаць нехта, хто жыў тады, калі не было тэлефонаў, радыё, кампутараў, пэйджэраў і «Спрайту»? Ці трэба турбавацца і ўсур’ёз успрымаць тое, што было напісанае для іншых часоў і для іншых людзей, цёмных, неадукаваных, недалучаных да цывілізацыі? Гэта яны маглі паверыць у цуд бязгрэшнага зачацьця, у тое, што нехта мог хадзіць па вадзе і ўваскрашаць мёртвых, але ці можам усё гэта ўспрымаць усур’ёз мы? Менавіта так нас і запытаў аднойчы, калі мы яшчэ мелі эфір, наш слухач Уладзімір: «Вы што, усур’ёз гэтаму верыце?»
Мы што, усур’ёз гэтаму верым?..
Мы дзякуем тым слухачам, якія вераць гэтаму ўсур’ёз. Дзякуем ім за тое, што яны, самі таго ня ведаючы, трымаюць нас сваёй вераю ўва ўсё «гэта», гэта значыць у абсалютную ісьціннасць усіх да адзінага словаў Ісуса Хрыста. Пры абсалютнай адсутнасьці ў нас прафесіяналізму ў радыёвяшчаньні мець нейкую аўдыторыю мы можам толькі дзякуючы веры — нашай і вашай.
Мы дзякуем тым слухачам, якія зьдзіўляюцца, як усяму «гэтаму» можна верыць усур’ёз. Дзякуем за шчырасьць тым, хто тэлефанаваў і пытаўся, ці верым мы ўсур’ёз у тое, што гаворым. Дзякуем за хаця б мінімум увагі тым, хто слухае нас, ня верачы «гэтаму» ўсур’ёз. Але больш за ўсё мы дзякуем менавіта тым, хто ня можа паверыць гэтаму «ўсур’ёз», але ўсё ж такі чамусьці слухае перадачу за перадачай, слова за словам. У першую чаргу нашыя перадачы для іх і нашыя малітвы за іх.
Сёньня мы падыйшлі да ўрыўку, які сапраўды амаль немагчыма ўспрымаць усур’ёз у нашыя дні. Сёньня, калі ў любой газэце можна ўбачыць у праграме тэлебачаньня ўжо звыклыя словы «Эратычныя шоў сьвету» ці «Плэйбой», калі ў метро і шапіках свабодна і бессаромна ляжаць такія фотаздымкі, часопісы, карты і бірулькі для ключоў, якія год дзесяць таму калі нехта і меў, дык саромеўся паказаць нават блізкім сябрам, сёньня несур’ёзнымі могуць здацца словы Ісуса:
«Вы чулі, што сказана продкам: „Ня чыні пералюбу“.
А Я вам кажу, што кожны, хто глядзіць на жанчыну з пажадаю, ужо ўчыніў пералюб зь ёю ў сэрцы сваім.
Калі ж правае вока тваё спакушае цябе, вырві яго і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлесаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геену.
І калі правая твая рука спакушае цябе, адатні яе і кінь ад сябе; бо лепей табе, каб загінуў адзін з чэлесаў тваіх, а ня ўсё цела тваё было ўкінута ў геену».
Калі ўспрымаць усур’ёз гэтыя словы, то немагчыма ўспрымаць усур’ёз нашае тэлебачаньне, нашыя анекдоты, нашыя жарты. Сёньня людзі сапраўды могуць згадзіцца зь Ісусам толькі ў першым сказе: «Вы чулі, што сказана продкам: „Ня чыні пералюбу“».
Гэта для продкаў, гэта не для нас. Сэкс па-за шлюбам падрабязна апісваецца ў сотнях больш і менш прыстойных выданьняў, газэты зь мільённым накладам, як напрыклад «Аргументы і факты», друкуюць артыкулы аб тым, што мець палюбоўніка ці палюбоўніцу нават карысна, дапамагае мець псіхалагічную разгрузку. ГЭТАМУ людзі вераць усур’ёз, не задумваючыся. Можа, трохі чырванеючы, але не задумваючыся.
І абсалютна зразумела, што ўсур’ёз можна верыць толькі аднаму з двух — ці таму погляду на шлюб і сэкс, якому вучаць «Эратычныя шоў сьвету», ці таму, якому вучыць Ісус Хрыстос, незалежна ад таго, лічыце вы яго міфам, чалавекам ці Богам.
