LAZA
Ростані
Содержание
Contents

Несправядлівая літасьць ці літасьцівая несправядлівасьць


(Мацьвея 5:7)

МІЛАСЭРНЫЯ — ПЯТЫ ЗАПАВЕТ ШЧАСЬЦЯ

У мінулай нашай размове мы гаварылі аб голадзе і празе праўды, аб тым, што навокал гэтай праўды так мала, што нас часта ахутвае роспач і мы нават ня бачым у жыцьці ніякага сэнсу.

Як хацелася б нам, каб праўды было б хоць трошачкі больш, чым яе ёсьць.

Але давайце падумаем, што было б, каб усе нашыя самыя дзёрзкія мары зьдзейсьніліся. Уявім сабе, што праўда перамагла і ўсьцяж пануе абсалютная справядлівасьць. Гэта значыць, што кожны падман, кожная няпраўда яшчэ ў зародку выкараняюцца, кожны ўчынак, які не адпавядае нормам найвышэйшай, дасканалай справядлівасьці, адразу ж на месцы караецца. Што будзе тады?

Нават калі ўзяць менш жорсткія патрабаваньні, напрыклад, звычайны кодэкс аб адміністратыўных правапарушэньнях, правілы дарожнага руху ці карыстаньня грамадзкім транспартам, што атрымаецца?

Хто заўсёды пераходзіць вуліцу толькі на зялёнае сьвятло ці толькі на пешаходных пераходах? Хто заўсёды правільна карыстаўся эскалатарам у метро ці ніколі не ўваходзіў у аўтобус празь пярэднія дзьверы?

Наўрадці такія сярод нас ёсьць. На адных штрафах мы б згубілі ўсё, што зарабілі за сваё жыцьцё. На нас складалі б у дзень дзясяткі пратаколаў аб парушэньні тых ці іншых правілаў.

Я нагадаю, што гэта датычыцца чалавечых правілаў, самых элементарных, накіраваных на нармальнае функцыяваньне грамадзтва. А што ж атрымаецца, калі нам спытаць з саміх сябе па максімуме? Калі караць свае думкі і ўчынкі паводле кодэксу Боскага?

Панаваньне праўды ў выніку ператворыцца яшчэ ў большы жах, чым панаваньне няпраўды. Яно будзе азначаць сьмерць, сьмерць кожнага з нас, бо ніводная нашая думка, ніводзін наш учынак ня будуць адпавядаць патрабаваньням ідэальнага дабра, гэта значыць, патрабаваньням Бога.

Можа, менавіта гэтае мае на ўвазе Біблія, калі кажа, што «расплата за грэх — сьмерць»? За адзін дзень, за адну гадзіну жыцьця мы становімся рэцыдывістамі, якія ніякага іншага прыгавору не заслугоўваюць.

Парадокс! Голад і прага праўды нясуць сьмерць, зьнішчаюць саміх носьбітаў гэтага голаду і прагі.

Дык што ж атрымліваецца? Адмовіцца ад жаданьня праўды, зьмірыцца зь няпраўдаю? Але на гэтым шляху нас чакае толькі роспач, гэтая дарога вядзе ў нікуды.

«І туды гара, і сюды гара». І ў няпраўдзе сьмерць, і ў праўдзе.

Няўжо няма выйсьця нам, заціснутым у гэтыя абцугі?

Выйсьце ёсьць. Выйсьце побач.

Калі мы ўсур’ёз задумаемся над гэтым парадоксам, гэтай безвыходнасьцю, мы ўжо намацваем выйсьце, бо што адчуваем мы да саміх сябе, калі бачым, што праушаем законы, правілы і загады на кожным кроку?

Пэўна ж, мы спачуваем сабе, спачуваем сваёй недасканаласьці, таму, што быццам бы і ад няпраўды ўцякаем, і да праўды дабегчы ня здольныя.

