LAZA
Ростані
Содержание
Contents

Зоркі на пагонах і ў нябёсах


(Мацьвея 5:9)

Ёсьць адна катэгорыя людзей, адна прафесія, з прадстаўнікамі якой нам даводзіцца сустракацца, спадзяюся, ня часта. Але гэтыя людзі заўсёды выклікаюць, прынамсі ў мяне, шчырае зьдзіўленьне і насьцярожанасьць. Гэта псіхіятры. Логіка іх невытлумачальная логікай агульнапрынятай. Чалавека, якога вы лічыце абсалютна нармальным псіхічна, яны адразу ж бязь ценю сумненьня аб'яўляюць параноікам ці шызафрэнікам; той, хто перад паходам да псіхіятра расказвае пра гэтых самых псіхіятраў анекдоты і сьмяецца зь іх, выходзіць з кабінета з трымцячымі рукамі і несамавітай усьмешкаю.

У псіхіятрыі ёсьць адзін тэст. Вам называюць слова, і вы павінныя адразу ж сказаць іншае — першае, якое вам прыйдзе на розум. І на падставе гэтай вашае імгненнай асацыяцыі псіхіятр раскажа вам, што менавіта ў вас не ў парадку. Вы даведаецеся аб сабе такое, чаго і ў кашмарным сьне ня ўбачылі б. За вамі заўважаць такія схільнасьці, што «…если правда оно, ну хотя бы на треть, остается одно — только лечь помереть».

Але вам можа пашанцаваць у такім тэсьце, і вы зможаце да пары патрымаць заслону па-над сваімі крыважэрнымі замашкамі і антыграмадзкімі памкненьнямі. Калі вам патрапіцца такое слова, як, напрыклад, «лета», вельмі верагодна, што вы адкажаце: «зіма». Калі вы пачуеце: «чорнае», шмат шанцаў, што ў адказ прагучыць: «белае». Вам могуць прыпісаць адсутнасьць творчай фантазіі, схільнасьць да стэрэатыпаў, пасіўнасьць, але ўжо ніяк не садызм, маніякальны псіхоз ці клаўстрафобію. Дык калі трымацца такой тактыкі, што вы адкажаце, пачуўшы слова «вайна»?

Так, на памяць вам можа прыйсьці раман Талстога. Вайна і мір. Вечная антытэза, вечнае супрацьстаяньне. Яны заўсёды побач у гісторыі чалавецтва. Яны цесна зьвязаныя ў назвах мастацкіх твораў, у прымаўках і афарызмах, як напрыклад: «Хочаш міру, рыхтуйся да вайны». Яны зьмяняюць адно аднаго — вайна пачынаецца зь міру і мірам жа і закончваецца.

Але якое ж з гэтых двух паняцьцяў усё-ткі перацягвае на сябе ўвагу людзей? Каму і чаму ставяць помнікі? Героям вайны ці міру?

Парыж — Трыумфальная арка.
Лондан — Трафальгарская плошча і адмірал Нельсан.
Масква — Вечны агонь. Помнік невядомаму салдату.
Візітная картка нашага Мінска — Плошча перамогі.

Сьвет куды больш паважае яскравыя, крывавыя, гучныя ваенныя перамогі, чым бляклыя, бяскроўныя, ціхія перамогі міру.

Праўда, нехта можа сказаць, што ня так даўно ў нашай краіне на кожным кроку віселі вялізныя словы «МІРУ — МІР», мы пастаянна плацілі ўнёскі ў Фонд міру і дружна крочылі на мітынгі ў абарону міру.

Але гэта была мана. Гэта было тое, пра што Біблія вуснамі прарока Ераміі кажа: «Бо ад малога да вялікага кожны зь іх аддадзены карысталюбству, і ад прарока да сьвятара — усе дзейнічаюць фальшыва; апякуюцца ранамі народу Майго легкаважна, кажучы: „Мір! мір!“, а міру няма».

Так і было. Лозунгі «МІРУ — МІР» і Афганістан, унёскі ў Фонд міру і безьліч ядзерных боегаловак, мітынгі ў абарону міру і далёка ня мірныя бойкі ў войску паміж салдатамі розных нацыянальнасьцяў. Так што сьвет усё ж такі больш паважае вайну і подзьвігі ваенныя. Бо паважаць мір — гэта ня значыць насіцца з лозунгамі і словамі аб міры. Паважаць мір — гэта ня значыць мець жаданьне і імкненьне да міру. Беларусы быццам бы такое жаданьне маюць. «Абы ціха» стала нацыянальным дэвізам, але мірам і ня пахне, хмары згушчаюцца, варожасьць распальваецца, зноў па вуліцах Мінска грукацяць монстры ваеннай тэхнікі, адзіная мэта якіх — зьнішчыць як мага больш людзей і як мага хутчэй.

