LAZA
Ростані
Содержание
Contents

Гісторыя аб тым, як лідэр знайшоў Лідэра


sieviaryniec

Быў я атэістам даволі пе­ра­ка­на­ным, займацца было багата чым, лічыў, што гэта й ёсьць маё на­ка­на­ваньне, ня надта задумваўся над тым, якая сіла ўсё вядзе… пакуль не патрапіў на ву­лі­цу Ва­ла­дар­скага.

Быў мітынг, забралі, сядзеў два дні спачатку ў пастарунку, потым адвезьлі на ізалятар часовага ўтры­маньня, по­тым на Ва­ла­дарку…

І першыя тыдні са два быццам анэстэзія, такое ўражаньне, што ня турма. Мне, чалавеку, які павінен быў проста сур’ёзна баяцца, чамусьці не баялася. Я ня ведаў, што й рабіць, пакуль ня прыйшла вестка — мяне выпускаюць на тры дні, паколькі памёр пляменьнік. Калі памірае сваяк, выпускаюць на тры дні на пахаваньне.

Справа была палітычная, і, калі мяне адпусьцілі, маглі б усчаць вялікі шум. Апроч таго, яны разьлічвалі, што, выйшаўшы на волю, я збягу. Як толькі я выйшаў з турмы, за мной паехалі машыны, усё адсочвалі. І вось я паехаў на тры дні на пахаваньне ў Віцебск. Суправаджаў гэты картэж мяне так няяўна, але было відаць, што едуць. І вось, калі надышоў час вяртацца на Валадарку, сябры прыдумалі, што можна будзе ўсяго пазьбегнуць, калі класьціся ў бальніцу й сымуляваць, што нешта баліць, а потым урачы давядуць міліцыянтам, што забіраць назад на Валадарку нельга. Са свабоды не хацелі мяне назад аддаваць у турму, спадзяваліся такім чынам выцягнуць. Я падпарадкоўваўся, нібыта ўсё так і трэба, але, калі пад’ехалі да студэнцкай паліклінікі, дзе трэба было ўзяць мае паперы для вызваленьня, я раптам адчуў, што ўва мне нешта прачнулася такое, чаго раней ня было.

Прачнулася нешта такое, што ўладна сказала: «Трэба назад у турму. Назад, у турму. З табой там усё будзе нармальна, усё будзе добра, павер». Я ня мог з гэтым пагадзіцца — я ўжо адчуў тры дні свабоды. Хаця й было такое адчуваньне зухаватасьці: ну вось, іду ў турму, а ўсе вакол клапоцяцца, завіхаюцца. Аднак чыста па-чалавечаму было страшна. Я гэтаму ўнутранаму голасу супярэчыў. Літаральна за некалькі гадзінаў да канца маёй той кароткай волі я ўпершыню пачаў па-сур’ёзнаму казаць пра Бога. І я проста сказаў: «Не, ўсё, ніякіх ўрачоў, я іду назад у турму». Ніхто гэта ня мог ніяк вытлумачыць. Я і сам вытлумачыць ня мог. Адно дакладна ведаў — трэба назад, у турму.

І ў апошнія хвіліны, калі машына ўжо ад’язджала і трэба было ехаць у ізалятар здавацца, мяне аклікнуў знаёмы хлопец, Лёша Фралоў. Ён бег і трос нейкай кніжкай. Літаральна ў апошні момант ён дагнаў мяне каля машыны і перадаў Біблію.

Я яе ўзяў, сунуў у сумку. Каля Валадаркі разьвіталіся, я так рашуча пайшоў у гэтыя дзьверы і яны зачыніліся.

Мяне там абшукалі, падзівіліся, што я вярнуўся, і, ужо седзячы ў адстойніку (такая камера, куды папярэдне затрыманых дастаўляюць), прыблізна праз гадзіну я адчуў страшны проста страх — гэта было нешта… Я зразумеў, што некалькі га­дзі­наў таму я мог бы яшчэ застацца на волі, а зараз невядома на які тэрмін апынаюся ў турме. Гэта была проста паніка.

Адзінае, што я ведаў, гэта што трэба зараз жа альбо нечым заесьці, альбо запіць, альбо чымсьці заняцца, каб проста тут жа ня глуздануцца. Я палез у сумку, і першае, што адчуў, была кніга. Я дастаў яе, раскрыў. Там было Яна 14:1:  «Хай ня сумняваецца сэрца вашае, веруйце ў Бога і веруйце ў Мяне». Я літаральна адзін толькі гэты радок зь Бібліі і бачыў.

