LAZA
Ростані
Содержание
Contents

Трэба ў нешта верыць?


Нашыя родныя мінскія тралейбусы і аўтобусы! Звыклыя і знаёмыя, як адзін з пакояў тваёй кватэры, дзе нават з заплюшчанымі вачыма беспамылкова знойдзеш сваё ўлюбёнае мейсца. Пашарпаныя і дабітыя, як лёс большасьці менчукоў, прынамсі тых менчукоў, якія езьдзяць менавіта на іх, а не на пагардлівых прыгажунях-чужаземках «Таётах» ды «Маздах». Колькі ж часу праводзім мы ў іх? Калі падсумаваць, то напэўна некалькі год жыцьця атрымаецца. Мы на памяць ведаем, што напісана ва ўсіх аб'явах, якія вісяць на нашым прыпынку. Мы пазнаём знаёмыя машыны па календарыках ці сэкс-бомбах, якія вісяць ля кіроўцы. Мы чуем сапраўдны, аўтэнтычны vox populi (голас народу) менавіта ад тых людзей, якія вісяць на мяжы двух сусьветаў (галава ў тралейбусе, а, прабачце, азадак не зусім каб у тралейбусе), а не ў сумніўных дадзеных сацыялагічных апытаньняў, якія нам, калі трэба, падсоўваюць газэты. Любыя, родныя тралейбусы і аўтобусы!

У тралейбусах мы заўважаем першыя «вясеньнія праталіны» і першыя восеньскія прагаліны ў Батанічным садзе і Парку Горкага. У іх мы абліваемся потам летам і даем дуба зімою. І калі ўжо гаварыць аб зіме, то нам, тым, хто ў тралейбусе, яна ў першую чаргу прыносіць дадатковыя праблемы ў выглядзе заледзянелых шыбаў. Прыпынкі мы лічым на слых, альбо праціраем невялічкія палонкі у ваконных ільдах, альбо пытаемся ў суседзяў, ці не праехалі мы прасьпект Любімава ці завод халадзільнікаў. Бывае, задрэмеш, зачытаешся ці проста задумаешся над дзівосамі ўласнага лёсу ці лёсу краіны ў гэты цікавы й жудасны час, а потым схамянешся… і ўяўленьня ня маеш, ці то ты яшчэ ў Курасоўшчыне, а можа ўжо і ў Масюкоўшчыне. Такая вось нязручнасьць у тралейбусе ці аўтобусе зімой.

Мне падаецца, што большасьць нашай краіны едзе ў такім тралейбусе што тычыцца веры. Мы ўсе верым, атэістаў няма. Нават, калі яны й ёсьць, згадзіцеся, гэта тая ж вера, але са знакам мінус у параўнаньні зь вераю рэлігійнаю. Але верым ува што? Мы задрамалі на колькі дзесяткаў год, а калі прачнуліся (тыя, хто ўжо прачнуўся), не разумеем, дзе мы. Напэўна, вы, як і я, безьліч разоў чулі сакраментальнае выказваньне: «Трэба ў нешта верыць». Ува што ж вераць людзі?

Адны вераць у тое, ува што верыць большасьць. Вагаюцца разам з генеральнай лініяй. Гэта значыць, зараз іх вера — гэта кактэйль. Там і рынак і сацыялізм, і суверэнітэт і аб'яднаньне, і «Далоў НАТА!» і «Даеш „Зорныя войны“!».

Іншыя вераць ува ўсё, што надрукавана. Калі ў «Народнай газэце» астралагічны прагноз прадказвае вам на наступны аўторак сьмерць, а ў «Вячэрнім Мінску» — вясельле, усё праўда. Трэба толькі правільна чытаць — спачатку «Вячорку», а пасьля — «Народную». Ажанюся і памру. Праўда, у сераду мы па-ранейшаму нежанатыя і жывыя, але гэта дробязі… Дзе там наступны гараскоп?

Трэція вераць у тое, ува што вераць у іх сям'і.  Часта гэта выліваецца ў словы: «Ай, я ім нікому ня веру — усе брэшуць, і газэты і Саветы, і Масква і царква». Але дадаюць: «Нешта такое ўсё-ткі ёсьць,» і старанна пераступаюць парог, падаючы руку, нясуць дзяцей да бабак, каб вылячыць ад сурокаў, і на Радуніцу напіваюцца да покату на бацькоўскіх магілах.

Чацьвертыя вераць эліце. Эліце, якая прабралася да ўлады, эліце, якая знаходзіцца ў апазіцыі да гэтай улады, эліце інтэлектуальнай, эліце духоўнай, якая валодае нейкімі найноўшымі эзатэрычнымі ведамі… Гэтых элітаў процьмы.

