У мінулай нашай размове мы пачалі гаварыць аб тым, што такое закон Божы — нешта накшталт дысцыплінарнага статуту, дзе расьпісаны кожны ваш крок, ці маральны прынцып, літара ці дух. Поўнай яснасьці дабіцца тут вельмі цяжка. Быццам бы ёсьць у законе Божым і канкрэтныя забароны (напрыклад: «Не забі»), і канкрэтныя загады (напрыклад: «Дбайце пра гасьціннасьць да прышэльцаў»), але значна больш такіх выпадкаў, калі Біблія канкрэтна пра той ці іншы ўчынак не гаворыць. Няма ні дазволу, ні забароны.
Ці можна працаваць у нядзелю? Такое пытаньне паспрабавалі разгледзець мы мінулы раз.
З пункту гледжаньня літары закону гэтага пытаньня не існуе. Літара закону, адна зь дзесяці запаведзяў гучыць так:
«Памятай дзень суботні, каб сьвяціць яго. Шэсьць дзён працуй і рабі ўсякія справы твае; а дзень сёмы — субота Госпаду Богу твайму: не рабі ў гэты дзень ніякае справы ані ты, ані сын твой, ані дачка твая, ані раб твой, ані рабыня твая, ані жывёла твая, ані прышэлец, які ў дамах тваіх.
Бо за шэсьць дзён стварыў Госпад неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх; а ў сёмы дзень спачыў. Таму багаславіў Госпад дзень суботні і асьвяціў яго».
«Не рабі ў гэты дзень ніякае справы…» Але што лічыць справай, а што не? Біблія тлумачэньняў гэтага нідзе не дае. І людзі, сутыкнуўшыся з гэтым, вырашылі дапамагчы Богу — юдэйскія багасловы распрацавалі канкрэтныя дапаможнікі, паводле якіх лёгка было вызначыць, што справаю зьяўляецца, а што не.
Прыклад: яны палічылі, што пісаць — гэта справа. Але што такое пісаць? І вось формула артадаксальных юдэяў, якіх у часы Ісуса называлі кніжнікамі і фарысеямі: «Хто піша дзьве літары алфавіту правай ці левай рукою, незалежна ад таго, ці яны аднолькавыя, ці розныя, нават рознымі чарніламі ці на розных мовах, парушае закон… Але хто напіша адну літару на зямлі, а іншую — на сьцяне дома, ці на дзьвюх старонках кнігі так, каб іх немагчыма было чытаць разам, ён не вінаваты ў парушэньні закону».
Такіх раскладак было безьліч. Калі перавесьці іх на сучасную мову, гэта было нешта накшталт: «Хто глядзіць у нядзелю НТВ — ня вінаваты ў парушэньні закону, а хто пераключае тэлевізар на ОРТ — парушае закон. Хто езьдзіць у нядзелю на трамваі і тралейбусе, закон не парушае, а той, хто на метро — злосны грэшнік».
У вас гэта выклікае ўсьмешку? Але так гаварылася ўсур’ёз, і наступствы для тых, хто не падпарадкоўваўся такім правілам, былі куды як ня сьмешныя.
Не сьмяяўся і Ісус. Наадварот, у Нагорнай Казані Ён падкрэсьліў, што важна выконваць увесь закон, усе біблейскія запаветы. І адразу ж пасьля гэтага Ісус зьвяртаецца да тых, хто слухае Яго так, як ня слухаў да таго нікога, зь дзіўнымі словамі:
«Бо, кажу вам, калі праведнасьць ваша не перавысіць праведнасьці кніжнікаў і фарысэяў, дык ня ўвойдзеце вы ў Царства Нябеснае».
