Працягваючы нашую размову аб запаветах шчасьця, якія выкладзеныя ў Нагорнай Казані Ісуса Хрыста, мы падыйшлі да шостага зь іх. Ён гучыць так:
«Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць».
«Чыстыя сэрцам убачаць Бога». Гучыць салідна, прыгожа. Але калі ўдумацца ў сэнс гэтых словаў, то ці ня знойдзем мы тут недарэчнасьці, недакладнасьці? Можа, Ісус Хрыстос абмовіўся? Можа, нешта наблыталі перапісчыкі ці перакладчыкі Бібліі?
Чысьціня сэрца — і зрок. Кардыялёгія — і афтальмалёгія… Спалучэньне, якое, быццам бы, і разумееш нутром, але нешта ўсё ж тут не пасуе. Таму давайце зробім з гэтым запаветам шчасьця тое, што Сам Бог раіць нам рабіць, калі мы сутыкаемся зь сітуацыямі, у якіх чалавеку цяжка паверыць Яму на слова. Бог гэтага не баіцца — Ён не хапаецца за галаву ў роспачы, не пачынае тупатаць нагамі і ня крычыць на нас у раздражненьні: «Ідзіце ад Мяне!» Не, Ён — Бог, Усемагутны, Неабдымны, Недасяжны, Мільёнагранны. Таму Ён не баіцца, што нешта зь Яго мудрасьці будзе нам незразумелае, а кажа: «Паспытайце і ўбачыце, які добры Гасподзь».
Давайце ж паспытаем — паспрабуем разабрацца, чаму ў гэтым запавеце такое дзіўнае спалучэньне: чысьціня сэрца і якасьць зроку. Напэўна ж, аб нечым тут гаворыцца не ў прамым, а ў пераносным сэньсе. Пачаць з таго, што чысьціня сэрца не азначае (і гэта ясна ўсім) чысьціні сардэчнай мышцы і клапанаў. Гэты вобраз зразумелы на ўсіх мовах і ва ўсе часы. Пад сэрцам мы маем на ўвазе саму сутнасьць чалавека, яго самыя патаемныя жаданьні, яго розум, волю і пачуцьці. Таму чысьціня сэрца азначае чысьціню намераў, адсутнасьць заганных пажаданьняў, цэласнасць, няспляжанасьць розуму, волі і пачуцьцяў. Гэта тая чысьціня ўнутраная, якая непазьбежна вядзе да чысьціні вонкавай, да чысьціні ўчынкаў.
Гэта разумее кожны. Нават суровая мова юрыспрудэнцыі, Крымінальны кодэкс выкарыстоўвае тое ж паняцьце ў артыкуле 37-м: «Чыстасардэчнае раскаяньне зьмякчае адказнасьць». Але якім чынам чысьціня намераў уплывае на нашую здольнасьць бачыць Бога? У якім сэньсе тут гаворыцца аб бачаньні Бога? Зноў жа, ці няма тут памылкі? Бо ў Бібліі Бог гаворыць сьпярша Майсею ў самым яе пачатку: «Ня можа чалавек убачыць Мяне і застацца ў жывых», а пасьля ўжо ў Новым Запавеце: «Бога ня бачыў ніхто ніколі». Дык, можа, тут маецца на ўвазе зноў нешта метафарычнае і ўсім, нават Крымінальнаму кодэксу, зразумелае, нешта накшталт «дабрашчасныя тыя, у каго чыстыя намеры, бо яны зразумеюць Боскія ідэалы»?
Адказ: і так, і не.
Кожны запавет шчасьця можна зьвесьці да такога заземленага і прымітыўнага разуменьня. Яно быццам бы і правільнае, але ня вычэрпвае нават і блізка ўсёй глыбіні сэнсу, усяго таго, дзеля чаго Бог пакінуў нам гэтыя словы ў Бібліі. Яно, такое спрошчанае разуменьне, ўсяго толькі дае адчуць нейкую цеплыню на сэрцы, але не пячэ сэрца агнём, выпальваючы ў ім весь бруд і непазнавальна зьмяняючы чалавека.