Тыя, хто абірае першы погляд, могуць адпачыць. Далей мы хацелі б паразмаўляць з тымі, хто ўсё ж такі адчувае, што нешта тут ня так, і не імкнецца выканаць параду завесьці сабе «жывую псіхалагічную разгрузку».
Па-першае, паважаныя, мы нічым ня лепшыя за найгоршых распусьнікаў. Гэта не трызьненьне і не сакрэт. Кожнаму дастаткова заглянуць у сваё сэрца і моўчкі прызнацца ў тым, што зь ім робяць яго вочы і рукі. Ісус кажа, што сэксуальны грэх у думках роўны сэксуальнаму грэху наяве, роўны па сіле жаданьня, па імпульсе, па сутнасьці. Але, канешне ж, рэзультат (паводзіны) ў распусьнікаў і прыстойных людзей абсалютна розныя. Сярод вас шмат такіх, хто грашыў толькі ў думках, у фантазіях, але ніколі не дапусьціў сябе да грэху рэальнага, на справе, на яве. Чаму?
Бо ёсьць тармазы. Ёсьць сорам — перад бацькамі, перад грамадзтвам і яго нормамі, перад уласным сумленьнем. Гэта адна супрацьвага, адзін тормаз. Але мы можам даць вам лепшую параду, навучыць карыстацца яшчэ адным механізмам, які ў спалучэньні з тормазам будзе нашмат больш эфектыўны, чым толькі адзін тормаз, ці нават некалькі тармазоў. Бо калі заганяць свае грахоўныя жаданьні і спакусьлівыя фантазіі ў сябе, як у скараварку, няма гарантыі, што гэтая скараварка вытрымае і не адбудзецца выбуху. І тут нават горш будзе, калі ў цябе шмат тармазоў, калі ў скараваркі моцная накрыўка. Тым мацнейшы можа адбыцца выбух, тым цяжэйшыя аскепкі разьляцяцца ў розныя бакі.
Дык што ж гэта за механізм, які дазволіць нам выпусьціць пару?
Пакаяньне, прызнаньне сваёй разбэшчанасьці, няхай сабе толькі ўнутранай, а не вонкавай. Мы ўсе распусьнікі. Паслухаем Біблію:
«Калі кажам, што ня маем грэху, — ашукваем самі сябе, і праўды няма ў нас».
Паслухаем наступныя словы: «Калі ж вызнаём грахі нашыя, дык Ён, верны і праведны, даруе нам грахі (нашыя) і ачысьціць нас ад усякай няпраўды».
Даруе… Ачысьціць… Ісус ня хоча, каб мы вырывалі сабе вочы і адразалі рукі, хаця і раіць гэта рабіць, калі ў воку ці руцэ справа. Але ж справа ня ў воку і ня ў руцэ. І сьляпыя і бязрукія ня менш спакушаюцца грахамі плоці, чым абсалютна здаровыя. Ісус хоча, каб мы вырвалі ці, дакладней, пастаянна вырывалі грэх са сваіх сэрцаў, пастаянна праполвалі свае сэрцы ад грэшных думкаў і пажаданьняў. Як сказаў Марцін Лютэр: «Мы ня можам перашкодзіць птушкам пралятаць над нашымі галовамі, але можам перашкодзіць ім зьвіць гняздо ў нашых валасах». Мы ня можам поўнасьцю пазбавіцца спакусаў плоці, але мы можам і павінныя не абсмоктваць тыя грэшныя думкі, якія да нас прыходзяць.
Але, каб гэта прынесла нейкі плён, вы павінныя ўсур’ёз паверыць у тое, што Аўтар гэтых словаў быў і ёсьць рэальнаю асобаю, паверыць усур’ёз, што Ён мае сілу дараваць грахі, інакш перад кім жа вы будзеце каяцца? Перад сабою? Грэшны перад грэшным? Сьляпы перад сьляпым? Глухі перад глухім?
Не, трэба ўсё ж такі паверыць усур’ёз. Так, як верым мы і яшчэ тысячы і тысячы людзей. Дай вам гэтага Бог.