Праведнасьць гэтых людзей, гэтых занудаў, якія кожны высокі прынцып закону Божага раскладалі на тысячы заземленых і анекдатычных правілаў, Ісус не высьмейвае, не закрэсьлівае прама. Ён кажа, што іх узровень праведнасьці для тых, хто хоча ўвайсьці ў чацьвёртае вымярэньне Царства Нябеснага, усяго толькі прамежкавы фініш. Прамежкавы, але фініш. Як сказаў адзін вельмі разумны чалавек: «Можа быць, Бог і вышэй за мараль, але не ніжэй. Шлях у зямлю абяцаную ляжыць праз Сінай. Няхай маральны закон дзеля таго і існуе, каб мы яго пераўзышлі, але яго не пераўзыйсьці тым, хто сьпярша не прыняў яго, і не паспрабаваў выканаць, і не зразумеў з усёй шчырасьцю, што гэта не ў яго сілах» (К. С. Люіс).
Зямля абяцаная, чацьвертае вымярэньне, Царства Нябеснае адкрыецца толькі перад тымі, хто не абміне на сваім шляху Сінай. Сінай, дзе Бог сказаў: «Памятай дзень суботні, каб сьвяціць яго. Шэсьць дзён працуй і рабі ўсякія справы твае; а дзень сёмы — субота Госпаду Богу твайму: не рабі ў гэты дзень ніякае справы».
Але зямля абяцаная не адкрыецца перад тымі, хто застанецца на Сінаі і задаволіцца гэтым. Толькі выкананьне правілаў нічога не дае. Ды яно і немагчымае — немагчыма «ў гэты дзень не рабіць ніякае справы». Як бы ты ні хацеў, але нешта ды зробіш.
Да таго ж у Эвангельлі ёсьць яшчэ і такі ўрывак:
«І давялося Ісусу ў суботу праходзіць засеянымі палямі, і вучні Ягоныя дарогаю пачалі зрываць калосьсе. І фарысэі сказалі Яму: глядзі, што яны робяць у суботу, чаго нельга рабіць.
Ён сказаў ім: няўжо вы ніколі не чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу і згаладаўся сам і тыя, што былі зь ім? Як увайшоў ён у дом Божы пры першасьвятары Авіяфары і еў пакладныя хлябы, якіх нельга было есьці нікому акрамя сьвятароў, і даў тым, што былі зь ім?
І сказаў ім: субота дзеля чалавека, а не чалавек дзеля суботы; таму Сын Чалавечы ёсьць гаспадар і суботы».
Я адчуваю, што ў вас складваецца ўражаньне, што мы вам не дапамагаем, а толькі заблытваем. Спачатку сказалі, што нічога з закону Божага парушаць нельга,а закон гэты нам загадвае нічога ў сёмы дзень тыдня не рабіць; пасьля кажам, што гэта трэба неяк пераўзыйсьці, а яшчэ пасьля прыводзім словы Ісуса, зь якіх быццам бы вынікае, што «калі нельга, але вельмі хочацца, то можна». Нічога не рабі, нават рабі больш за тое, але можаш і рабіць нават тое, чаго нельга. Што ж рабіць? Ці можна мыць бялізну ў нядзелю пасьля Вялікадня?
Поўнага адказу вы не атрымаеце і зараз. Але, калі падсумаваць нашыя разважаньні, я скажу так: Богу, калі на тое пайшло, няма розьніцы, ці мыеце вы бялізну ў нядзелю, ці не. Ён вам загадвае дзеля вашае ж карысьці, каб хаця адзін дзень у тыдзень вы аддалі Яму, займаліся ня тым, чым займаліся шэсьць астатніх дзён. Але ня гэта галоўнае для Бога. Галоўнае для Яго — каб вы імкнуліся не да мінімуму, а да максімуму праведнасьці, які значна вышэй за пытаньне фармальнае — напісаў я ў нядзелю дзьве літары ці тры. А імкнучыся да максімуму, вы нават і задумвацца ня будзеце, што рабіць, а чаго не рабіць у сёмы дзень тыдня — усё ў вас будзе атрымлівацца натуральна, само сабою. Той, хто ў нядзелю ходзіць на набажэнства, проста фізічна ня зможа распачаць у гэты дзень якую-небудзь вялікую справу.
Як жа гэтага максімуму дасягнуць?