Хто часта ездзіць у электрычках, напэўна, ня раз бачыў такое «звычайнае дзіва»: у вагон заходзяць кантралёры і, пачынаючы з розных канцоў, звыклымі, завучанымі рухамі правяраюць у пасажыраў білеты. Кожны пасажыр дастае ці то білет, ці то праязны, ці то нейкае пасьведчаньне, падае ці паказвае яго чалавеку ў форменнай фуражцы і дрэме далей. Стукаюць колы, гудзе цягнік, раз-пораз ляпаюць дзьверы. Сумна жыць на гэтым сьвеце, спадарства!
І раптам манатонны працэс праверкі білетаў перарываецца. Адзін з кантралёраў затрымліваецца каля аднаго з пасажыраў. Той упэўнены, што білет браў, памятае, як стаяў у чарзе ў касу, нават твар касіркі памятае. Але дзе ён, той білет?! Адна кішэнь, другая, трэцяя, у штанах, у паліто, у пінжаку. Дзе ж ён? Грошы на месцы, дакументы на месцы, усё, як заўсёды. А дзе ж білет? У чалавека пачынаюць трымцець рукі, яго твар чырванее, вочы бегаюць, як у злодзея.
З кантралёрам, які цярпліва назірае за агоніяй сваёй ахвяры, ужо сустрэўся яго калега. Ён пасьпеў праверыць сваю палову вагона і нават прайшоў частку другой, не сваёй, каб не марнаваць часу.
На твары кантралёра абыякавасьць зьмяняецца раздражнёнасьцю, раздражнёнасьць — нецярплівасьцю, а нецярплівасьць — ўпэўненасьцю: «Заяц!»
Увесь вагон прачынаецца ад дрымоты, адкладвае ўбок трылеры і газэты «Совершенно секретно« і таксама выносіць сваімі позіркамі прысуд, які не падлягае абскарджаньню: «Заяц!»
Чалавек і сам ужо сумняваецца, а ці не прысьнілася яму гэтая каса і касірка, сам прымярае на сябе заечыя вушы і рыхтуецца плаціць штраф. «Заяц!» — асуджае сябе і ён.
Каб ехаць у электрычцы з паднятаю галавою, трэба мець білет, трэба выканаць нейкую ўмову, прадугледжаную правіламі гульні.
Каб жыць у Царстве Божым з паднятаю галавою, трэба таксама мець білет, трэба таксама выканаць нейкую ўмову, прадугледжаную гэтымі правіламі. Якую ж?
У Канстытуцыі Царства Нябеснага, Нагорнай казані Ісуса Хрыста гэтая ўмова выкладзена самай першай. «Дабрашчасныя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябеснае». Пасьля яе яшчэ восем сказаў пачынаюцца са слова «дабрашчасныя…», але гэтая ўмова першая.
І ведаеце, яе зразумець найцяжэй. Астатнія неяк лягчэй асэнсаваць. З тым, што плач зьменіцца суцяшэньнем, згаджаюцца многія. Тое, што шчасьце маюць лагодныя, міласэрныя і міратворцы, таксама асновы духоўнасьці ў любой грунтоўнай сістэме сьветапогляду. Але ўбогасьць духа і шчасьце?!.. Нездарма гэтая ўмова стаіць першай. Ад таго, як мы зразумеем яе і ці зразумеем увогуле, залежыць, чым будзе для нас уся Нагорная казань, увесь Новы Запавет, уся Біблія — наборам зручных цытатак ці падручнікам і компасам жыцьця, прыгожымі словамі ці пропускам у іншы сьвет, іншае вымярэньне. Гэта білет у Царства Нябеснае.
У свой час, калі я яшчэ ня быў хрысьціянінам, гэты сказ мяне таксама бянтэжыў. Я спрабаваў зразумець яго як «Дабрашчасныя ўбогія (паўза) духам», г. зн. «Убогія матэр’яльна дабрашчасныя духам», бо інакш выходзіла бязглузьдзіца. Як жа? Навокал размаўляюць аб высокіх ідэалах, духоўных багацьцях, а ўбогасьць духам — гэта ж мяшчанства, жывёльныя інстыкты, група «На-на» і «L-клуб». Ня мог Хрыстос гэтага мець на ўвазе. І выснова, да якой я прыходзіў у выніку: ці Хрыста не было, і гэта напісалі людзі; ці Хрыстос быў, але «этот Левий Матфей неверно за мной записывает». Вось як шмат залежала ад правільнага ці няправільнага разуменьня гэтай умовы.
