LAZA
Ростані
Содержание
Contents

Ля гары Нагорнае казані


(Мацьвея 5:1, 2)

Ёсьць у Бібліі старонкі, пра якія ведаюць нават тыя, хто нічога больш пра Біблію ня ведае. Ну паспрабуйце знайсьці чалавека, які ня чуў словаў: «Калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую», ці «Войча наш, Які ёсьць на нябёсах!»

Гэтыя словы з Нагорнай казані Ісуса Хрыста. Калі вы маеце Біблію ці Новы Запавет, знайдзіце першую кнігу менавіта Новага Запавета, Дабравесьце паводле Мацьвея, а ў ёй — разьдзелы з 5-га па 7-ы ўключна. Гэта і ёсьць Нагорная казань Ісуса Хрыста. Праўда, саміх словаў «Нагорная казань» у тэксьце Бібліі вы ня знойдзеце. Так назваў гэтую частку Бібліі прыкладна ў 400-м годзе Аўгустын. Чаму, вы зразумееце, калі прачытаеце першы ж радок гэтага ўрыўка: «Убачыўшы люд, Ён (Ісус) узышоў на гару”.

Нагорная Казань мае сілу непераадольную. Яе цытуюць напэўна часьцей за любы іншы твор. Што і казаць, калі цытаты тыпу «ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі» ці «ніхто ня можа служыць двум гаспадарам» можна знайсьці ў любых выданьнях і радыё- ці тэлепраграмах — аб палітыцы, аб спорце і аб чым заўгодна. Аднойчы я быў шакіраваны, калі, раскрыўшы газэту «Звязда», убачыў вялікімі літарамі набраны тэкст «ХАЙ СВЯЦІЦЦА ІМЯ ТВАЁ», а ў канцы вялікага, на ўсю старонку, артыкула — сьціплы подпіс: Іван Антановіч. Дзіўныя справы Твае, Госпадзе, калі паважаны ідэолаг напрамку, які цяжка назваць хрысьціянскім, у якасьці лозунга выкарыстоўвае словы з Нагорнай Казані Ісуса Хрыста. Праўда, сам тэкст артыкула мяжуе з блюзьнерствам, бо словы, якімі Ісус завяшчаў нам зьвяртацца да Бога, тут зьвернутыя да чалавека, да нейкага Пятра, Міронавага сына. Але гэта ўжо іншая справа.

Факт у тым, што амаль увесь тэкст Нагорнай Казані шырока цытуецца, агульнавядомы, што завецца «на слыху» ў людзей. Таму пасьля размоваў аб Бібліі, яе вартасьці, яе надзейнасьці было б натуральна перайсьці да аналізу самога тэксту Бібліі, узяўшы менавіта такое, «залатое» месца Бібліі.

Я ніякім чынам не хачу сказаць, што толькі з 5-га разьдзела Дабравесьця паводле Мацьвея і трэба пачынаць чытаць Біблію. Чытайце як хочаце, але самы натуральны спосаб, канешне ж, з пачатку да канца. І тое, што мы пачнем разважаць аб Бібліі менавіта з Нагорнай Казані, ніяк не перашкодзіць вам у свабодны час паглыбляцца ў любое іншае месца Бібліі.

Мы сказалі, што Нагорная Казань вельмі добра вядомая ўсім. Для сьвету — гэта своеасаблівы зручны цытатнік, зь якога можна ўзяць выказваньне на любы выпадак жыцьця. А што ж яна такое для самой Бібліі, для хрысьціянства?

На самым пачатку гэтай казані ідзе пералік умоваў шчасьця. Можа, памятаеце:

«Дабрашчасныя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябеснае» і г.д.?

Умовы тут, праўда, выкладаюцца нейкія дзіўныя. Згодна зь імі, шчасьлівыя тыя, хто плача, каго гоняць, каго зьневажаюць, хто «убогі духам». Дзіўнае нейкае шчасьце. Мы ўсё гэта прызвычаіліся называць наадварот няшчасьцем, трагедыяй.

Але заўважце, што ў самых першых словах сказана: «…бо іх ёсьць Царства Нябеснае». Не стандарт зямных царстваў, каралеўстваў і рэспублік выкладзены тут. Гэта — умовы набыцьця грамадзянства Царства Нябеснага. А далей ідуць патрабаваньні да грамадзянаў гэтага Царства, яго законы. Такім чынам, у кантэксце Бібліі Нагорная Казань — гэта Канстытуцыя Царства Нябеснага. І хаця кожная асобная частка канстытуцыі мае вартасьць сама ў сабе, найлепей зразумець сам дух асноўнага закона можна не тады, калі браць зь яго больш ці менш працяглыя ўрыўкі, але калі прачытаць усю канстытуцыю і кожную частку яе суаднесьці з цэлым. Тады мы ня будзем памыляцца, адрасуючы тое, што сказана пра Бога, да чалавека, якім бы добрым ён нам ні здаваўся. І наадварот — тое, што зьвернута да чалавека, да мяне, ня будзем разглядаць як абстракцыю, проста нейкі абстрактны высокі маральны прынцып.

