Гiсторыя паўтараецца. Кажуць, першы раз, як трагедыя, а другi раз, як фарс. Ня ведаю, ці гэта так. Па-першае, звычайна паўтараецца яна ня два разы, а прынамсі дзьвесьце дваццаць два, а па-другое, бывае, што, наадварот, фарс стаецца трагедыяю. Але, што паўтараецца, гэта, як той казаў, мэдыцынскі факт. Вось табе, здаецца, нешта новае — імпічмент. Аж прыгледзішся — тут табе ізноў тое самае: выбракоўка прэм'ер-міністра. Пагналі далоў яшчэ аднаго, паставілі новага, якога ўжо адзін раз гналі. Ганяюць людзей, як жывёлу. Ганяюць прэм'ераў па кабінетах, змагароў за волю па плошчах, п'яніцаў па завугольлях.
Традыцыя гнаць з вачэй далоў тых, хто гаворыць ці робіць ня тое, што табе трэба, для пана, які сябе паважае, справа сьвятая. Адны, праўда, мiласэрна адпраўляюць Пушкiна ў вясёлую Адэсу i залiтую вiном Бесарабiю, iншыя адсылаюць Лермантава ў сумную Тамань i пад чачэнскiя кулi на залiты крывёю Каўказ, трэція — у трэціх праўдалюбы знікаюць і ўвогуле так, што канцоў ня знойдзеш, але тут ужо нiчога не паробiш — «сiлен княжа караць» i кару кожны ўладар выбiрае па ўласных схiльнасьцях i здольнасьцях — «хто на каго вучыўся».
Карацей, калi глянуць на гiсторыю — старажытную, сучасную, цi памiж iмi недзе капнуць — прыйдзеш да адной-адзiнае высновы: за праўду гналi, гоняць i будуць гнаць, і нiкуды ад гэтага ня дзенешся.
Таму апошнi запавет шчасьця з Нагорнай Казанi Iсуса Хрыста нiкому i растлумачваць надта ня трэба. Гучыць ён так:
«Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо iх ёсьць Царства Нябеснае».
Хто толькi гэтымi словамi не карыстаўся! Кожны лiчыць сябе барацьбiтом за праўду, якому перашкаджаюць несумленныя, дрэнныя, зламысныя людзi. Да таго ж, гiсторыя любiць рабiць так, што сёньня гоніць Барыс Абрамавіч, а заўтра Барыса Абрамавіча, так што прымерыць на сябе гэтыя словы i казырнуць iмi магчымасьць даецца практычна кожнаму.
Але што ж мае на ўвазе Хрыстос у гэтых словах? Цi можа п'янiца, звольнены за прагулы, суцяшаць сябе тым, што яго выгналi за праўду, i спадзявацца на ўваход у Царства Нябеснае? Цi маюць гэтыя абяцаньнi моц, калi iдзе звычайная барацьба за ўладу, у якой не абыйдзешся без Фаросаў, падраных пiнжакоў i нават зьнесеных галоваў? Ці ня надта пасьпешлiва часам мы прымаем позу пакутнiкаў за праўду?
«Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо iх ёсьць Царства Нябеснае», — гаворыць Хрыстос. Ня проста «гнаныя», а «ЗА ПРАЎДУ». А пасьля гэтых словаў Ісус дадае: «Дабрашчасныя вы, калi будуць вас ганьбiць i гнаць i ўсякiм словам лiхiм несправядлiва зьневажаць ЗА МЯНЕ».
Калi нас гоняць, гэта яшчэ анiчога ня значыць, можа нас як раз толькі гнаць і трэба за нашыя канкрэтныя нячыстыя справы. Нават калi нас гоняць за нейкую праўду — i гэта яшчэ нiчога ня значыць — праўда можа быць «Мiнскай», «Гродзенскай» цi «Пiянерскай». Iскра iсьцiны Божай зьяўляецца толькі тады, калi нас гоняць за Праўду зь вялiкай лiтары. I гэтая іскра разгараецца ў вялiкае полымя боскага шчасьця толькі тады, калi нас ганьбяць i гоняць i ўсякiм словам лiхiм несправядлiва зьневажаюць ЗА ЯГО, за Хрыста.
Запаветы шчасьця Нагорнай Казані пачынаюцца i закончваюцца адным абяцаньнем. Памятаеце першы зь iх: «Дабрашчасныя ўбогiя духам, бо iх ёсьць Царства Нябеснае»? I апошнi: «Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо iх ёсьць Царства Нябеснае». Гэта невыпадкова, як невыпадкова ўсё ў Бiблii. Бяз убогасьцi духу, гэта значыць, без асэнсаваньня таго, што сам ты не дасі сабе рады, ня можа быць уваходу ў Царства Божае. Без ганеньняў за праўду Божую, на жаль, ня можа быць жыцьця ў гэтым Царстве, пакуль мы на грэшнай зямлi. Ня надта прывабная персьпектыва, бо каму ж хочацца быць гнаным i зьневажаным. Але Iсус дадае пасьля гэтых апошнiх словаў яшчэ i такiя: «Радуйцеся i весялецеся, бо ўзнагарода ваша вялiкая на нябёсах: так гналi прарокаў, што былi перад вамi». Дык праверце, за што вас гоняць, і, калі за праўду Божую, няхай гоняць, няхай сьмяюцца, няхай зьневажаюць, няхай называюць фанатыкамi. Суцешцеся тым, што гэтыя зьнявагi непараўнальныя з абяцанай узнагародаю, i тым, што вы трапiлi ня ў самую дрэнную кампанiю — разам зь бiблейскiмi прарокамi, Янам Гусам i безьліччу iншых, хто пацярпеў за адзiнае, за што варта цярпець — за Праўду Божую i за Яго, Сына Божага Iсуса Хрыста, Якi даў нам выратаваньне i надзею на жыцьцё вечнае.