LAZA
Ростані
Содержание
Contents

Наша Слова


Адзін даволі вядомы на Беларусі чалавек папрасіў мяне напісаць для газеты «Наша слова» артыкул на тэму «Пратэстанты і беларушчына». Я згадзіўся і адмовіўся. Згадзіўся, бо вось пішу, а пішу, бо маю што сказаць на гэтую тэму. Адмовіўся (ужо згадзіўшыся), бо пісаць я буду фактычна на тэму зусім іншую. На гэтую я пісаць проста не магу — ніякі пратэстанцкі сінод, епіскапат ці хаця б адзін зь існуючых на Беларусі саюзаў пратэстанцкіх цэркваў на гэта мяне не ўпаўнаважыў, і, як ставіцца такая шырокая плынь у фармальным хрысьціянстве, як пратэстантызм, да беларускай мовы і ўсяго беларускага, для мяне, як і для ўсіх вас — таямніца, пытаньне спрэчнае, дыялектычна-шматбаковае, са сваімі ўзаемавыключнымі скрайнасьцямі. Сумняваюся, што калі б я набраўся дурноты і вырашыў рассадзіць ўсё і ўсіх па сваіх лаўках, гэта прынесла б хоць які плён.

Ды і ўвогуле тэма гэтая выклікае безьліч пытаньняў ў самой фармулёўцы сваёй. Што такое пратэстантызм, ня ведаюць самі пратэстанты. Аднаго майго знаёмага, калі ён падаўся ў баптысты, але сарамяжліва называў сябе больш прыгожым словам «пратэстант», запыталі: «А супраць чаго ты пратэстуеш?» Ён напружыўся і даў адказ, быццам бы дакладны з пункту гледжаньня гістарычнага: «Супраць каталіцызму». Сапраўды, былі і ёсьць людзі, што завуцца пратэстантамі і нешта маюць супраць каталіцызму і каталікоў. А я дык вось нічога супраць іх ня маю, а калі гаварыць, напрыклад, пра музычнае аздабленьне прылюдных набажэнстваў, дык і ўвогуле, каталіцкія сьпевы і напевы мне мілей за ўсе іншыя хрысьціянскія музычныя стылі.

Але, калі я сказаў, што нічога супраць каталікоў ня маю, гэта абсалютна ня значыць, што я ўва ўсім зь імі згаджаюся, гэтаксама, між іншым, як і з праваслаўнымі… і з пратэстантамі. І тут як раз часьцей за ўсё бывае наадварот — чым бліжэй «браты і сёстры» па сваёй фірмовай налепцы, тым люцей, тым больш не па-брацку, а па-сабачаму яны адзін на аднаго кідаюцца. Ня было зьлейшых ворагаў у праваслаўнага сьвятара Меня, чым праваслаўныя, няма люцейшых ворагаў у баптыстаў «неаддзеленых», чым баптысты «аддзеленыя». Праўда, тут хрысьціянскі сьвет нічога новага ня прыдумаў — свае сваіх заўсёды білі найбальней, і ў Гусава вогнішча сушнячку падкладала не эфіёпка і не якутка, а бабуля свойскай, чыста чэскай гадоўлі, якая, хутчэй за ўсё, размаўляла на чыстай чэскай мове.

