LAZA
Ростані
Содержание
Contents

У пяску Бога няма


(Мацьвея 5:23–26)

Мінулы раз мы гаварылі паміж іншым пра тое, што людзі маюць непераадольную звычку людзей дзяліць. Гэты занятак як наркотык, дзяліць людзей можна бясконца. Напрыклад, усё чалавецтва падзяляецца на дзьве катэгорыі — тых, хто слухаў нашыя праграмы, і тых, хто іх ня слухаў. Але можна працягнуць і далей — сярод тых, хто слухаў, ёсьць тыя, каго завуць Саша і тыя, каго Сашаю не завуць; сярод Сашаў ёсьць тыя Сашы, якія шалеюць ад, напрыклад, «Іванушак International», і тыя, каго ад гэтых самых «Іванушак International» ванітаваць цягне… І гэтак далей, пакуль не дадзелімся да аднаго-адзінага Сашы.

Гэтую звычку дзяліць людзі пераносяць з сабою і ў сваё духоўнае жыцьцё. Мы нават ня будзем гаварыць тут пра падзелы ў хрысьціянстве, настолькі вядомая ўсім гэтая бяда, гэтая найвялікшая загана хрысьціянства ў яго сучасным выглядзе. Гэта ўжо вынік, а адна з прычынаў у тым, што нам хочацца зрабіць сваю веру справай асабістай, інтымнай, да якой ніхто не датыкаўся б сваімі бруднымі грэшнымі рукамі.

«Я маю Бога ў душы і няма мне патрэбы хадзіць у ніякую царкву, бо мяне там ніхто не зразумее». Вельмі часта можна такое пачуць. Ва ўсе вякі існавала мода на эзатэрычнасьць, гэта значыць на нейкія патаемныя духоўныя веды, якія не для ўсіх даступныя.

Гэта натуральная звычка, якая выцякае з натуральнай прыроджанай цэнтрабежнай сілы, якая сядзіць у кожным. Кожнаму карціць адасобіцца ад іншых, самавызначыцца, знайсьці нешта сваё, адметнае. Як у музыцы, у адзеньні, так і ў веры, ці ў тым, што людзі завуць вераю.

Але, прабачце, гэта з хрысьціянствам ня мае анічога агульнага. Так, Бог ня хоча з нас рабіць натоўп, які апрануты ў аднолькавыя шэрыя робы, які слухае адныя і тыя ж сьпевы і размаўляе аднымі і тымі ж словамі. Але Бог ня хоча і нашай ізаляцыі. Ён, як кажа Біблія, «зруйнаваў перашкоду пасярэдзіне» паміж намі. «Няма ўжо Юдэя, ні язычніка; няма раба, ні вольніка; няма мужчынскага полу, ні жаночага: бо ўсе вы адно ў Хрысьце Ісусе». Юдэя з кітайцам ня зблытаеш, жабрака зь міністрам таксама, а тое, што мужчына адрозьніваецца некаторымі дэталямі ад жанчыны, вядома нават у малодшай групе дзіцячага садку. Так што Бог ня мае тут на ўвазе уніфікаванасьці зьнешняй — нават калі некаму вельмі хацелася зрабіць усіх аднолькавымі, людзі ўсё роўна заставаліся рознымі, ад гэтага нікуды ня дзецца. Бог супраць ізаляцыі, падзелаў, супраць шавінізму, як юдэйскага, так і беларускага, супраць класавай выключнасьці як пралетараў, так і буржуа, супраць вар’яцтва як фемінізму, так і дыктатуры мужчынаў.

Няма вучэньня, сьветапогляду, больш зьвязанага з рэальнасьцю, чым хрысьціянства. Ісус кажа пра нас: «Яны не ад сьвету», але адразу ж дадае, зьвяртаючыся да Бога Айца: «Не прашу, каб Ты ўзяў іх ад сьвету». У Бога няма для нас такога плану. Мы павінны ўсё бачыць, усё чуць, на ўсё рэагаваць. Рэагаваць ня так, як сьвет, але і ня прымружваць вочы, гледзячы на злачынствы, нахабства зла, зьдзек над справядлівасьцю і ўвогуле на ўсё.

У Нагорнай Казані Ісус папярэджвае нас супраць гэтай хрысьціянскай «звышдухоўнасьці», адарванасьці ад сьвету, адарванасьці ад бліжняга свайго. Ён кажа: «Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супроць цябе, пакінь там дар твой перад ахвярнікам, і ідзі сьпярша памірыся з братам тваім, і тады прынясі дар твой».

«Ня будзь занадта духоўны, занадта заняты малітвамі і царкоўнымі справамі,  — кажа Ісус. — Мне не патрэбныя твае малітвы і прыгожыя словы, калі ты забыўся, ці зрабіў выгляд, што забыўся на твой канфлікт з братам тваім». Падкрэсьлім, нават «калі брат твой мае нешта супроць цябе», нават калі ён, гэты самы брат, ня мае рацыі.

А для тых, хто дрэнна зразумеў, што значыць «не ад сьвету, але ў сьвеце», Ісус дадае просты аргумент: «Мірыся з праціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе зь ім, каб не аддаў цябе праціўнік судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе слузе, і ня ўкінуў цябе ў цямніцу; праўду кажу табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кандрата». Кажуць, што калі ты ня будзеш займацца палітыкаю, палітыка зоймецца табою. Так і тут — калі мы ня будзем займацца сваімі канфліктамі, ня будзем зьвяртаць увагі на іншых, — гэтыя канфлікты, гэтыя іншыя зоймуцца намі. І выйдзем мы зь цямніцы бяз шнуркоў і ня ў лепшым выглядзе. Хаця ўсё-ткі выйдзем, калі аддамо ўсё — сваю фанабэрлівасьць, свой шавінізм, сваю класавую нецярпімасьць, свой фемінізм і максімалізм.

Бог якбы ляпае па плячы тых, хто занадта рана адчуў сябе ў «сямі тысячах над зямлёю», хто лічыць сябе далёка зайшоўшым у адносінах з Богам. Ён кажа такім: «Дружа, ты яшчэ і не пачынаў жыць са мною. Кінь гэтую лухту, якую ты называеш малітваю. Я яе ня чую. Расчысьці тыя завалы праблемаў, якія нагрувасьціліся ў табе. Выкінь свае шавінізмы, сваю выключнасьць, кінь глядзець толькі на сябе і шукаць Мяне, Бога там, у тваёй душы. Я звонку. Я там, дзе твой брат, які на цябе точыць зуб, Я навокал цябе. І калі ты будзеш шукаць мяне не ў сабе, а там, дзе Я ёсьць, мы разам расчысьцім усе завалы праблемаў, якія і навакол цябе. Усе гэтыя праблемы для Мяне — no problem».

Азірніся навокал, ня будзь страўсам, які хавае галаву ў пясок і там шукае Бога. Шукай Яго побач, Ён блізка ад цябе.

Мы шчыра спадзяемся, што зможам дапамагчы табе ў гэтым.

Ю. Сьмiрноў


да пачаткуростанi / наступны артыкул / папярэднi артыкул


Зьвязацца з аўтарам: smirnou сьлімак laza кропка org

Заўважылі памылку? Вылучце яе мышшу і націсьніце Ctrl+Enter. Зробім мову і пунктуацыю чысьцей, а факталёгію і тэалёгію дакладней :-)!