LAZA
Ростані
Содержание
Contents

Як чытаць?


(Бiблiя-3)

У дзьвюх нашых мінулых размовах мы гаварылі пра Біблію. Пра тое, што, калі Бог-Творца сапраўды існуе і сапраўды хоча добрага сваім творам, то Ён па логіцы павінен быў пакінуць нам нейкі дасканалы компас, які заўсёды мог бы падказаць нам шлях. Хрысьціяне, пры ўсіх разыходжаньнях паміж рознымі традыцыямі хрысьціянства, аднадушна згаджаюцца ў тым, што такі компас — Біблія. Мы гаварылі аб тым, што такая ўпэўненасьць грунтуецца не на сьляпой веры, а на тым, што Біблія на працягу тысячагодзьдзяў пасьпяхова даказала і працягвае даказваць сваю сілу, сваю непераўзыйдзеную мастацкую вартасьць, сваю дасканалую дакладнасьць у сэнсе гісторыі і геаграфіі. Але мы сказалі, што галоўнае — не абкладвацца падручнікамі гісторыі і геаграфіі, не вывучаць жанравыя асаблівасьці той ці іншай часткі Бібліі, а ЧЫТАЦЬ Біблію, проста чытаць.

І тут я прадчуваю пярэчаньні тых, хто дабрасумленна пачынаў яе чытаць, але, натрапіўшы на такія месцы, як «…Зарававель спарадзіў Авіуда; Авіуд спарадзіў Еліякіма; Еліякім спарадзіў Азора; Азор спарадзіў Садока…» і г.д.  , пераконваліся, ці, калі дакладней, самі пераконвалі сябе, што зразумець што-небудзь у Бібліі немагчыма. Іншыя не маглі адолець першыя некалькі разьдзелаў, бо не разумелі, як Каін мог знайсьці сабе нейкую жонку, калі адзінымі людзьмі на зямлі былі Адам, Ева і яго брат Авель. Таму я адразу, пакуль вы яшчэ маеце запас цярплівасьці і слухаеце нас, хачу вас папярэдзіць: не спадзявайцеся, што вы зразумееце ў Бібліі абсалютна ўсё. Калі нехта вам скажа, што ён УСЁ разумее ў Бібліі, паспрабуйце далікатна высьветліць у гэтага чалавека, ці знаёмы яму маршрут 18-га аўтобуса. Але я таксама хачу вас папярэдзіць і аб зваротным: не спадзявайцеся, што вы не зразумееце ў Бібліі абсалютна нічога. І першае, і другое немагчыма. Як сказаў адзін разумны чалавек, калі яго запыталі аб нейкім цяжкім месцы ў Бібліі: «Мяне ня надта турбуюць цяжкія месцы. Я простыя ніяк не магу зразумець як сьлед».

Практычная выснова з гэтага такая: чытайце Біблію. Разважайце над тым, што зразумела. Разважайце над тым, што незразумела. Ня бойцеся, што нешта здасца вам недакладным, непатрэбным ці нават не адпавядаючым здароваму сэнсу. І зь цягам часу вы ўбачыце, што пытаньні, якія не пускалі вас далей, адыйдуць убок. Ня зьнікнуць, але і ня будуць закрываць сабою ўсё астатняе. А некаторыя і увогуле зьнікнуць, бо, напрыклад, зразумець, дзе Каін знайшоў сабе жонку, зусім няцяжка. І потым — што гэта за прэтэнзіі: абавязкова трэба разумець усё? Няхай той, хто хоча зразумець абсалютна ўсё ў Бібліі, падыходзіць з той жа меркаю і да іншых твораў. Хто можа шчыра сказаць, што ён абсалютна ўсё разумее ў апошнім нумары «Советской Белоруссии»? Пішыце.

Будзем лічыць, што мы дамовіліся — ня будзем спадзявацца зразумець у Бібліі абсалютна ўсё, хаця, шчыра кажучы, вельмі б хацелася, і будзем спадзявацца, што хаця б нешта ў Бібліі мы зразумеем. Але тут паўстае іншае пытаньне — як разумець Біблію? Падыходаў тут шмат — нядаўна нават нейкія мудрыя галовы вынайшлі, што, калі закласьці Біблію ў кампутар, атрымаецца… нейкі там код. Калі гэта праўда, то значыць, ні Блажэнны Аўгустын, ні Мартын Лютэр, ні Аляксандр Мень не разумелі Бібліі як трэба. А пра бабак вясковых што і гаварыць? Куды ім разумець Сьвятую Кнігу без кампутара! На мой погляд, усе гэтыя мудрагелістыя падыходы, звышсучасныя ці наадварот звышстаражытныя, папросту не вытрымліваюць ніякай крытыкі, і паверыць ім могуць толькі людзі, якія самой Бібліі як раз і не чыталі. Пачытайце Дзеі Апосталаў, дзе апісваецца пачатак гісторыі хрысьціянскай царквы. Якая тут містыка? Які тут код? Нават дзеці цудоўна разумеюць сутнасьць таго, што там адбывалася. І я глыбока перакананы, што тыя, хто пакрывае Біблію туманамі містыкі, называе яе кодам, шыфрам, пасланьнем ад пазазямных цывілізацыяў, Бібліі проста баяцца, баяцца паглядзець ёй у вочы. Бо як, скажыце, калі ласка, маглі амаль тры тысячы пяцьсот год таму неадукаваныя габрэі, ня маючы кампутараў і ня чытаўшы «Розы Сьвету» ці Рэрыхаў з Блавацкай, адказаць Майсею пасьля таго, як ён прачытаў ім уголас кнігу запавету, гэта значыць, тую самую Біблію, толькі карацейшую, чым мы маем сёньня: «Усё, што сказаў Госпад, зробім, і будзем паслухмяныя»? Гэта другая кніга Бібліі, Выйсьце, разьдзел 24, верш 7.