І ўвогуле, у хрысьціянскім сьвеце ня ўсё так проста, як здавалася б звонку — тры акуратненькія адсекі (праваслаўе, каталіцызм, пратэстантызм), якія кіруюцца кожны сваімі аднастайнымі законамі. Пачнем з таго, што адсекаў гэтых ня тры, а ніяк ня менш за тысячу (нават паводле самых сьціплых падлікаў). Некаторыя межы паміж адсекамі праходзяць проста па саміх цэрквах, рэжучы іх на кавалкі (адну частку англіканскай царквы можна сьмела запісваць у пратэстанты, а другую — у каталікі), ёсьць цэрквы, якія, наадварот, імкнуцца сшыць увадно розныя адсекі (прыкладам, уніяты). А сапраўднае адзінства часта можна знайсьці там, дзе знайсьці яго менш за ўсё спадзяешся. Як сказаў вялікі апостал «проста хрысьціянства» ХХ стагодзьдзя К. С. Льюіс: «Мне вельмі рэдка даводзілася сустракацца зь легендарнай odium theologicum (тэалагічнай нянавісьцю) перакананых сябраў іншых, чым мая, абшчынаў. Варожасьцю больш цягне ад тых, хто стаіць на мяжы ці то англіканскай, ці то любой іншае царквы — ад людзей, якія самі ня надта каб слухаліся любой абшчыны. Цікава, але ў гэтым я знаходжу пацяшэньне. Менавіта ў самым сваім цэнтры, там, дзе знаходзяцца яе самыя верныя дзеці, кожная абшчына сапраўды найбліжэй адна да другой паводле духу, калі не паводле вучэньня».

На тэму канфесіяў я разважаць больш за сказанае адмаўляюся катэгарычна. Яшчэ больш катэгарычна адмаўляюся гаварыць ад імя нейкай канфесіі, нават пратэстанцкай. Я лічу сябе і хачу быць «проста хрысьціянінам». Аргументацыя на карысьць гэтага простая, як граблі, — па-першае, няма ў Бібліі ні праваслаўных (тым больш рускіх), ні каталікоў (тым больш папаў), ні адвентыстаў сёмага дня, а па-другое, любы сапраўдны хрысьціянін (г. зн. чалавек, які верыць у Хрыста) правільна славіць Бога (праваслаўны), належыць да сусьветнай (katholikos, каталіцкай) царквы, хрысьціўся у імя Хрыстовае (значыць, баптыст   baptidzo, хрысьціцца), верыць у другое прышэсьце Хрыста (значыць, адвентыст  adventus, прышэсьце) і г. д. І калі чалавек належыць да сапраўднай царквы Хрыстовай, зарэгістраванай на нябёсах, а ня ў чалавечыя цацкі гуляе, то праз усе гэтыя перагародкі паміж адсекамі, канфесіямі і дэнамінацыямі ён будзе пераступаць, часта іх нават не заўважаючы, бо да нябёсаў гэтыя перагародкі нават і блізка не сягаюць.

А што тычыцца беларушчыны, я проста ўпэўнены, што няма тут прынцыпаў, моўнай палітыкі ці біблійных запаветаў, якія былі б для праваслаўных адны, а для евангельскіх хрысьціянаў іншыя. «Адзін Гасподзь, адна вера, адно хрышчэньне» (Эф. 4:5)… Так што месца мове ў хрысьціянскім сьветапоглядзе Бог вызначае адно і тое ж і для беларусаў, і для шатландцаў, і для хантаў, і для маньсі. Бог проста ня можа па самой сутнасьці Сваёй весьці двайной ці трайной гульні — праваслаўным забараніць ці загадаць карыстацца той ці іншай моваю, а пратэстантам таго ж самага не забараніць ці не загадаць.

Значыць, пытаньне стаіць ня столькі аб тым, што і чаму робяць зь беларускай мовай пратэстанты (калі яны нешта зь ёю робяць), колькі аб тым, што кажа наконт гэтага Бог усім беларусам ці ўсім, хто зь беларускаю мовай сустракаецца ці аб яе спатыкаецца.


Падкрэсьліваю адразу, што мае меркаваньні ня могуць ня быць суб’ектыўнымі, і, калі вы зь імі ня згодзіцеся — на здароўе, маеце поўнае на гэта права. Але сваё суб’ектыўнае меркаваньне я хачу будаваць на аб’ектыўнай глебе. Глебы больш аб’ектыўнай, чым Слова Божае, я ўвогуле ня ведаю, а разважаць аб тым, якою моваю, у якім выглядзе і ў якой прапорцыі можна карыстацца ў служэньні гэтаму самаму Богу, абапіраючыся на свае суб’ектыўныя адчуваньні, сімпатыі і антыпатыі, філіі і фобіі — гэта проста нонсэнс, ці, па-нашаму кажучы, бязглузьдзіца.

