LAZA
Ростані
Содержание
Contents

Можна?


(Мацьвея 5:21, 22)

Калі нашыя перадачы яшчэ гучалі ў эфіры на хвалі радыё 101 і 2, аднойчы нам патэлефанавала наша слухачка Вольга з праспэкту Машэрава. Скарыстаўшы з нашага легкадумнага абяцаньня адказваць на любыя пытаньні, яна нам узяла і падкінула менавіта два пытаньні, якія па сваёй выбуховай моцы падобныя на дзьве бомбачкі.

«Ці можна мець у царкве іконы? Ці можна паліць сьвечкі?»  — запыталася ў нас Воля.

Гэтыя пытаньні ў свой час раскалолі і працягваюць расколваць тысячы і мільёны людзей, якія ўсе называюць сябе пасьлядоўнікамі Ісуса Хрыста.

Каб ня рэзаць па-жывому і ня крыўдзіць пачуцьці тых вернікаў, якія цьвёрда перакананыя ў дыяметральна супрацьлеглых поглядах на гэтую праблему, спросьцім нашае пытаньне, выкруцім з бомбачак дэтанатар. Як нам падаецца, сутнасьць пытаньня такая: «Якія суадносіны матэр’яльнага акту пакланеньня Богу празь нейкія прадметы і пакланеньня Яму ў душы? Ці можна ў служэньні Богу выкарыстоўваць творы мастацтва і іншыя рэчы?»

Калі гэтыя пытаньні сапраўды турбуюць ці, як мінімум, цікавяць вас, лагічна было б спачатку вызначыцца, чый жа адказ будзе для вас задавальняючым. Для Волі можа і мы аўтарытэт, што вельмі прыемна. Але мы сябе ведаем і ведаем, што мы, як і ўсякі чалавек, можам памыляцца. Таму нашая прапанова спытацца аб адказе на гэтае пытаньне ў Самога Бога праз Слова Яго — Біблію.

Як жа нам загадвае Бог пакланяцца Яму? Дзе Ён назначае нам сустрэчу?

У Нагорнай Казані Ісус кажа нам:

«Вы чулі, што сказана продкам: „Не забівай; а хто заб’е, падпадае суду“. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго марна, падпадае суду; хто ж бо скажа брату свайму „пусты чалавек“, падпадае сынедрыёну; а хто скажа „неразумны“, падпадае геене вогненнай».

Людзі людзей дзеляць. На Чыкацілаў і Маці Тэрэзаў, на бел-чырвона-белых і чырвона-зялёных, на тых, хто за іконы і сьвечкі, і тых, хто супраць іх. Людзі людзей дзеляць. Дзяліць вельмі зручна. Хто заб’е, падпадае суду. «Я не забойца, я нармальны чалавек. Значыць, я тут, а забойцы — там, на Валадарцы і на Апанскага». Хто за іконы і сьвечкі — той у праваслаўных і каталікоў, а хто супраць — той у баптыстаў і пяцідзясятнікаў.

Але гэта людзі людзей дзеляць. Бог глядзіць зь іншага пункту гледжаньня — зь нябёсаў, зь вечнасьці. І адтуль Ён бачыць кожнае найменшае сардэчка, кожнае сэрцайка. І яму няважна, дзе зараз гаспадар гэтага сэрца — на Валадарцы ці ў Крамлі. Бог кажа: суду падпадае ня толькі той, хто забівае, але і той, хто гневаецца марна, хто забівае іншага словам ці нават думкаю ў сэрцы сваім. І гэтыя бяскроўныя забойствы, якія мы зьдзяйсьняем кожны дзень, і крывавыя трагедыі Руанды, Босьніі і Чачні для Бога аднолькава падпадаюць суду. Ці даводзілася вам чуць словы: «Я б яго забіў»? І забіў бы. Каб не баяўся пакараньня, каб ніхто ня бачыў, каб гэта было ня ў цэнтры Еўропы.

