Усе мы добра памятаем плакаты і скульптуры нядаўніх часоў. «Рабочы і калгасьніца», палотны Дайнекі і іншых майстроў сацыялістычнага рэалізму, транспаранты, якія мы горда несьлі над сабою на першамайскіх і кастрычніцкіх дэманстрацыях… Вы памятаеце, якія мужчыны і жанчыны, юнакі і дзяўчыны глядзелі на нас з гэтых плакатаў і скульптураў? Бадзёрыя, з шырокімі усьмешкамі і шырока раскрытымі вачыма. Ці наадварот, мужныя, з сурова сьціснутымі сківіцамі. Ці бачыў хто ў гэтым натоўпе намаляваных і вылепленых постацяў хаця б адзін плачучы твар? Напэўна ж, не. Плакалі на карыкатурах у «Крокодиле» і «Вожыку» дзядзька Сэм, амерыканскія шпіёны, савецкія п’яніцы і раскрадальнікі сацыялістычнай маёмасьці. Сапраўдны, шчасьлівы чалавек плакаць ня мог. Той орган, якім плачуць, у яго атрафіраваўся за адсутнасьцю ў ім патрэбы. Дадзім слова аўтарытэту, вялікаму пралетарскаму паэту:
«Если бы
выставить в музее
плачущего большевика,
весь день бы
в музее
торчали ротозеи.
Ещё бы —
такое
не увидишь и в века!»
Усе мы цудоўна памятаем, што было самым ганебным для нас у дзяцінстве. Двор, кампанія маглі дараваць падман, захапляліся дзёрзкасьцю і нахабствам, але сьлёзы руйнавалі любую хлапечую рэпутацыю. «Ня румзай!», «Ня плач!» — чулі мы дома, ў дзіцячым садзе, у школе, у кабінеце ўрача. Нават бязьмежна любячыя нас бацькі часта казалі нешта накшталт «Сапраўдныя мужчыны ня плачуць». Дасягнуць посьпеху ў кампаніі аднагодкаў, у вучобе, у працы, у спорце можна было мільёнам розных шляхоў. Толькі ня плачам. Толькі не слязьмі.
Так лічыць сьвет: плач і шчасьце — катэгорыі дыяметральна супрацьлеглыя, несумяшчальныя. Праўда ёсьць выраз «сьлёзы шчасьця», але гэта ўжо паэзія. А паэзія, калі яна сапраўдная, а не пралетарская, ужо не ад гэтага сьвету. Яна і ў сьвеце, і ня ў ім. Як і Біблія. Яна зьвяртаецца да нас, якія жывуць у сьвеце, зь весткай не ад гэтага сьвету. І вось што кажуць наконт плачу ў гэтым іншым сьвеце: «Дабрашчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца».
Плач і шчасьце ТУТ цесна зьвязаныя. Плач нават зьяўляецца ўмоваю шчасьця. Біблія плачу не саромеецца, да плачу ў шматлікіх выпадках заклікае, у Бібліі нават ёсьць цэлая кніга, якая так і завецца — Плач Ераміі.
З плачам мы сустракаемся ўжо на першых старонках Бібліі. Калі Бог абвяшчае Адаму і Еве, што будзе вынікам іх грэху, Ён кажа жанчыне: «Памнажаючы памножу скруху тваю», а мужчыне: «…Праклятая зямля за цябе; са скрухаю будзеш есьці ад яе ўва ўсе дні жыцьця твайго».
Але Бог ня толькі наканаваў плакаць чалавеку — Ён плакаў разам зь ім. Калі Ісус прыйшоў да дома памершага Лазара, Біблія так апісвае Яго сустрэчу зь сястрою нябожчыка, Марыяю:
«Ісус, калі ўбачыў яе, што плача, і Юдэяў, якія прыйшлі зь ёю і плачуць, Сам засмуціўся духам і ўзрушыўся, і сказаў: дзе вы паклалі яго? Кажуць Яму: Госпадзе! ідзі і паглядзі.
Ісус заплакаў сьлязьмі».
