Недзе ў 60-е ці 70-е гады па тэлебачаньні ішла праграма вядомага палітычнага аглядальніка «Соль зямлі амерыканскай». Размова там ішла пра Анджэлу Дэвіс, Гэса Хола і іх аднадумцаў. Ідэя была простая і зразумелая, пададзеная з пафасам і полымем. Назва праграмы на ідэю працавала вельмі добра. Таму яна мне, напэўна, і запомнілася.
І ня ведаў я ў тыя ўжо далекаватыя гады, адкуль узяў Валяньцін Зорын гэтыя словы — «соль зямлі». І нават не здагадваўся я, што аўтар словаў, ужытых у назьве тэлепраграмы, наўрад ці згадзіўся б з тым, што сольлю зямлі, хай сабе нават і амерыканскай, зьяўляюцца пасьлядоўнікі нейкай палітычнай партыі, да таго ж, з трошачкі крывавым колерам.
Бо аўтар гэтых словаў — «соль зямлі» — Ісус Хрыстос.
І, каб зразумець, каго Ён лічыў сольлю зямлі, трэба прыгадаць, што Ісус сказаў гэтыя словы да ўбогіх духам, плачучых, лагодных, прагнучых праўды, міласэрных, чыстых сэрцам, міратворцаў і гнаных за праўду. Ён ім сказаў, якія яны — дабрашчасныя, шчасьлівыя найвышэйшым шчасьцем.
А цяпер Хрыстос ім кажа, хто яны:
«Вы — соль зямлi. Калi ж соль страцiць сiлу, дык чым асолiш яе? Яна ўжо нi на што ня прыдатная, хiба што выкiнуць яе прэч на патаптаньне людзям».
Людзі — соль. Калі ўявіць, што гэта не заезджаны выраз, якім можна дабраславіць і камуністаў, і фашыстаў, і членаў гуртка па пляценьні макрамэ, і паспрабаваць услухацца ў яго, быццам бы ты пачуў гэтыя словы ўпершыню, на камплімент ён ня надта пацягне. З сольлю зьвязаныя ня толькі прыемныя асацыяцыі — «ня сып мне соль на раны», напрыклад. Дык давайце ж падумаем, а чаму першая назва хрысьціянаў у гісторыі — соль. Ды яшчэ і назва, ня хрысьціянамі гэтымі самавольна ўзятая, а Самім Хрыстом ім дадзеная.
Хрыстос называе сольлю тых, хто Яго слухае, хто жадае ўспрыняць Яго вучэньне, Яго праўду, Яго парады. Так, яны павiнныя сябе ацэньваць аб'ектыўна, павiнныя разумець, што яны ўбогiя духам, нiчога ня вартыя, але аб'ектыўнае успрыманьне самога сябе — гэта далёка не закрэсьлiваньне самога сябе. Бачачы сваё духоўнае жабрацтва, сваю няздольнасьць жыць па высокiх маральных нормах, чалавек не павiнен кiдацца ў iншую крайнасьць i забываць, што «чалавек — гэта гучыць горда», таму што гэты самы нiчога ня варты чалавек мае бязьмежную вартасьць, бо створаны паводле вобразу i падабенства Божага.
Чалавек прайграе кошцы ў зроку, сабаку ў нюху, кампутару ў хуткасьцi мысьленьня, але ён мае нешта такое, чаго ня маюць анi жывёлы, анi машыны, нават самыя дасканалыя. Ён мае здольнасьць успрымаць самога сябе i сваё месца ў сьвеце, думкамi можа перанесьцiся ў далёкае мiнулае i нязьведаную будучыню. А самае галоўнае адрозьненьне памiж чалавекам i ўсiмi астатнiмi iстотамi i стварэньнямi палягае ў тым, што кожны чалавек, кожны бяз выключэньня, мае iнтуiтыўнае прыроджанае адчуваньне таго, што ў Сусьвеце iснуе нейкая найвышэйшая сiла, якая ўсiм кiруе.
