LAZA
Ростані
Содержание
Contents

Пароль «Усход»


bilet У Мінску станцыяў мэтро, канешне, менш, чым, скажам, у Маскве, але значна больш, чым, скажам, у Быхаве. У Мінску ёсьць выбар: можаш ехаць з Партызанскай да Пралятарскай, а можаш — з Маскоўскай (Інстытут культуры) да Маскоўскай-Валгаградзкай. Можаш нават і лініі памяняць. Iх, гэтых лініяў, праўда, усяго толькі дзьве, але ж выбар ёсьць.

І ў гэтым мінскае мэтро падобнае да ўсяго сьвету Божага. У сьвеце Божым ёсьць выбар. Можаш легчы-прылегчы край гасьцінца старога на самым сонцы і глытаць пыл, а можаш адпаўзьці ў цянёк і млець у водарах суніцаў і ігліцы. Можаш пайсьці ў МакДональдс на вакзале, можаш — на плошчы Бангалёр, а можаш ні ў які МакДональдс ня йсьці і ляжаць сабе аблогам — у пыле, у суніцах, на канапцы ці ў канаўцы.

А яшчэ ў сьвеце Божым, апроч выбару лежбішчаў і гульбішчаў, ёсьць выбар гледзішчаў, гэта значыць ідэяў. Можаш стаць палымяным змагаром за ідэі Статкевіча, а можаш — Шушкевіча. І там і там прымуць, дадуць за свае ідэі пазмагацца, хочаш — палымяна, хочаш — як хочаш.

жэтон на мэтро

Усё ў тваіх руках, у тваіх мазгах, у тваёй душы. Як зробіш, так і будзе. Лініі лёсу перакрыжоўваюцца, як лініі мінскага мэтро, зьліваюцца на нейкі час, як лініі мэтро маскоўскага, надоўга губляюцца ў сутарэньнях і ненадоўга выскокваюць на сьвятло, як на тым маскоўскім мосьце. Усё сваё жыцьцё мы жывем на ростанях. Адны ростані прамінуў, выбраў сабе шлях паводле ўласнага густу, фантазіі й настрою — тут табе адразу новыя.

«Ой вы, дарожанькі людзкія, Пуцінкі вузкія, крывыя!»

А чаму ж «ой»? Чаму ж крывыя тыя пуцінкі? На мапе ж так усё гладка й проста. А вось паспрабуй не на мапе, а на яве з таго боку Партызанскага прасьпекта, на якім хот-догі, увайсьці на станцыю мэтро «Партызанская» — трэба ўніз паўз саксафон і акардэён, пасьля ўгору паўз бэтонны плот і «Беларусь», пасьля зноў уніз каля «Турыста», сто крокаў туды, пяцьдзесят сюды — і толькі тады ты з Партызанскага трапіш на Партызанскую. Нават да імклівых выгодаў цывілізацыі, што працінаюць правільнымі простымі лініямі наскрозь мінскія нетры, дабірацца прыходзіцца нейкімі зігзагаватымі шляхамі, рухаючыся адначасова ў двух вымярэньнях — па гарызанталі й вертыкалі. Я ўжо не кажу пра вуліцы ў старых раёнах старых мястэчак ці сьцежкі ў палескіх балацінах. Там што хочаш зломіш — і ногі, і рогі.

І нават мовы няма пра шляхі нашыя ідэйныя. Я не пра «генеральную лінію партыі», я пра нашыя асабістыя, кожнага з нас шляхі. Колькі я за свае сорак год разваротаў «кру-гом!» накруціў! Чаму і каму толькі ня верыў! І як жа палымяна… Быў час — Чубайсу верыў. Цяпер ня веру, таму што яго Яўлінскі з Кавалёвым на хлусьні злавілі і таму што ён казаў, што чачэнцаў ня біць ніяк нельга, не атрымоўваецца, значыць трэба біць-душыць-бамбіць. А казаў гэта ён, гледзячы ў вочы Прыстаўкіну, які яшчэ дзетдомаўцам добра бачыў, як гэта бывае, калі б’юць, душаць і рэжуць. А Чубайсу яшчэ таму ў мяне веры няма, што ён сказаў, што верыць ня ў Бога, а ў сябе й сяброў.

Але што там Чубайс! Былі зубры буйнейшага калібру, згода з кожнай думкаю якіх здавалася мне выбарам, зробленым на ўсё жыцьцё. Жыцьцё маё яшчэ, будзем спадзявацца, наперадзе, а дзе тыя зубры й дзе мая ў іх вера?!

І так з кожным. У параўнаньні з нашымі ідэйнымі лабірынтамі ўсе сьцежкі дзеда Талаша — раўнюткія, як амэрыканскія міжштатавыя хайвэі. Выбіраем, выбіраем простыя шляхі ў сьветлую будучыню — а паглядзець зьверху: камары мак таўкуць.