Той жа тралейбус з заледзянелымі шыбамі. Адзін лічыць прыпынкі на слых, другому здалося, што ў малюсенькай палоначцы, прадыханай на шыбе ён разгледзеў, што пераехалі Сьвіслач, трэці паверыў суседу, а сусед нешта ляпнуў у адказ, а пасьля і сам засумняваўся. Шмат можна прыдумаць шляхоў, як дазнацца, дзе мы знаходзімся зараз. Але, хаця прыпынкаў у Мінску сотні, кожны канкрэтны тралейбус у кожны канкрэтны час можа знаходзіцца толькі на адным-адзіным канкрэтным прыпынку. І тут абсалютна не мае ніякага значэньня, ці моцна вы верыце свайму суседу — калі памыляецца ён, паверыўшы яму і сыйшоўшы там, дзе ён вам параіў, памыліцеся і вы. Абсалютна ня важна, наколькі вы ўпэўненыя, што праехалі менавіта 6 прыпынкаў, калі, сыйшоўшы,убачыце, што трэба было праехаць яшчэ адзін. Абсалютна не дапаможа вам тое, што быццам бы вы разгледзелі ў шыбе такі ж камерцыйны шапік, які стаіць на вашым прыпынку. Вы выходзіце, і бачыце, што падобны да вашага шапік паставілі і на іншым прыпынку. Разважаць і меркаваць можна шмат, але гэта анічога ня зьменіць. Толькі тыя метады вызначэньня прыпынкаў і толькі тады будуць правільнымі, якія і калі будуць абапірацца на аб'ектыўную рэальнасьць той кропкі маршруту тралейбуса, на якой ён знаходзіцца ў дадзены момант.

Гэтак жа і зь верай. Вераў шмат.

«Кто верит в Магомета, кто в Аллаха, кто в Иисуса,
  Кто ни во что не верит, даже в черта назло всем…»

Варыянтаў безьліч. Але ісьціна адна. І як можна гаварыць, што ты верыш у Хрыста і забабоны адначасова, калі Біблія забабоны лічыць аднім з найшкаднейшых грахоў? Не ўяўляю. Як можна з разумным выглядам дэкляраваць, што Бог адзін, проста шляхі да Яго розныя — хто прыходзіць праз Буду, хто праз Глобу, а хто праз Ісуса, калі Ісус кажа: «Я — шлях і праўда і жыцьцё; ніхто не прыходзіць да Айца, як толькі церазь Мяне»? Калі вы так кажаце, то вам можна спачуваць, але разумным такі падыход ну ніяк не назавеш.

Звычайны контраргумент, канешне, такі: «Біблію напісалі людзі, і Ісус такога не гаварыў». Памятаеце у Булгакава: «Он неверно записывает за мной»?

Добра.
Пачнем з таго, што ісьціна адна. Тралейбус у канкрэтны час можа знаходзіцца толькі на адным прыпынку. Выток гэтай ісьціны таксама мусіць быць адзіны. Называйце яго Прыродай, Богам, Аллахам, Космасам — гэта вашая справа, але пагадзіцеся, што адзіная ісьціна павінна мець адзіны выток. Так, шляхоў да спазнаньня ісьціны можа быць шмат — які прыпынак, мы можам даведацца ад суседа, праз палонку ў шыбіне, на слых і г. д.

Але ўявіце сябе на месцы кіроўцы, які любіць пасажыраў — справа ня надта звыклая, але і ня надта ўжо фантастычная. Што б вы зрабілі, каб дапамагчы ім? Я думаю, што вы б дакладна, зразумела і своечасова абвяшчалі прыпынкі і гэта была б найбольш дакладная крыніца інфармацыі аб руху тралейбуса. Вы б клапаціліся аб тым, каб заўсёды ў парадку быў гучнагаварыцель і абвяшчалі б прыпынкі нават тады, калі б у салоне быў усяго адзін чалавек, нават хлопчык ці дзяўчынка. У нас ёсьць падставы меркаваць, што калі Той, хто стварыў нас, сапраўды нас любіць, Ён зрабіў бы тое ж самае — даў бы нам надзейную крыніцу інфармацыі аб нашым руху па шляху жыцьця, клапаціўся б аб тым, каб гэтая крыніца захоўвалася ў стопрацэнтовай чысьціні і зрабіў бы яе даступнай для ўсіх жадаючых.

І мы верым, што такою крыніцай зьяўляецца Біблія. Чаму менавіта яна, чаму мы давяраем менавіта гэтаму кіроўцы, у нашай наступнай размове.

Ю. Сьмiрноў


да пачаткуростанi / наступны артыкул / папярэднi артыкул


Зьвязацца з аўтарам: smirnou сьлімак laza кропка org

Заўважылі памылку? Вылучце яе мышшу і націсьніце Ctrl+Enter. Зробім мову і пунктуацыю чысьцей, а факталёгію і тэалёгію дакладней :-)!