Але, каб атрымаць права звацца сольлю зямлi, над гэтым сваiм iнтуiтыўным адчуваньнем трэба папрацаваць.
Трэба прызнаць:
а) што гэтая найвышэйшая сiла — не абстрактны закон цi субстанцыя, а Асоба;
б) што гэтая Асоба iдзе на кантакт с чалавекам праз зьявы прыроды, праз голас сумленьня ў душы чалавека i
в) што найвышэйшая праява гэтага кантакту Бога з чалавекам — таксама канкрэтная Асоба, Бог i Чалавек Iсус Хрыстос.
I прызнаць гэта трэба ня проста розумам, але сьвядомым рашэньнем волi. Трэба згадзiцца з патрабаваньнямi гэтае Асобы i кiравацца Яе парадамi наконт таго, як чалавеку жыць у гэтым сьвеце.
І калі мы згодзімся з Хрыстовымі патрабаваньнямі, то ўбачым, што выканаць іх нам немагчыма, нават хаця б мы гэтага і вельмі хацелі. Убачым, што мы парушаем нават самыя простыя і зразумелыя Яго загады ці просьбы. Жадаем таго, пра што Ён нам сказаў: «Не пажадай», крадзем, хлусім, лісьлівім, здраднічаем…
І можа тады мы ўбачым упершыню ня крыжык на шыі і ня залатыя крыжы на купалах, а драўляны крыж Галгофы, дзе Той, Хто ўсяго гэтага ад нас патрабуе, за нас жа і разьлічыўся Сваім Целам і Крывёю.
І цяпер, пасьля Галгофы, да патрабаваньняў ня красьці, ня хлусіць і не забіваць дадаецца яшчэ адно, найгалоўнейшае — паверыць, што Ён памёр на крыжы за нашыя грахі і ўваскрос для нашага апраўданьня. Панёс кару за нас і выканаў за нас жа Свае патрабаваньні. А нам трэба толькі расьпісацца пад гэтым сваёй шчыраю вераю ва ўсё гэта.
Бязь людзей, якiя ўсе гэтыя крокi прайшлi, са сьветам сталася б дакладна тое ж самае, што станецца з гурком або рыбаю бяз солi — распуста эгаiстычных пажаданьняў, нянавiсць, варожасьць даўно б згнаiлi гэты сусьвет i ператварылi б яго ў смуродны сьметнiк. Ён i так ня надта прывабна выглядае, наш сьвет, але было б яшчэ ў мiльён разоў горш. І толькі соль хрысьцiянства, i ня соль абстрактнага вучэньня, а соль у выглядзе жывых крышталiкаў — носьбiтаў гэтага вучэньня ратуе сьвет ад канчатковага разлажэньня.
Так што жадаю вам зрабіцца сольлю на раны гэтага сьвету замест таго, каб станавіцца сольлю на раны Хрысту. Як? Нагадваю, што Ён назваў сольлю тых, хто за Ім пайшоў, каб Яго слухаць. Пайшоў туды, куды вёў Ён.
А да тых, хто ўжо гэтай сольлю зьяўляецца, мая парада — не рабiцеся недарэчнасьцю, ня жывiце так, каб вы былi падобныя да несалёнай солi. Соль можа быць ёдаванаю, маркi «Экстра», больш салёнаю, менш салёнаю — рознаю. Але калi вы купiце мяшэчак з надпiсам «соль», але гэтае белае рэчыва ня будзе мець салёнага смаку, напэўна яно апынецца ў смецьцеправодзе, а пасьля на гарадзкой звалцы. I будуць таптацца па ёй «бiчы» i бадзячыя сабакi.
Вы можаце рабіць памылкі, можаце бачыць сваю недасканаласьць, але, лiчачы сябе хрысьцiянiнам, жыць насуперак запаветам Хрыста i голасу ўласнага сумленьня нельга. Вы тады нi на што ня прыдатныя… Апроч пакаяньня i шчырага iмкненьня ўсё ж такi стаць САЛЁНАЮ СОЛЬЛЮ.