Так, зразумець і прыняць літаральны сэнс гэтага першага сказу Нагорнай казані — крок вялікі, адначасова выключна просты (бо сэнс жа літаральны) і неймаверна цяжкі. Некаторым не хапае жыцьця, каб зразумець, што шчасьце не ў духоўным багацьці, а ў духоўным жабрацтве. Вось вам і адно з такіх простых месцаў у Бібліі, якое зразумець бывае цяжэй за самыя складаныя загадкі тэксту.
Дык што ж мае на ўвазе Хрыстос?
Па-першае, слова, якое тут выкарыстана для азначэньня шчасьця, адно з чатырох, якія ў грэцкай мове перадавалі гэтае паняцьце. І менавіта гэты сінонім выбраны невыпадкова. Тут размова не аб шчасьлівай кар’еры, калі ты дасягнуў посьпеху ў вачах людзей, не аб шчасьлівым талісмане, які гарантуе посьпех на экзамене ці ў спаборніцтвах, не аб шчасьлівым білеце ў латэрэі, які абрушвае на цябе посьпех нечаканы і незаслужаны. Словы з такімі значэньнямі ў грэцкай мове былі.
Але тут Ісус (і Левій Мацьвей за ім) ужывае чацьверты сінонім — «makarios». Гэта значыць шчасьце дасканалае, боскае, якога ніхто і нішто не адбярэ і якое не залежыць ні ад ацэнкі людзей, ні ад талісманаў, ні ад таго, наколькі табе шанцуе ў азартных гульнях.
Дзе ж тая каса, у якой можна набыць білет на такое шчасьце, колькі ён каштуе і ў якой валюце?
Касы няма. Білет даецца дарма. Валюты ня трэба. Гэты білет кожны з нас носіць з сабою. Розьніца толькі ў тым, хто ў якую кішэнь яго запіхнуў і наколькі хоча знайсьці.
Бязьмежна і вечна шчасьлівыя УБОГІЯ духам. Ня проста тыя, хто адчувае ў сабе духоўныя недапрацоўкі, духоўныя спады і духоўныя праблемы. УБОГІЯ — гэта значыць бязьмежна і вечна бедныя, тыя, у каго няма нічога, анічагусенькі. Жабракі. І такія мы ўсе і ёсьць. У іншым месцы Бібліі сказана: «Бо ты кажаш: я багаты, разбагацеў і ні ў чым ня маю патрэбы; а ня ведаеш, што ты няшчасны і жалю варты, і ўбогі і сьляпы і голы». Ня трэба прызнавацца ў гэтым некаму іншаму. Моўчкі паглядзіце ў сябе. Ці знойдзем мы ў сабе сапраўдную любоў нават да блізкіх сабе людзей? Ці сапраўды высокія духоўныя ідэалы вабяць нас мацней за камфорт і смачны абед? Ці няма ў нашай душы побач з высокімі духоўнымі парывамі такіх брудных ці жудасных думак, аб якіх нават найбліжэйшаму сябру прызнацца сорамна? Няхай кожны адкажа сам сабе, але гэта аксіёма — мы ўсе ўбогія духам.
І вось калі мы заглянем у бездань сваёй душы і ўбачым сваю ўбогасьць духа, там і будзе наш білет. Пакуль мы сутаргава рыемся па кішэнях, шукаючы ў сабе добрыя рысы характару, добрыя якасьці, добрыя ўчынкі, Кантралёр стаіць, гатовы выпісаць штраф «па самую завязку». Нам здаецца, гэта Сам Бог. Але Бог не асуджае, Ён хоча, каб мы знайшлі свой білет.
І якою ж палёгкаю і трыумфам сьвецяцца вочы пасажыра, калі ўрэшце рэшт ён усё-ткі знаходзіць свой білет у той кішэні, якую абмацаў, здаецца, пяцьдзесят разоў. Такою ж палёгкаю і трыумфам будзе для нас прызнаньне ў сваім духоўным жабрацтве. І адыйдзе кантралёр, расчараваны і злосны на пасажыра. А пасажыр будзе ехаць у электрычцы, горда азіраючыся навокал і марачы аб тым, як яго сустрэнуць там, куды ён едзе. І гэтак жа ўпэўнена будзем пачувацца мы ў гэтай бруднай і зашмальцаванай электрычцы пад назваю «зямное жыцьцё», ведаючы, што нас абавязкова сустрэне на канцавым прыпынку Той, хто сказаў: «ДАБРАШЧАСНЫЯ УБОГІЯ ДУХАМ, БО ІХ ЁСЬЦЬ ЦАРСТВА НЯБЕСНАЕ».