Ці памятаеце вы, якую кнігу цытаваў штандартэнфюрэр Штырліц Мюлеру? Калі вы ніколі не былі вялікім аматарам фільма «Сямнаццаць імгненьняў вясны» ці проста забыліся, я дам вам яшчэ адну спробу.
Пытаньне іншае, адказ той жа — якую кнігу амерыканскія астранаўты пакінулі на Луне?
Калі і з драбязамі гісторыі касманаўтыкі ў вас знаёмства ня вельмі добрае, яшчэ адно пытаньне, прасьцейшае за першыя два — галоўная вуліца нашае краіны названая імем чалавека, галоўнай заслугай якога зьяўляецца пераклад гэтай кнігі на родную мову. Што гэта за кніга?
Адказ, я думаю, ня цяжкі. Гэтая кніга Біблія.
Прасьпект Скарыны названы ў гонар вялікага першадрукара і перакладчыка, які пераклаў і выдаў некаторыя кнігі Бібліі.
Камандзір амерыканскага касмічнага карабля палкоўнік Скот пакінуў пад пультам кіраваньня маленькага «лунахода» Біблію.
Штандартэнфюрэр Штырліц цытаваў вершы з кнігі Эклезіяста, пра тое, што на ўсё свой час — «час раскідаць каменьні і час зьбіраць каменьні». А кніга Эклезіяста, як вядома, уваходзіць у Біблію.
Гэта толькі тры прыклады таго, якое высокае месца займае Біблія ў жыцьці чалавецтва. Пераклад яе лічыцца подзьвігам, а перакладчык — героем нацыі. Першая кніга, якую людзі пакінулі на іншым нябесным целе, — яна. Нават савецкі разьведчык, выхаваны ў духу атэізму, зьвяртаецца да яе, каб падмацаваць свае думкі.
У мінулы раз, я нагадаю, напрыканцы сваёй размовы мы выказалі меркаваньне, што калі дапусьціць, што Бог-Творца існуе і любіць свае стварэньні ці хаця б спачувае ім, то Ён павінен быў пакінуць нейкі компас, універсальны, лёгкадасягальны і мультысістэмны, які працаваў бы ва ўмовах любой эпохі, любой мовы і культуры. Мы сьцьвярджаем, што Біблія і ёсьць такі компас. Але сьцьвярджаем ня сьлепа. Верыць компасу можна толькі тады, калі ёсьць падставы лічыць, што ён правільна паказвае на поўнач. Так і зь Бібліяй. Якія ж ёсьць падставы лічыць, што менавіта Біблія ёсьць адзіная кніга, якая больш чым кніга?
Давайце пойдзем ад зваротнага. Як Ісус пытаўся ў сваіх вучняў: «За каго людзі ўважаюць Мяне?», так і мы запытаемся: «За што ўважаюць людзі Біблію?»
Першы тып стаўленьня да Бібліі, ці дакладней, стаўленьня Бібліі — яе ставяць на паліцу, у шафу, на віднае месца. Ставяць, а пасьля датыкаюцца да яе толькі, каб перастаўляць. Ёй затыкаюць рот, ёй не даюць сказаць ані слоўца. Але ня будзем шмат разважаць аб гэткім стаўленьні да Бібліі, бо тут і Бібліі самой няма, ёсьць толькі яе назва і вокладка. Да таго ж, у такіх дамах звычайна затыкаюць рот ня толькі Бібліі, але і амаль усім іншым кнігам. Адзінае друкаванае слова, якое ў павазе — гэта праграма тэлебачаньня. Пойдзем далей.
Шмат хто ўспрымае Біблію выключна як шэдэўр сусьветнай літаратуры. Што тут сказаць? Гэта сапраўды так. Але гэта яшчэ мякка сказана. Простае параўнаньне гэтай кнігі зь іншымі шэдэўрамі пакажа яе адметнасьць.