Дык вось, калі глядзець, зыходзячы з аб’ектыўных фактаў, то пытаньня мовы ў Бібліі проста няма і быць ня можа. Я глыбока перакананы, што ўсе пытаньні з мовай пачынаюцца там, дзе пачынаюцца заносы, дзе мова забываецца, што яна такое ёсьць. Мова, канешне, на гэтае не забываецца. Забываюцца людзі. Адну мову людзі абагаўляюць, узвышаюць, захапляюцца ёю ў любой яе праяве, нават непісьменнай і нецэнзурнай, іншую — ганяць, лічаць «конскаю, цялячаю» ці, наадварот, «імперскаю» і адмаўляюць ёй у праве на існаваньне нават у самых натхнёных яе ўзьлётах. І тады Бог сітуацыю павяртае да раўнавагі — зноў робіць так, каб моўнага пытаньня ня існавала. Зь першых перакладчыкаў Бібліі на новыя жывыя эўрапейскія мовы дралі жыўцом скуру — а ўсяго праз некалькі стагодзьдзяў сказаць, што Слова Божае можна чытаць толькі на лаціне, а Біблія па-француску ці па-галандзку напісаная пад дыктоўку д’ябла, можа толькі чалавек, мякка кажучы, зь ліку маргіналаў ці арыгіналаў.

Я яшчэ раз паўтараю, што па вялікім рахунку моўнага пытаньня няма, ня існуе. Яно зьяўляецца толькі тады, калі зьяўляюцца перагібы, калі зь нейкай моваю носяцца, як дурань зь дзьвярыма, а нейкую топчуць. І тады сітуацыя зноў імкнецца да раўнавагі, перагіб хоча разагнуцца. Можаце лічыць, што тут дзейнічаюць аб’ектыўныя законы. Я лічу, што тут дзейнічае аб’ектыўны Бог, «Які не зважае на асобы» (Эф. 6:9).

Калі вы ня верыце ў Бога жывога, Які ўсім, нават моўным пытаньнем, кіруе, — прызнайце, што аб’ектыўна мова ёсьць ня што іншае, як сродак зносінаў, а зносіцца можна з роўным посьпехам на лаціне, кітайскай, ідыш, японскай і любой іншай мове (калі яе, зразумела, ведаць).

А калі вы ў Бога верыце — прачытайце адзін-адзіны сказ са Слова, напісанага гэтым Богам: «Мною клянуся: з вуснаў Маіх сыходзіць праўда, слова нязьменнае, што перада Мною схіліцца кожнае калена, Мною будзе клясьціся кожны язык» (Іс. 45:23). Бог сказаў: «Будзе клясьціся», і нікуды ён ня дзенецца, будзе.

Але нават хаця ведаеш, што Бог раўнавагу верне, што кожная мова зойме сваё годнае месца сярод іншых, на сэрцы ад гэтага лягчэй ня робіцца. Калі на вашую, ці, дакладней, на нашую мову плююць, і вас ад гэтага пераварочвае, з вамі ўсё нармальна. За свой народ балела няспыннаю болесьцю сэрца і ў апостала Паўла. Вось яго словы: «Праўду кажу ў Хрысьце, ня хлушу, сьведчыць мне сумленьне маё ў Духу Сьвятым, што вялікі мне смутак і няспынная болесьць сэрцу майму: я хацеў бы сам быць адлучаны ад Хрыста за братоў маіх, родных мне па плоці; гэта азначае, Ізраільцян…» (Рым. 9:1–4)

За свой народ апостал Божы хоча адрачыся ад самага дарагога, што ў яго ёсьць, — збавеньня, і Самага Дарагога, Хто ў яго ёсьць — Хрыста. Так што ўсе, каму баліць сэрца за Беларусь, за мову, за беларушчыну, не сумнявайцеся: гэта боль высакародны, зусім іншы, чым той, якім баліць галава з пахмельля, ці якім баліць язык, што сьпявае дыфірамбы начальніку, якога ты на самой справе ненавідзіш лютай нянавісьцю.