СПАЧУВАНЬНЕ… Вялікая сіла, якая растоплівае жорсткія патрабаваньні справядлівасьці спачатку ў нашым сэрцы. Бацька вымушаны пакараць сына за тое, што той намаляваў на шпалерах нешта, чаму там аніяк ня месца, але… спачувае яму, бо й сам любіў у дзяцінстве памаляваць там, дзе ня трэба. Міліцыянт адвозіць п’янага ў выцьвярэзьнік, але спачувае яму, бо й сам ня дурань лыч захмяліць.

Але ад спачуваньня ўжо адзін крок да нечага, што вышэй за справядлівасьць, ад пачуцьця спачуваньня да дзеяньня дараваньня.

Мы можам дараваць сваім дзецям, сваім каханым нават тыя ўчынкі, якія бясспрэчна пакараньня заслугоўваюць. Атрымліваецца, што мы дзейнічаем насуперак справядлівасьці, але агіды гэта ў нас ня выклікае. Няма адчуваньня, што мы ідзем у абход справядлівасьці. Наадварот, калі мы знаходзім у сабе сілы некаму нешта дараваць, мы адчуваем палёгку і духоўную перамогу. І гэтае нашае інтуітыўнае, падсьвядомае адчуваньне знаходзіць падтрымку ў словах зь Бібліі: «Літасьць узьнесена над судом». Гэта іншы ўзровень, вышэйшы за прымітыўную, артадаксальную справядлівасьць, калі мы імкнемся кожнаму за яго правіну тут жа аформіць пакараньне.

Голад і прагу праўды дараваньне не адмаўляе. Яно ўзносіцца над гэтымі голадам і прагаю, робіць іх больш аб’ёмнымі, больш паўнавартаснымі.

Менавіта гэтая пасьлядоўнасьць і выяўляецца ў двух запаветах шчасьця з Нагорнай казані Ісуса Хрыста, якія адзін за другім выкладзеныя ў 5-м разьдзеле Евангельля паводле Мацьвея, у вершах шостым і сёмым:

«Дабрашчасныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца».

«Дабрашчасныя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць».

Бо яны памілаваныя будуць».

Я яшчэ раз падкрэсьліваю: пасьля словаў «Дабрашчасныя міласэрныя» кропкі няма. Міласэрныя дабрашчасныя таму, што яны будуць памілаваныя.

Ізноў жа, тут ёсьць два ўзроўні. Адзін даступны ўсім, яго можна адчуць і вытлумачыць простымі законамі чалавечай прыроды, тым, што, як мы казалі, дараваўшы, адчуваеш палёгку і задавальненьне. Для гэтага ня трэба верыць у Хрыста, дастаткова проста кіравацца імкненьнем да высокіх ідэалаў.

Але ўся паўната гэтага запавету шчасьця выходзіць на яву тады, калі мы зразумеем, што, праяўляючы міласэрнасьць да іншых, мы даем права Богу праявіць міласэрнасьць да нас, мы атрымліваем спадзяваньне і нават упэўненасьць у тым, што таксама, як мы адмянілі некаму прысуд, якога ён заслугоўваў за правіну супраць нас, так і Бог адменіць наш прысуд, якога мы заслугоўваем штодня, што гадзіны. «Бо расплата за грэх — сьмерць, а дар Божы — жыцьцё вечнае ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым».

Памятаеце ўсім вядомыя словы: «І даруй нам правіны нашыя, як і мы даруем вінаватым перад намі? Гэта матэматычная формула — дараваньне нам роўнае дараваньню намі. Альтэрнатыву Біблія таксама прыводзіць: «Бо суд ня мецьме літасьці да таго, што нялітасьцівы…»

Ю. Сьмiрноў


да пачаткуростанi / наступны артыкул / папярэднi артыкул


Зьвязацца з аўтарам: smirnou сьлімак laza кропка org

Заўважылі памылку? Вылучце яе мышшу і націсьніце Ctrl+Enter. Зробім мову і пунктуацыю чысьцей, а факталёгію і тэалёгію дакладней :-)!