Але ж менавіта так, менавіта адтуль, зьверху, глядзіць на нас Бог, бо Ён Айцец наш Нябесны, а не зямны. Гэта айцам зямным здаецца, што мы бадзёрым крокам роўненька крочым туды, куды трэба (а спатыкнемся, ляжам-прыляжам ці ў бок куды падамося — направяць і падгоняць). Нябеснаму ж добра бачна, што таўчэмся мы, як мурашы: ад аднаго -ізму да другога, а ад другога — зноў да першага, толькі ўжо зь іншага боку. Інтэрнацыяналізм — нацыяналізм без «інтэр» — сацыялізм — камунізм — сацыялізм — капіталізм — фашызм… і гэтак далей. Усе нашыя ідэйныя пошукі — невялічкі мурашнічак на купіне, навакол якой палае пякельнае полымя, што раз-пораз падсмальвае то адзін, то іншы акрайчык мурашнічка. І гараць жыўцом мурашы, што выбіралі, выбіралі і давыбіраліся так, што ня выбрацца. А іншыя, да якіх полымя яшчэ не дастала, а толькі трошкі падпякло і дымком дыхнула, раптам здранцьвеюць, з жахам гледзячы, як курчацца ў агні ім падобныя, пастаяць трохі, а пасьля ізноў ачомаюцца і наперад - да новага -ізму, да новых ростаняў…

Выбар ёсьць.

І выбару няма.

Я жыву на Уруччы.
І станцыя мэтро, на якой часьцей за ўсё даводзіцца выходзіць з мэтро мне, — Усход.

«Асьцярожна, дзьверы зачыняюцца. Наступная станцыя — Усход», — папярэджваюць на Маскоўскай.

«Канцавая станцыя — Усход. Поезд далей не ідзе. Калі ласка, пакіньце вагоны», — кажуць на разьвітаньне.

І пакідаем вагоны, і ўгору — на сьвятло, у сьвет Божы. Да тралейбусаў, аўтобусаў, маршрутак і таксовак.

Дык мо’ таму ня выбіраем мы нічога путнага, а толькі «пуцінкі вузкія, крывыя», і нікога путнага, а толькі Распуціну, Пуціна і розных іншых путаў, усё жыцьцё выбіраючы, што да сапраўднага Усходу не даязджаем? Што выбары ўсе нашыя — па гарызанталі, а па вертыкалі яны сягаюць уніз максімум на глыбіню ну зусім няглыбокага мінскага мэтро (калі ня лічыць салігорскіх капальняў), а максімум — на вышыню ну зусім нявысокае Лысае гары? А вышэй толькі Мірон са сьцягам ды Машэраў на верталёце.

Але вось пра які цуд піша «Наша Ніва» (№27, 2000 г.):

«У Гомелі 13-гадовы хлапчук захацеў паказаць «што та я» ды залез на 190-мэтровую тэлевежу. Наверсе яму стала страшна, і спусьціцца сам ён ужо ня змог. Пабачылі яго там толькі дзеля істотнага пагаршэньня якасьці радыёсыгналу».

Як бы там сабе ні было, але нехта ўсё ж такі думае ня толькі «гарызантальна», нехта ўсё ж такі пнецца ўгору, а значыць, угору глядзіць, хоча туды, дзе Мірон і Машэраў. І хаця, хутчэй за ўсё, не зь вялікага розуму палез на тую вежу той «хлапчук», але не ў РНЕ ж запісвацца пайшоў, а ў неба паглядзеў. Паглядзеў і захацеў туды, у неба.

А там, вышэй за Мірона і Машэрава, — Бог, той самы Айцец Нябесны.

А там УСХОД, якім канчаецца Стары Запавет і пачынаецца Новы:

«А для вас, тых, хто шануе імя Маё, узыйдзе Сонца праўды і ацаленьне ў промнях Яго, і вы выйдзеце і заскачаце, як цяляты ўкормленыя» (Малахія 4:2,  апошняя старонка Старога Запавету).

Па гарызанталі — «Куды ні глянеш — людзі, людзі,

Куды ні глянеш — шэльмы, шэльмы…»

Па вертыкалі — Бог і УСХОД Сонца праўды, Ісуса Хрыста.

І ня трэба лезьці на вежы і горы — да Бога не далезеш. Гэта Ён да нас зьлез. Але як жа мы яго ўбачым са сваімі выбарамі й ростанямі толькі па «гарызанталі»? Трэба глянуць угору, трэба ўгледзецца ў заранку, што спачатку толькі ледзь-ледзь ліпіць, а пасьля буяе на ўсё неба, трэба не прагледзець, не праспаць і не прабегаць момант, у які Сонца праўды ўзыйдзе ў тваёй душы.

А сустрэнеш яго, гэты УСХОД — і па гарызанталі пачнеш бачыць тое Сонца, тую Праўду, якая бяз -ізмаў і ня «Мінская» ці «Піянерская», а проста Праўда, сапраўдная Праўда. Убачыш яе, як піша Павал Севярынец, у «сьціжмах першакурсьнікаў-эвангелістаў на пляцформе тае самае Нямігі», убачыш на Катэдры і ў Сьвята-Духавым. Без погляду ў неба евангелісты пададуцца замбіраванымі сектантамі (Павал мне казаў, што то былі «вучні Хрыстовыя», а гэта сапраўды таталітарнаватая груповачка), у храмах кінуцца ў вочы зьвераватыя бабкі й бойкі гандаль на самым парозе, а баптызм, каталіцызм і кальвінізм нічым ня будуць адрозьнівацца ад іншых -ізмаў. А паглядзіш у неба — і ўсё як трэба ўбачыш. І скажаш: «Браток ты мой, ну і што, што ты не такі, як я? Мы ж разам УСХОД сустракаем!!!»

Сустракаем?

Ю. Сьмiрноў


наверхростанi / наступны артыкул / папярэднi артыкул


Зьвязацца з аўтарам: smirnou сьлімак laza кропка org

Заўважылі памылку? Вылучце яе мышшу і націсьніце Ctrl+Enter. Зробім мову і пунктуацыю чысьцей, а факталёгію і тэалёгію дакладней :-)!