Але не захлопвайце Біблію зь цьвёрдым перакананьнем, што яна падтрымлівае нацыянальны эгаізм, хаця й высакародны. Прачытайце ўважліва, што далей кажа апостал: «…я хацеў бы быць адлучаны ад Хрыста за братоў маіх… Але ня тое, каб слова Божае не спраўдзілася» (Рым. 9:3,  6). А яшчэ далей Павел кажа, што «ня ўсе тыя Ізраільцяне, якія ад Ізраіля» (Рым. 9:6).

Моцна баліць сэрца ў апостала Паўла за родную нацыю зь яе роднай мовай, якою ён валодаў дасканала і ў яе класічным варыяньце, біблійным іўрыце, і ў «трасянкавым», мове арамейскай, якую разумелі ўсе народы, што таўкліся на пятачку ад Месапатаміі да Егіпта, і на якую трэба было перакладаць біблійныя тэксты, бо ўжо ніхто не разумеў іўрытаўскіх «аки» і «иже». Моцна баліць, няспыннаю болесьцю… Але ўсё роўна апостал Павел добра разумее, што за чым ідзе, любоў да свайго народа і сваёй мовы ня сьлепіць яго і ня выкрэсьлівае зь яго памяці першы зь дзесяці запаветаў Усемагутнага Бога, Які стварыў ўсе народы і даў ім іх мовы: «Я Госпад, Бог твой, Які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкае, з дому рабства. Няхай ня будзе ў цябе іншых багоў перад тварам Маім. Не рабі сабе куміра… Не пакланяйся ім і ня служы ім» (Зых. 20:2–5)… Калі перафразаваць адно з выказваньняў таго ж Клайва Льюіса: «Мова тады перастае быць д’яблам, калі яна перастае быць богам». Мове таксама можна пакланяцца і служыць, мове можна прыносіць чалавечыя ахвяры, нават крывавыя, мова таксама можа спараджаць нянавісьць. І гэта такі ж самы страшэнны канцэптуальны грэх, як і любы іншы — атэізм, фашызм, камунізм і г. д.


Перадапошняя кніга Бібліі, Пасланьне да Яўрэяў (Габрэяў, Гэбраяў, Жыдоў — выбірайце, што вам больш падабаецца) нясе ў сабе шмат таямніцаў. І зь некаторымі зь іх можна сустрэцца, нават не разгортваючы кнігу. Дастаткова паглядзець толькі на яе вокладку, выхадныя зьвесткі.

Па-першае, па сёньняшні дзень няма яснасьці, хто напісаў гэтую кнігу. Аўтар не падпісаўся пад сваім лістом (ці подпіс неяк дзіўна і вельмі хутка, ужо да пачатку ІІ стагодзьдзя, згубіўся). Лютэр лічыў, што гэтую кнігу напісаў Апалос, Тэртуліян прыпісваў яе аўтарства Варнаве, сярод мажлівых аўтараў зьяўлялася нават імя жанчыны, Прыскілы. Але ўсё-ткі большасьць тых, хто спрабаваў на гэтае пытаньне адказаць, лічаць, што гэтае пасланьне належыць пяру апостала Паўла.

Па-другое, таксама няма поўнай яснасьці, на якой мове было першапачаткова напісанае пасланьне. Клімент Александрыйскі (? — 215н.э.) лічыў, што аўтарам гэтага ліста быў Павел, што ён напісаў яго на габрэйскай мове, а пазьней Лука ці нехта іншы пераклаў гэты твор на грэчаскую-кайнэ.