Па-першае, дзе ў гісторыі літаратуры вы знойдзеце іншую кнігу, якую праз тысячагодзьдзі так добра ведалі б, так шырока цытавалі б? Трагедыі Эсхіла ведаюць толькі вузкія спецыялісты па антычнай літаратуры, вавілонскія эпічныя паэмы, плагіятам зь якіх паводле атэістычнай крытыкі зьяўляецца пачатак Бібліі, увогуле ведаюць адзінкі, — тыя, хто гэтым спецыяльна займаецца, гэта значыць, грошы зарабляе, а нават вельмі добра адукаваныя людзі ў лепшым выпадку некалі чыталі невялічкія ўрыўкі гэтых твораў. А Біблію ж цытуюць усе — ня толькі багасловы і прапаведнікі, а і вясковыя бабкі і самыя заўзятыя атэісты.
Па-другое, любы шэдэўр літаратуры лёгка вызначыць у сэнсе жанру — гэта эпас, гэта лірыка, а гэта сатыра. А што зь Бібліяй? Тут вам і эпас, і летапіс, і лірыка, і філасофія.
Вы скажаце, што гэта не адна кніга, а анталогія, збор кнігаў? Так, бясспрэчна. Але пакажыце мне хаця б яшчэ адзін прыклад такой анталогіі, у якой кожная састаўная частка згаджаецца з кожнай іншай, кожная дапаўняе кожную і наконт складу якой практычна няма разыходжаньняў паміж рознымі, падчас, на жаль, вельмі ваяўніча настроенымі адна да адной хрысьціянскімі традыцыямі.
Але ўсё гэта словы. Каб пераканацца, што Біблія — гэта сапраўды шэдэўр літаратуры, трэба яе ЧЫТАЦЬ. Тады розьніца паміж гэтай кнігай, ці анталогіяй, называйце, як хочаце, будзе відавочнай. Біблія мае сілу і моц сама ў сабе, ёй непатрэбныя адвакаты, тым больш такія недасканалыя, як я.
Іншыя вельмі сур’ёзна ставяцца да Бібліі як да гістарычнага дакумента. Зноў жа, яны маюць рацыю. Ёсьць канкрэтныя прыклады, іх шмат, і проста за недахопам часу мы ня можам зараз іх прывесьці, калі Біблія пасьмяялася з тых, хто лічыў яе гістарычна недакладнай. Тыя імёны і назвы мясьцінаў, якія лічыліся міфічнымі, выдуманымі таму, што захаваліся толькі ў Бібліі, пазьней былі знойдзеныя пры археалагічных раскопках, і высьветлілася, што гэта тагачасная навука была гістарычна недакладнаю, але ня Біблія. Але зноў жа, менавіта таму Біблія і зьяўляецца гістарычна дакладнаю, што гэтая дакладнасьць не была для аўтараў мэтаю ў сабе. Біблія гістарычна дакладная таму, што яна праўда. Праўда да апошняй літары.
Калі зноў вярнуцца да прыкладу з компасам, компасу непатрэбна выдумваць неіснуючыя паняцьці. Калі компас паказвае нешта, чаго не існуе ў рэальнасьці, ён ня компас, ён забаўка, месца якой у сьвеце камп’ютэрных гульняў. Компас тады і ёсьць компас, калі ён рэагуе на рэальна існуючы, хоць і нябачны сьвет магнітных палюсоў. Калі нехта запытаецца ў нас, як даехаць ад чыгуначнага вакзала да плошчы Перамогі, а мы скажам: «Сядай у метро і выходзь на прыпынку „Трыдзявятае царства“», цяжка спадзявацца на тое, што чалавеку будзе лёгка знайсьці патрэбнае месца. Таму ня можа Біблія прэтэндаваць на ролю дакладнага компаса ў сьвеце духоўным, не зьяўляючыся абсалютна дакладнаю гістарычна і геаграфічна.
Можна шмат гаварыць аб розных аспектах і характарыстыках Бібліі, але гэта непатрэбна і падчас нават шкодна, бо гэтыя дэталі могуць разбурыць і змазаць цэласнасьць гэтай вялікай, адзінай у сьвеце кнігі. Таму я параю вам: проста чытайце Біблію. Яна сама вам раскажа аб сабе і аб вас. Вы са зьдзіўленьнем убачыце, што там гаворыцца аб вашых праблемах, даюцца адказы на вашыя самыя патаемныя і самыя быццам бы нязначныя пытаньні. Але як чытаць Біблію? Як знайсьці ў ёй тое, што вечнае сярод гістарычнай канкрэтыкі, сярод таго, што здаецца нам міфам? Аб гэтым нашая наступная размова.