Бог бачыць, што прынцыповай розьніцы паміж сэрцам Чыкацілы і Маці Тэрэзы няма. Бог сьмяецца скрозь сьлёзы, гледзячы на людзкую валтузьню вакол іконаў і сьвечкаў, бо для яго відавочна, што сэрцы ўсіх людзей аднолькава грэшныя і аднолькава падлягаюць суду, і ніякая ікона ці яе адсутнасьць ня выратуе чалавека ад непазьбежнага прысуду.

Выратаваць чалавека можа толькі адно. З судовай залы ёсьць два выхады — у геену вогненную і ў Царства Нябеснае. Для таго, каб трапіць у першыя дзьверы, дастаткова сказаць на каго-небудзь «неразумны». Для таго, каб прайсьці ў другія — трэба перавысіць праведнасьць кніжнікаў і фарысэяў, тых, хто імкнуўся не парушыць аніводнага запавету Божага. Як жа гэта зрабіць? Як можна перавысіць найвышэйшыя прыклады чалавечай паслухмянасьці закону, калі ў сэрцы сваім не наскрэсьці сілаў нават на выкананьне мінімуму патрабаваньняў гэтага закону? Хто можа перавысіць праведнасьць людзкую? Толькі звыш-істота, толькі Той, у Каго ў сэрцы няма марнага гневу, хто ў сэрцы Сваім не забівае нікога. Толькі Бог.

І адзіная магчымасьць знайсьці правільны выхад з судовай залы — гэта ў бясьсільлі ўпасьці там, і хай нясе Судзьдзя, куды хоча. І вось тады здараецца дзіва — Той, Хто здаваўся нам усяго Судзьдзёй, падыходзіць і нясе нас не туды, дзе, як мы перакананыя, нам падрыхтаванае месца — у геену вогненную, а ў іншы бок і кажа: «У доме Айца Майго прыстанішча многа».

І тады, у гэты момант сустрэчы з Судзьдзёю, Які, зусім, высьвятляецца, быццам бы і не судзьдзя, а хутчэй, адвакат, нам і ў галаву ня прыйдзе запытацца Яго аб іконах, аб сьвечках, ці яшчэ аб нечым. У гэты момант асэнсаваньня найвышэйшай сутнасьці Сусьвету і найвышэйшай сутнасьці тваёй асабіста ёсьць толькі дзьве Асобы — Ён і ты. Праўда, ужо з моманту вашай сустрэчы вас становіцца больш — бо зьяўляецца яшчэ й Ён у табе, Які быццам бы і Ён, і быццам бы й не зусім. І вось гэты Ён у табе, зьяўленьне Якога ты адчуваеш амаль фізічна, можа перавысіць праведнасьць чалавечую, вось гэты Ён у табе можа спыніць забойствы ў сэрцы тваім. Толькі дазволь Яму, не перашкаджай.

У тваім новым жыцьці могуць быць іконы, могуць быць сьвечкі, можа быць процьма розных рэчаў. Ня будзе толькі аднаго — ня будзе такога, каб рэч заняла месца Таго, Хто стварыў усе рэчы. Не павінна быць такога, бо Твой Адвакат, Твой Бог — Бог Айцец, Бог Сын і Бог Дух Сьвяты — катэгарычна забараняе табе ставіць нейкую рэч на Яго месца. Забараняе дзеля твае ж карысьці, бо ніякая рэч ня можа прывесьці цябе ў Царства Нябеснае — ні ікона, ні сьвечка, ні нешта іншае. Туды цябе прывядзе толькі Ён.

Дай вам усім Бог такой сустрэчы, дай вам усім Бог жаданьня разгледзець Яго па-за мільёнам рэчаў і твараў, дай вам усім Бог жаданьня пачуць Яго па-за мільёнам галасоў.

Ю. Сьмiрноў


да пачаткуростанi / наступны артыкул / папярэднi артыкул


Зьвязацца з аўтарам: smirnou сьлімак laza кропка org

Заўважылі памылку? Вылучце яе мышшу і націсьніце Ctrl+Enter. Зробім мову і пунктуацыю чысьцей, а факталёгію і тэалёгію дакладней :-)!