LAZA
Ростані
Содержание
Contents

КЛЯТВА


Мацьвея 5:33–37

«Клянемся так на свете жить,
Как вождь великий жил,
И так же Родине служить,
Как Ленин ей служил!»

«Клянусь четой и нечетой,
Клянусь мечом и правой битвой,
Клянуся утренней звездой,
Клянусь вечернею молитвой…»

«Я ўрачыста клянуся высока несьці гонар і годнасьць воіна Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, добрасумленна авалодваць ваеннай справай, быць мужным, верным і самаадданым абаронцам свайго народу, сьвята выконваць Канстытуцыю, законы і воінскія статуты».

А яшчэ ўрачыстае абяцаньне юных піянераў… А яшчэ клятва ў судзе «гаварыць праўду, толькі праўду і нічога, акрамя праўды»…

Здаецца, дастаткова прыкладаў, каб прыгадаць, наколькі мы любім клятвы і прысягі. Мы ўсе — і камуністы, і паэты, і генералы, і піянерважатыя, і судзьдзі.

І тут ніяк не пакажаш пальцам толькі на рэжымы таталітарныя, хаця яны, канешне, проста абагаўляюць акт урачыстай клятвы. У павазе да клятвы роўныя і левыя, і правыя, і судзьдзі, і злачынцы. Хто прысягае ў зале суда на Бібліі, а хто ў больш інтымных абставінах «зуб дае». Піянеры ўрачыста абяцаюць быць вернымі справе камуністычнай партыі, а скаўты «урачыста прыракаюць, што будуць верныя Богу і Бацькаўшчыне».

Клянуцца ўсе, прысягаюць усе. Не выключэньне і біблійныя героі. Напрыклад, патрыярх Якуб, калі прыйшоў яму час памерці, паклікаў сына свайго Язэпа і сказаў яму: «Калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, пакладзі руку тваю пад сьцягно маё і кляніся, што ты зробіш мне літасьць і праўду, не пахаваеш мяне ў Егіпце». І Язэп кляўся. Гэта ўсяго адзін з прыкладаў. Іх шмат.

Таму ўвесь сьвет без Ісуса (і тыя, хто жыў да Ісуса, і тыя, хто жыве пасьля Ісуса, але безь Яго) згодзіцца з тым, што разумнае стаўленьне да клятвы і прысягі можна падсумаваць расейскаю прымаўкай: «Дал слово — крепись, а не дал — держись».

Практычна тое ж самае кажа Ісус у Нагорнай Казані:

«Зноў жа чулі вы, што сказана продкам: „Не давай ілжывай прысягі, а выконвай прад Госпадам прысягі твае“».

Але гэта мінімум праведнасьці, гэта тое, што ведае кожны. Ісус жа заклікае нас не да мінімуму, а да максімуму праведнасьці, да выкананьня боскай ісьціны да апошняй ёты, да найменшай рыскі. І таму Ён дадае: «А Я вам кажу: не прысягай зусім: ні небам, бо яно — Трон Божы; ні зямлёю, бо яна падножжа нагам Ягоным; ні Ерусалімам, бо ён горад Вялікага Цара; ні галавою тваёю не прысягай, бо ня можаш ніводнай валасінкі зрабіць белаю альбо чорнаю».

Гэта не рэлігія, гэта хрысьціянства, гэта Хрыстос. Пасьля словаў «…Не прысягай зусім» кропкі няма. Далей ідзе адказ на натуральнае пытаньне: «Чаму? Чаму нельга прысягаць? Гэта ж так прыгожа, так высакародна, так па-шляхецку?» Прыгожа. Высакародна.Па-шляхецку.

Але… Дзе тыя мільёны піянераў, што ўрачыста абяцалі быць вернымі справе камуністычнай партыі? Ці часта пасьля ўрачыстых клятваў у судзе можна пачуць праўду, толькі праўду і нічога, акрамя праўды? Нешта не спрацоўвае ў гэтай схеме. Прыгажосьць і высакароднасьць ёсьць — праўды няма. Праведнасьці няма. Нават мінімуму праведнасьці.

А не спрацоўвае тут тое, што рэальнасьць не залежыць ад нашых палымяных клятваў і высокіх парываў душы. П’яніца, які клянецца і бажыцца больш нават ня нюхаць гарэлкі, сваімі клятвамі і высакароднымі парывамі ня можа закрэсьліць рэальна існуючую залежнасьць усёй сваёй істоты ад алкаголю. Заклінаньні мільёнаў ідэалагічных ахвяраў таталітарных рэжымаў ня могуць скасаваць рэальна існуючых законаў гісторыі, якія сьмяюцца зь іх адданасьці, што рассыпаецца на порах пры найменшых пераменах палітычнай сітуацыі. У Бібліі сказана: «Навошта бунтуюць народы, і намышляюць плямёны марнае? Паўстаюць зямныя цары, і ўмаўляюцца разам князі супраць Госпада і супраць Памазанца Ягонага: „Разарвемце іхныя кайданы і скінем зь сябе іхныя аковы“. Той, хто ў нябёсах жыве, пасьмяецца, Гасподзь паганьбіць іх».

Калі вы не верыце, што з вашых клятваў і абяцаньняў пасьмяецца Гасподзь, лічыце, што зь іх пасьмяюцца законы прыроды. Але згадзіцеся, што ня надта разумна клясьціся ў нечым, калі выкананьне клятвы — па-за межамі тваіх магчымасьцяў.

Што ж рабіць? Калі твой сябар у бядзе і пытаецца ў цябе, ці дапаможаш ты яму, хіба нельга паабяцаць яму дапамогу? Калі ты бачыш зьдзек над тваёй Радзімай і ў цябе баліць ад гэтага сэрца, хіба нельга паабяцаць сабе самому любіць сваю Радзіму і дапамагаць ёй?

Можна. Ісус так і кажа: «…Не прысягай зусім… А хай будзе слова ваша: „так — так“, „не — не“; а што звыш гэтага, тое ад ліхога». Можна абяцаць. Але не на паказуху, не на пляцы, а спакойна, перш за ўсё самому сабе і бязь лішніх словаў.

І гэтыя простыя «так» ці «не» бывае нашмат цяжэй вымавіць, чым гучную і урачыстую клятву. Гэтыя простыя «так» ці «не» бываюць у шмат разоў больш дзейсныя і пераможныя, чым шматслоўныя і мудрагелістыя абяцаньні.

Ты служыш у войску і ад цябе патрабуюць прыняць прысягу. Ты ж ведаеш, што Бог забараняе гэта рабіць, як мы бачылі, аргументавана забараняе. Наколькі ж лягчэй тут паддацца ўгаворам, кпінам і пагрозам і прачытаць гэтую прысягу, прачытаць не ад сэрца, але каб адчапіліся. Наколькі гэта лягчэй, чым сказаць простае кароткае «не». І якою ж ганьбаю будзе гэтая ўрачыстая прысяга, якім парушэньнем абяцаньня, дадзенага Богу! І якім жа трыумфам, якім выкананьнем прысягі будзе караценькае слоўца «не»!

Дык хай жа будзе слова ваша «так — так», «не — не»; а што звыш гэтага, тое ад ліхога. А ліхое — яно ліхое і ёсьць. Нічога добрага ў ім няма.

Ю. Сьмiрноў


да пачаткуростанi / наступны артыкул / папярэднi артыкул


Зьвязацца з аўтарам: smirnou сьлімак laza кропка org

Заўважылі памылку? Вылучце яе мышшу і націсьніце Ctrl+Enter. Зробім мову і пунктуацыю чысьцей, а факталёгію і тэалёгію дакладней :-)!