Але нават без адказаў на гэтыя два пытаньні сама вокладка перадапошняе кнігі канону Слова Божага ставіць нам адно вялікае пытаньне, адказ на якое, думаю, напрошваецца, сам сабою. Пасланьне, адрасаванае да яўрэяў, ужо празь некалькі год пасьля свайго напісаньня існавала толькі ў адным варыяньце — не на габрэйскай мове, а на грэчаскай-кайнэ.

Пара слоўцаў пра гэтую мову. У параўнаньні з моваю класічнаю, літаратурнаю (бо лісты, накрэмзаныя нейкім ня-грэкам Паўлам, ці нататкі валацугі Лукі, літаратураю, канешне ж, ня лічыліся) кайнэ была мовай спрошчанай, сьмешнай, якая да таго ж увабрала ў сябе кучу словаў з усіх суседніх моваў. Частка граматычных правілаў у гэтым варыяньце мовы проста была выкінутая за празьмернай складанасьцю. Адзінымі літаратурнымі творамі, якія пісаліся на кайнэ, былі камедыі, г. зн. пародыі на невукаў і сівалапых тагачасных палітыкаў (кшталту праграмаў «Куклы» і «Итого» на НТВ).

Калі гэтую кнігу напісаў Павел і калі ён яе пісаў адразу на кайнэ (што вельмі верагодна, бо яўрэі ў дыяспары хутка забыліся нават на арамейскую трасянку і карысталіся трасянкай грэчаскай, як праз стагодзьдзі трасянкай нямецкай, ідыш), абраўшы мову «нячыстую», але зразумелую для тых, каму ён пісаў, апостал паказаў, як ён вырашыў для сябе нацыянальнае пытаньне ў святле Слова Божага і закліканьня Божага.

Калі яе пісаў Павел, але на мове габрэйскай (арамейскай?), ці ня Павел, ці не на габрэйскай, так ці інакш гэтае пытаньне за яго вырашыў Бог, Які данёс да нас Пасланьне да Яўрэяў на не-яўрэйскай мове.


Спадзяюся, што мае намёкі даволі празрыстыя. А калі ня так, то прыгадваю зноў па пунктах:


1. Ёсьць толькі адзін Хрыстос і адно хрысьціянства. Розьніца паміж асобнымі хрысьціянскімі цэрквамі тычыцца пытаньняў адносна веры ў Хрыста другасных — традыцыяў, звычак, прыхільнасьцяў.

2. Стаўленьне Бога да пытаньняў мовы адно-адзінае для ўсіх хрысьціянаў і ўсіх народаў.

3. Моўнае пытаньне ўзьнікае там, дзе людзі парушаюць Божую раўнавагу, Божае раўнапраўе ўсіх моваў.

4. Любіць сваю мову — ня грэх.

5. Любіць сваю мову больш за Бога — грэх, шлях да згубы.


Але ўсё гэта мае нейкі сэнс, калі вы верыце ў адзінага Бога і ў Сына Яго Хрыста, Які аддаў Сябе за грахі вашыя і Які ёсьць сапраўднае, жывое НАША СЛОВА. Калі ня верыце, плюньце і забудзьцеся на ўсё, што вы прачыталі вышэй. Бязь веры ў Хрыста ўсё гэта — набор словаў. А калі паверыць па-сапраўднаму, ўсе словы знойдуць сваё месца — і нашыя, і ня нашыя.

Ю. Сьмiрноў


да пачатку / ростанi / наступны артыкул / папярэднi артыкул


Зьвязацца з аўтарам: smirnou сьлімак laza кропка org

Заўважылі памылку? Вылучце яе мышшу і націсьніце Ctrl+Enter. Зробім мову і пунктуацыю чысьцей, а факталёгію і тэалёгію дакладней :-)!