Паважаць мір — гэта значыць мір тварыць. Зрабіць так, каб твае бацькі перасталі сварыцца. Пераканаць свайго сябра ня помсьціць таму, хто яго пакрыўдзіў, прапанаваць сябе ў заложнікі ў абмен на жанчын ці дзяцей.

Адзіны спосаб выказацца за мір — гэта мір тварыць. Думкі і словы аб міры — гэта няблага, але зьнікома мала. Неяк у сваім артыкуле Віталь Цыганкоў пераканаўча даказаў, што беларускае «абы ціха» ў думках і словах ператвараецца ў страшэнны радыкалізм на справе, бо пасіўная падтрымка разбуральных сілаў мір не ўсталёўвае, а менавіта разбурае.

Таму адзін з апошніх запаветаў шчасьця ў Нагорнай Казані Ісуса Хрыста гучыць менавіта так: «Дабрашчасныя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца».

Ісус Хрыстос робіць націск менавіта на гэтым. Не «мірадумцы», не «міраслоўцы», а міратворцы маюць права на боскае шчасьце.

Гэта нешта новае ў пераліку ўмоваў, якія даюць права на шчасьце. Я нагадаю тыя астатнія, аб якіх мы ўжо размаўлялі: «Дабрашчасныя ўбогія духам; тыя, што плачуць; лагодныя; тыя, хто жадае і прагне праўды; міласэрныя; чыстыя сэрцам…» Усё гэта былі якасьці чалавека, нешта, яму ўласьцівае. А тут мы сутыкаемся зь дзеяньнем. Атрымліваецца, што Ісус настолькі ненавідзіць вайну, настолькі супраць таго, каб ставіць помнікі генералам і адміралам, што пераводзіць тут размову са сферы пачуцьцяў і катэгорыяў чыста духоўных у сферу практычных дзеяў. І заўважце, якая абяцаецца ўзнагарода. Творцы вайны могуць стаць палкоўнікамі, генераламі і нават генералісімусамі. Але гэта максімум, гэта ліміт іх званьняў, іх «потолок», як кажуць у войску. А творцы міру маюць «потолок» значна, недасяжна вышэйшы. Яны атрымаюць званьне сыноў Божых. Што вышэй? Хто вышэй — генералісімусы Сувораў, Чай-Каншы і Сталін ці Сын Божы Ісус Хрыстос? Як раз у міратворцаў і ўвогуле гэтага «потолка» няма. Ісуса, як кажа Біблія, Бог «пасадзіў праваруч Сябе на нябёсах, найвышэй за любое начальства і ўладу, і сілу і валадараньне, і ўсякае імя, называнае ня толькі ў гэтым веку, але і ў будучым».

Тут ня зоркі на пагонах, няхай сабе і самыя вялікія. Тут зоркі сапраўдныя, астранамічныя: Сірыюс, Альфа Цэнтаўра і іншыя. Улада не над батальёнам, дывізіяй ці хаця б і арміяй цэлай краіны, а ўлада над сусьветам, над касьмічнымі сіламі.

І ўсё за што? За тыя, як мы казалі, бляклыя, бяскроўныя, ціхія перамогі міру. Яны менавіта ціхія, яны не патрабуюць вялікіх здольнасьцяў, яны дасягальныя для ўсіх, хто нават і блізка не падыходзіў да акадэміяў генштабу і ў рукі ня браў падручнікаў па тактыцы. Кожны з вас можа атрымаць такую перамогу нават сёньня ці заўтра, пагасіўшы даўно палаючую вайну ў сваёй сям'і, у сябе на працы, са сваім суседам.

У выніку вы не адчуеце ўлады над нябеснымі целамі адразу ж, вы ня станеце адразу ж сынамі Божымі дакладна ў тым сэньсе, у якім Сынам Божым быў Хрыстос, але, па-першае, вы адчуеце задавальненьне ад таго, што «дрэнны мір лепш за добрую сварку», а па-другое, калі вы ў гэтага, галоўнага і адзінага Сына Божага верыце, і не толькі У Яго, але і Яму верыце, то са зьдзіўленьнем пачнеце адчуваць, што ж такое «назвацца сынамі Божымі». Тады вам не патрэбныя будуць зоркі на пагонах і помнікі на плошчах.

Дай нам Бог усім пазносіць у сваіх сэрцах помнікі ваенныя і пачаць будаваць помнікі перамогам міру паўсюды, дзе мы ёсьць — у сем'ях нашых, сярод сяброў і калегаў, у народзе нашым і ў цэрквах нашых. Амін.

Ю. Сьмiрноў


да пачаткуростанi / наступны артыкул / папярэднi артыкул


Зьвязацца з аўтарам: smirnou сьлімак laza кропка org

Заўважылі памылку? Вылучце яе мышшу і націсьніце Ctrl+Enter. Зробім мову і пунктуацыю чысьцей, а факталёгію і тэалёгію дакладней :-)!