Тут ёсьць сэнс большы. Тут мова йдзе ня столькі аб разуменьні Боскіх ідэалаў, колькі аб жывым, непасрэдным успрыняцьці Бога як рэальнасьці, такой жа рэальнасьці, як і ўсё, што мы бачым нашымі фізічнымі вачыма. Бога можна бачыць, хаця толькі што мы гаварылі аб тым, што Біблія гэтую магчымасьць выключае.
Аднойчы адзін чалавек вырашыў украсьці пшаніцы з поля ў сваіх суседзяў. Дачакаўшыся цёмнай ночы, ён пайшоў з дому, узяўшы з сабою маленькую дачку і загадаўшы ёй пільна за ўсім назіраць і папярэдзіць, калі нехта яго ўбачыць.
Ён пачаў жаць сярпом каласы, але вельмі хутка дзяўчынка гукнула: «Тата, цябе бачаць!»
Мужчына разгледзеўся навокал, але, нікога не заўважыўшы, працягваў сваю справу. Празь некаторы час дзяўчынка зноў азвалася: «Тата, цябе бачаць!»
Ён паноўна агледзеўся і , як і ў першы раз, нікога ня ўбачыў.
Серп ізноў зашамацеў па калосьсі пшаніцы. Але і ў трэці раз дзяўчынка паклікала бацьку: «Тата, цябе бачаць!»
І на гэты раз нідзе нікога. Бацька ня вытрымаў і ў раздражненьні запытаўся ў дачкі: «Чаму ты ўсё кажаш, што нехта мяне бачыць? Дзе гэты Нехта? Я яго ня бачу!»
І дзіця ціха адказала: «Тата, цябе бачаць зьверху».
Так, нас сапраўды бачаць зьверху. Нас сапраўды бачыць Бог у любой сітуацыі, нават калі мы лічым, што мы ад усіх схаваліся пад стольлю і за сьценамі сваёй кватэры. Бог бачыць скрозь столь і сьцены. Ён, як моцны рэнтген, прабівае ня толькі столь і сьцены фізічныя, за якімі мы хаваемся, але і столь і сьцены маральныя, якія мы нагрувашчваем у сваім сэрцы, тую дымавую завесу, якую мы напускаем, каб схаваць нават ад саміх сябе нейкі свой бруд, нейкую сваю нячысьціню.
І сапраўды, дабрашчасны той чалавек, які, падобна гэтай дзяўчынцы, можа бачыць Таго, Хто бачыць усё, і разумее, што няма нічога схаванага, што ня выкрылася б. Бывала ў вас такое, што вы паводзілі сябе, быццам бы побач нікога няма, і раптам заўважалі, што нехта глядзіць на вас, ледзь утрымліваючыся ад сьмеху? Як няёмка, як недарэчна вы сябе адчувалі, як хацелася б вам бачыць гэтага, хто за вамі назіраў, з самага пачатку, каб з вас не сьмяяліся!
Гэтак жа і з Богам. Мы ў недарэчнай сітуацыі, калі робім нешта, упэўненыя, што нас ня бачыць ніхто. Мы выстаўляем сябе на сьмех. Праўда, Бог ня кпіць з нас, Ён сьмяецца празь сьлёзы. Але факт застаецца фактам: рэальнасьць мы ўспрымаем неадэкватна. І таму няшчасныя тыя людзі, якія душаць у сваім сэрцы адчуваньне Бога і бачаць толькі частку рэальнасьці. Бруд сэрца сапраўды робіць цьмяным іх зрок, іх успрыманьне навакольнай рэальнасьці. І наадварот: дабрашчасныя тыя, хто мае жаданьне мець чыстае сэрца, хто ня толькі мые твар і чысьціць зубы кожны дзень, але і пастаянна чысьціць сваё сэрца ад брудных думак, планаў і намераў. Яны ўспрымаюць Бога як рэальнасьць ужо зараз, яны бачаць Таго, Хто бачыць усё зьверху.
А ў самым канцы Бібліі ёсьць і абяцаньне таго, што Бога яны ўбачаць сваімі вачыма: «…І ўгледзяць аблічча Ягонае».
Божа Вялікі! Дай нам не трапляць з-за нячысьціні сэрцаў нашых у недарэчныя сітуацыі, дай, каб не баяцца нам здымкаў схаванай камерай, а бачыць усё, як яно ёсьць, бачыць, што мы ніколі ня бываем сам-насам з сабою, а што нас заўсёды бачыш Ты.
Амін.