Так што, раю вам — калі вы хочаце сапраўды пачуць жывы голас Бібліі, перад тым, як сесьці яе чытаць, скажыце рашучае «Не!» адвольнай містыцы. Чым вы горшыя за старажытных габрэяў, браты-беларусы?

Але, як звычайна, уцякаючы ад ільва, ня трэба хавацца ў пашчы кракадзіла. І там і там канец будзе яшчэ горшы, чым у рынкавага сацыялізму. Ня трэба Біблію спрошчваць. Ня трэба шукаць у ёй інструкцыі да карыстаньня малатком. Там ніколі не было і ня зьявіцца падказак тыпу: «Вася, не забудзь сёньня здаць пустыя пляшкі і купіць кефіру».

Я прыгадваю размову з адной дзяўчынай каталічкай. Яна запыталася ў мяне, што ёй рабіць,бо яна бачыла сон, у якім ёй было загадана пайсьці ў манашкі. Я адказаў, што сон — гэта справа сьлізкая, і калі Бог сапраўды хоча нешта сказаць чалавеку праз сон, Ён ці то дасьць яму абсалютную ўпэўненасьць, што гэта гаварыў менавіта Ён, Бог, а не нехта іншы, ці пацьвердзіць гэты сон празь Біблію, парады іншых хрысьціянаў, абставіны і г.д.  І дзяўчына адказала: «Я чытала пасьля гэтага Біблію». «Ну і што?» — запытаўся я, будучы ўпэўненым, што нідзе ў Сьвятым Пісаньні немагчыма знайсьці параду ці запавет ісьці ў манахі. «Я адчыніла Біблію наўздагад, і там было сказана нешта накшталт „пакінь сям’ю сваю і дом твой“». Я паспрабаваў пераканаць яе, што гэта яшчэ далёка ня доказ, тым больш, што яна і сама ня мела ніякай пэўнасьці наконт свайго сну. І праўда — гэтыя словы Бог сказаў Аўрааму, калі ён заклікаў яго зь Месапатаміі у Палестыну. Але калі Аўраама, які меў дзьвюх жонак і яшчэ наложніц, лічыць манахам, то чым не манах, напрыклад, Казанова? Так што ня трэба чакаць, што, ткнуўшы ў Біблію пальцам, знойдзеш канкрэтную параду персанальна ў твой адрас. Канкрэтныя парады мы знойдзем, але «мы пойдем другим путем», каб іх знайсьці.

ПЯЦЬ ПАПЯРЭДЖАНЬНЯЎ, памятаючы аб якіх, вы будзеце мець менш шанцаў заблудзіць на скрыжаваньнях шляхоў біблейскіх герояў:
не спадзявайцеся ўсё зразумець у Бібліі (ні ў кога пакуль не атрымалася і не атрымаецца);
не спадзявайцеся нічога не зразумець у Бібліі (таксама ні ў кога, хто прачытаў хоць пару старонак, такога ня выйшла);
не шукайце ў Бібліі валюнтарысцкай містыкі (сапраўдная вас сама знойдзе);
не шукайце ў Бібліі прымітывізму (а сьвятой простасьці й шукаць ня трэба);
на ўсё глядзіце ў кантэксьце (Хаця б прагледзьце пару сказаў з аднаго і іншага боку).
У наступнай размове мы паспрабуем падступіцца да самога тэксту Бібліі, да аднаго з найбольш вядомых яе месцаў.

Ю. Сьмiрноў


да пачаткуростанi / наступны артыкул / папярэднi артыкул


Зьвязацца з аўтарам: smirnou сьлімак laza кропка org

Заўважылі памылку? Вылучце яе мышшу і націсьніце Ctrl+Enter. Зробім мову і пунктуацыю чысьцей, а факталёгію і тэалёгію дакладней :-)!