Значыць, і Ісус ня быў падобны да ружовашчокіх аптымістаў з глянцавых плакатаў, і Ён, як усе мы, быў знаёмы са слязьмі. Ён, Які мог бы быць па-над усім гэтым, Які мог бы ня ведаць ані болю, ані сьмерці, ані плачу, Які мог бы сказаць, як зямныя бацькі кажуць сваім дзецям: «Сапраўдныя мужчыны ня плачуць».
Ісус плакаў Сам. І папярэдзіў нас: «У сьвеце зазнаеце скруху. Ня мейце марных спадзяваньняў. Ня трэба зайздросьціць скульптурам і плакатам». Аднак да папярэджаньня свайго дадаў: «…Але суцешцеся: Я перамог сьвет».
Сьвет кажа: плач — гэта паняцьце, якое выключае магчымасць шчасьця.
Біблія кажа: плач — гэта ўмова шчасьця. Але заўважце — Біблія ня кажа, што шчасьце ў плачы. Пасьля словаў «Дабрашчасныя тыя, што плачуць…» кропкі не стаіць. Ісус дадае: «…Бо яны суцешацца.» Пасьля словаў «У сьвеце зазнаеце скруху…» кропкі таксама няма. Далей гучыць абяцаньне: «…Але суцешцеся: Я перамог сьвет.» Плач ня ёсьць шчасьцем сам у сабе. Шчасьце — гэта плач плюс суцяшэньне. Нават больш за тое — суцяшэньне і ёсьць шчасьце.
У гэтым запавеце шчасьця — «Дабрашчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца» — можна знайсьці два сэнсы, два вымярэньні. Гэта вельмі часта бывае ў Бібліі. Па-першае, плач нясе з сабою перспектыву простага, чалавечага, псіхалагічнага, калі хочаце, суцяшэньня.
Няўцешнага гора ня бывае. Так створаны чалавек, што яго эмоцыі рухаюцца па сінусоідзе. Калі сёньня ў вас чорны дзень, калі ў вас асабістая трагедыя, калі вам здаецца, што усё страчана, будзьце ўпэўненыя — загляне сонца і ў ваша ваконца. Ва ўсе часы, ва ўсіх народаў людзі заўважалі, што гора зьмяняецца шчасьцем, за чорнаю паласою ідзе сьвятлейшая. Я не сумняваюся, што ў кожнага з вас біяграфія таксама складаецца з безьлічы няшчасьцяў і суцяшэньняў. Таму тут ёсьць сэнс самы просты — тыя, што плачуць, шчасьлівыя таму, што ня будуць плакаць вечна і іх плач зьменіцца спакоем. Згадзіцеся, што адчуць, як вас пакідае боль (фізічны ці душэўны), гэта шчасьце. Але ці вычэрпвае такое разуменьне ўвесь сэнс словаў Ісуса?
Слова, якое ў Бібліі выкарыстанае для азначэньня шчасьця, — адно з чатырох у грэцкай мове, якое можна перакласьці «шчасьлівыя». Адзін з чатырох сінонімаў тут выбраны невыпадкова, бо гэтае слова азначае шчасьце непарушнае, боскае, нязьменнае, якога ніхто і нішто ня зможа адабраць. Шчасьце, якое мы адчуваем, калі ў нас больш не баліць зуб, эфемернае, яно трывае толькі да бліжэйшага расчараваньня. Першая ж сварка ў сям’і, першая непрыемнасьць на працы і сьледу не пакідаюць ад гэтага шчасьця. Не адпавядае такое разуменьне словам «блаженны», «дабрашчасныя», «makarioi».
І калі да таго ж мы прыгадаем, што ў Нагорнай казані Ісус Хрыстос выкладае канстытуцыю Царства Нябеснага, нам стане зразумела, што тут размова ідзе пра іншае, больш фундаментальнае шчасьце. Ісус гаворыць пра іншае, больш трывалае суцяшэньне. Ісус мае на ўвазе іншы плач, плач аб недасканаласьці сваёй, недасканаласьці сьвету. І ёсьць цудоўныя словы ў апошняй кнізе Бібліі, ад якіх халодна становіцца ўсярэдзіне і якія немагчыма зразумець чалавечаму розуму. Ім можна толькі паверыць.
«…І ўтрэ Бог кожную сьлязіну з вачэй іхных, і сьмерці ня будзе ўжо; ні плачу, ні енку, ні хваробы ўжо ня будзе; бо ранейшае прайшло».