LAZA
Ростані
Содержание
Contents

Прага па праўдзе


(Мацьвея 5:6)

«Стамлёны ўсiм, я лепш сустрэў бы смерць,
  Чым занядбаных бачыць жабраванне,
  I здзек пустапарожнасцi цярпець,
  I найчысцейшай праўды зневажанне,
  I бачыць пыху ў залатых страях,
  I цноту, згвалчаную хiжай сiлай,
  I для бязглуздасцi пачэсны шлях,
  I моц, якую немач паланiла,
  I матакоў нiзкапаклонны зброд,
  I недарэк мастацтвазнаўцаў з iмi,
  I iсцiну, якой затулен рот,
  I зло, што верхаводзiць над усiмi.
Стамлёны ўсiм, сумую па труне. Ды як жа друг мой будзе без мяне?»

(Пераклад У. Дубоўкі)

Лепш за Шэкспіра ня скажаш. Да яго 66-га санэта мы можам толькі дадаць канкрэтыкі, расшыфраваць, якая немач у нас паланіла якую моц, які на Беларусі ёсьць «мастакоў нізкапаклонны зброд», як лоўка затуляюць рот ісьціне некаторыя нашыя сучасьнікі і якое зло верхаводзіць над усімі тут і зараз.

Настолькі ўсё навокал робіцца несправядліва, несумленна, недасканала, не па праўдзе, што, як і да Шэкспіра, і да нас прыходзяць думкі: «А ці варта ўвогуле псаваць сабе нэрвы? Ці варта непакоіцца, змагацца за праўду, калі большасьці людзей менавіта гэтая няпраўда больш да спадобы? Ці ёсьць гэтая справядлівасьць? Ці ёсьць гэтая праўда ўвогуле?»

Яна ёсьць. І доказы гэтага мы знойдзем ня ў гісторыі, бо часоў і дзяржаваў, у якіх панавалі б справядлівасьць і праўда, ня было. Мы ня знойдзем такіх доказаў і ў разнастайных тэорыях удасканаленьня грамадзтва. Марны занятак — шукаць залатога веку ў зямным мінулым і будучыні зямной. Доказ таго, што праўда існуе, ужо ў самым існаваньні гэтага адчуваньня няпраўды. Кажучы, што барысаўскі кухонны камбайн нязручны ў карыстаньні і ненадзейны, мы маем на ўвазе, што існуюць камбайны зручныя і надзейныя. Можа, мы да тых «Сімэнсаў» і «Бошаў» і блізка не падыходзілі, але ж ніхто ня будзе спрачацца, што яны ўсё ж такі недзе ёсьць.

Так і з праўдаю. Калі мы кажам, што нейкія зьявы ці нечыя паводзіны не адпавядаюць крытэрыям справядлівасьці, мы прызнаем, што крытэрыі гэтыя існуюць, а значыць, існуе і сама справядлівасьць.

Чацьверты з запаветаў шчасьця ў Нагорнай казані Ісуса Хрыста гучыць так:

«Дабрашчасныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца».

Зноў жа, погляд сьвету і погляд Ісуса ня супадаюць у прынцыпе, у корані. Шэкспір, напэўна, быў ня самым дрэнным зь людзей. Ён быў геніем, якія нараджаюцца нават ня кожнае стагодзьдзе, і таму мы можам давяраць яму як знаўцы чалавечай душы і яго высновам аб сьветапоглядзе чалавека. Згадзіцеся, што сьветапогляд гэты даволі пэсімістычны. Герой санэта ў роспачы нават амаль губляе сэнс жыцьця. А Ісус кажа, што такі стан, які непазьбежна прыводзіць да роспачы, ёсьць шчасьце.

Давайце адкінем у бок лухту аь высокіх духовых ідэалах і паспрабуем разабрацца, а чаму ж сапраўды жаданьне і прага праўды — гэта шчасьце.

Па-першае, трэба вызначыцца, што такое жаданьне і што такое прага.

Памятаеце, як гэта гучыць па-расейску?

«Блаженны алчущие и жаждущие правды».

Гэта больш дакладны пераклад з арыгінала. Голад і прага. Як сказаў бы адзін класік, ёсьць голад і голад, ёсьць прага і прага. Мы можам чухаць патыліцу і выбіраць, што ж сёньня зьесьці на абед — катлету ці біфштэкс і чым яго ці яе запіць — кока-колай ці спрайтам. Гэта таксама можна лічыць голадам і прагай. Але бывае голад, калі ты чэрствую скарыначку зацьвіўшага хлеба рвеш, як тыгр, і бывае прага, калі ўсй гатовы аддаць за адзін-адзіны глыток простай вады.