Перш чым зьвярнуцца да самога тэксту Казані, давайце зьвернем увагу на ўступ да яе, дэкарацыі. Памятаеце, напрыклад, як задаваў дэкарацыю Маякоўскі? «Двое в комнате — я и Ленин фотографией на белой стене». Усё адразу зразумела. Молячыся на такую ікону, паэт мог напісаць толькі тое, што напісаў.

Дзе ж у нас адбываецца дзеяньне? Хто прысутнічае? Як Біблія падводзіць нас да гэтай найдзіўнейшай і найвялікшай з канстытуцый?

«І за ім ішло мноства люду з Галілеі і Дзесяцігародзьдзя, і зь Ерусаліма, і зь Юдэі, і з-за Ярдана. Убачыўшы люд, Ён узышоў на гару; і калі сеў, прыступілі да Яго вучні Ягоныя. І, адкрыўшы вусны Свае, Ён вучыў іх, кажучы:…»

За ім ішло мноства люду.

За ім сапраўды ідзе гэтае мноства і сёньня — нават тыя, хто памылкова лічаць сябе хрысьціянамі, імі не зьяўляючыся; нават тыя, хто сябе хрысьціянамі ня лічаць, але каго ў той ці іншай ступені асоба Іешуа Га-Ноцры прываблівае да Сябе. Матывы ва ўсіх розныя, як і ў тыя далёкія часы — адных захапіла Яго вучэньне, якое Ён выкладаў у тагачасных дыскусійных багаслоўскіх клубах, сінагогах; іншых — Яго цудатворныя здольнасьці; трэціх — Яго заклік да пакаяньня ў грахах і абяцаньне збаўленьня ад іх. Люд ішоў, ідзе і будзе ісьці за Ім. Што ж далей?

Ён узышоў на гару. Зусім натуральна. Каб гэта была зала Дома Палітпрасьвету, Ён узыйшоў бы за кафедру ці проста на сцэну, а там была гара. Каб людзі лепш чулі, Ён падняўся вышэй.

«І калі сеў, прыступілі да Яго вучні Ягоныя.» Ён вытрымаў паўзу, пачакаў,пакуль тыя, хто хацеў вучыцца ад Яго Канстытуцыі Яго Царства, прыступілі бліжэй, ці дакладней, вышэй. Дзіўна, але факт — нават адно жаданьне слухаць Ісуса ўжо ўзносіць чалавека панад натоўпам. І навучаць Ён пачаў толькі тады, калі тыя, хто хацеў быць вучнямі, прыступілі да Яго.

Два ўзроўні цікавасьці.

Мы можам паглядзець «Клуб падарожнікаў» і зацікавіцца нейкімі кур’ёзамі з жыцьця на Мадагаскары, а можам усур’ёз займацца гісторыяй гэтага вострава, вывучаць законы гэтай дзяржавы, малагасійскую мову.

Так і з Ісусам і Яго Нагорнай Казаньню — можна проста вырываць зь яе цытаткі і ўжываць іх, калі трапна, а калі і ня вельмі, а можна прыступіць да Яго зь цьвёрдым намерам навучыцца Яго погляду на гісторыю, Яго законам, Яго мове.

Хрыстос заўсёды там, для Бога няма мінулага, цяперашняга і будучага часу. Ён заўсёды чакае. І для нас ніколі ня позна выйсьці з натоўпу проста цікаўных і стаць вучнем.

Дзе вы? На раўніне, ці прыступаеце вышэй? Калі так, то ў наступнай размове мы паспрабуем разам пачаць навучацца ад Яго. Але Ён не адвяргае нават і тых, каго да Яго прыводзяць і іншыя матывы. Слухайце і чытайце ўсе.

Ю. Сьмiрноў


да пачаткуростанi / наступны артыкул / папярэднi артыкул


Зьвязацца з аўтарам: smirnou сьлімак laza кропка org

Заўважылі памылку? Вылучце яе мышшу і націсьніце Ctrl+Enter. Зробім мову і пунктуацыю чысьцей, а факталёгію і тэалёгію дакладней :-)!