Вось аб такім голадзе і аб такой празе тут размова.

Калі ты перабіраеш: «У гэтым выпадку я іх вымушу са мной абыходзіцца справядліва, а ў гэтым — хай падманваюць, я ім і сам сьвіньню падкладу», гэта ня голад і ня прага праўды. Не пра цябе тады чацьверты запавет шчасьця. А вось калі ты фізічна ня можаш пераносіць несправядлівасьці, і не да сябе, а да іншага, калі, прыгадваючы, як нехта некага пакрыўдзіў ці згвалціў паняцьце гонару, заснуць ня можаш, тады гэта пра цябе.

Важны таксама і аб'ект гэтага голаду і прагі. Гэта павінна быць праўда зь вялікай літары, без двукосьсяў і прыметнікаў. У Бібліі не напісана: «Дабрашчасныя тыя, хто жадае і прагне «Мінскай праўды», «Гродзенскай праўды» ці «Піянерскай праўды»». Там усяго адно слова і без двукосься — проста «ПРАЎДА».

Так што тыя, хто шукае праўды толькі для сябе асабіста, толькі для сваёй сям'і, толькі для свайго клану, толькі для сваёй нацыі, могуць ня турбавацца — Ісус Хрыстос ня меў іх на ўвазе. Ён меў на ўвазе менавіта тых, хто, як Шэкспір, ад роспачы з-за адсутнасьці справядлівасьці страчвае веру ў чалавецтва і жаданьне жыць. Ён меў на ўвазе менавіта тых, хто фізічна хварэе, калі чуе, як тыя, хто пастаўленыя кіраваць іншымі, хлусяць і плююць на ўсё сьвятое. Ён меў на ўвазе менавіта тых, хто не ўяўляе сабе праўды на 50%, каго нават 99,9%  не задавальняюць — ім трэба толькі 100% і ня менш.

Але ў чым жа тут шчасьце? Чаму дабрашчаснымі называе Ісус гэтых людзей, якія пакутуюць часам нясьцерпна і нявыносна?

Мазахізму тут шукаць ня трэба. Заўважце ізноў, што пасьля словаў «Дабрашчасныя тыя, хто жадае і прагне праўды», кропкі не стаіць. Там коска… і дадатак: «…бо яны спатоляцца».

Гэтыя праўдалюбцы дабрашчасныя таму, што іх голад і прага будуць абавязкова спатоленыя. Той, Хто даў ім гэтае адчуваньне голаду і прагі, ведае, як яго спатоліць.

Я думаю, вы згодныя, што глыток вады, калі ў цябе ўсё засьмягла ўсярэдзіне і нават звонку, здаецца шчасьцем. Праўда, гэтае шчасьце нядоўгае. Адзін глыток прагі не забівае. Выпадкі, калі мы сутыкаемся з праявамі справядлівасьці, годнасьці і праўды, даюць толькі часовае задавальненьне, якое наступная ж сустрэча са злом можа разбурыць ушчэнт.

Але нешта ўсё ж такі не давала герою санэта зусім аддацца роспачы і, жадаючы сустрэць сьмерць, расчараваўшыся амаль ва ўсім, ён яшчэ чапляецца за жыцьцё, бачыць нешта, дзеля чаго варта жыць.

Нікуды ня дзецца — зараз гэтай праўды ў нашым сьвеце зьнікома мала, яе з агнём ня знойдзеш. Але ў Царстве Нябесным праўда будзе натуральным спосабам існаваньня — мы будзем яе піць, ёю дыхаць, з часам мы, можа, нават перастанем яе заўважаць…

Але адразу мы адчуем велізарнае шчасьце. Пасьля выпаленай да травіначкі пустыні несправядлівасьці і хлусьні мы акунемся з галавою ў сьцюдзёнае возера дасканалай праўды.

Няхай жа дасьць нам Усемагутны Бог голад і прагу па вялікай праўдзе Яго і веру ў тое, што гэтыя голад і прага будуць спатоленыя.

Ю. Сьмiрноў


да пачаткуростанi / наступны артыкул / папярэднi артыкул


Зьвязацца з аўтарам: smirnou сьлімак laza кропка org

Заўважылі памылку? Вылучце яе мышшу і націсьніце Ctrl+Enter. Зробім мову і пунктуацыю чысьцей, а факталёгію і тэалёгію дакладней :-)!