Некалькі першых тыдняў я верыў і ня верыў. Я ўвесь час адкрываў Біблію. Ці то так моцна проста я разагнуў яе на той момант, што адкрывалася ўвесь час тут, але я пастаянна бачыў: «Хай ня сумняваецца сэрца вашае, веруйце ў Бога і веруйце ў Мяне». Увесь час чакаў вызваленьня, прыходзіў адвакат, паведамляў: «Зараз вызваляць, зараз вызваляць». Кожны тыдзень гэта паўтаралася. І ўсё гэта за­вяр­ша­ла­ся нічым. Прайшоў месяц, прайшло яшчэ пару тыдняў. Ужо стала ясна, што, напэўна, працягнуць тэрмін на тры месяцы, потым на шэсьць. І ў адзін зь дзён, калі было асабліва кепска, я спрабаваў пачытаць Біблію. Апроч гэтага радка, яшчэ гартаў і іншыя старонкі, але раскрывалася ўвесь час вось на гэтым 14:1..

Выклікаў мяне да сябе сьледчы Голубеў і сказаў: «Ну што? Твая хуліганка, 201-ы артыкул (па якім мне сьвяціла два гады пазбаўленьня волі) — гэта ўсё драбяза. Вось, першае — друкаваны ваш орган „Маладзёвы вестнік“, за які ўзяліся з КГБ. Там мы адкапаем межнацыянальную варожасьць, ты атрымаеш пяць альбо сем гадоў, ведай пра гэта. Але гэта яшчэ не ўсё. Вось фотаздымкі з акцыі, вось гэтая дзяўчына прыязджала да вас з Жэнем Скочакам, калі вы жылі на кватэры». А ў папярэдні перад акцыяй дзень да Жэні прыехала дзяўчына з Горадні. І Голубеў заявіў: «Гэтай дзяўчыне пятнаццаць гадоў, яна няпоўнагадовая. Элементарна можна давесьці, што ў ноч перад акцыяй вы ёй нешта там зрабілі. Зробім асведчаньне, няма праблемаў. Так што рыхтуйся, гэта гадоў пятнаццаць, вельмі сур’ёзны артыкул. Ну, што будзеш рабіць? Будзеш сазнавацца, што ты там зьдзейсьніў на плошчы?»

Ну, я прыкусіў язык, тут ужо было па-сур’ёзнаму страшна. Гэта было, можа быць, самае страшнае перажываньне ў жыцці, і дзён пяць недзе адзінае, што я бачыў, было тое, што надыходзіць час, пасьля якога альбо падаўжаюць тэрмін яшчэ на адзін месяц, альбо зьмяняюць падпіску. Я ўжо зразумеў, што ніякай зьмены ня будзе, што ўсё вельмі сур’ёзна, што ўзяліся да канца.

І бачыў я толькі адно: прыблізна 3-га чэрвеня трэба будзе абвяшчаць галадоўку, галадаваць прыблізна месяц і толькі такімі мэтадамі можна будзе вызваліцца да таго часу, калі падаўжаюць тэрмін адразу на тры месяцы. Усё было разьлічана, я меў перад вачыма прыклады Сіўчыка і Хадыкі, для якіх таксама, здавалася, нічога не сьвяціла. Гэтыя пяць дзён я жыў толькі адным — я чытаў гэты радок, я спрабаваў маліцца сяк-так, я адчуваў, што гэта нешта вельмі важнае, надыходзіць нешта проста вызначальнае, што трэба рабіць выбар, і я рашаўся на гэтую галадоўку. Галадоўка павінная была быць вельмі сур’ёзнай, было, канешне, вельмі страшна. Але тут ужо упершыню я пачуў, як Госпад гаворыць: «Рашайся». Я дакладна ня мог сказаць, на што рашацца — на галадоўку ці на што яшчэ. Я вырашыў: усё, рашыцца трэба, неабходна. Кожны дзень я наядаўся так, як быццам у апошні раз, таму што ведаў: як толькі прыйдзе адвакат, трэба будзе аб’яўляць галадоўку праз прэсу, каб там усё стала вядома, каб гэты афіцыйны працэс быў запушчаны — трэба пасьля гэтага будзе адразу пераставаць есьці. Пагаварыў ужо з сукамернікамі, з адвакатам, Дасканала вывучыў, як усё можа рабіцца, усе гэтыя фізіялагічныя працэсы, якія наступаюць пасьля галадоўкі, вывучыў і быў ужо гатовы.

Але нешта стрымлівала, я ведаў, што трэба нешта яшчэ, чагосьці я не зрабіў. Дні доўжыліся адзін за адным, яны ішлі, падыходзіла ўсё да 30-га. 31-е,  1-е…

І мне стала ясна, што я проста павінен пакаяцца за тое жыцьцё, якое я вёў. Мне проста трэба вызваліцца ад таго жыцьця, якое я вёў дагэтуль, і жыццё, якое я мушу весьці далей, будзе проста абсалютна іншым. Гэта ўжо стала ясна. І тады я каяўся. Я зразумеў, што мушу зараз ісьці да канца і раблю выбар на ўсё сваё жыцьцё. І ў апошні дзень вясны, гэта было 31 траўня, я пакаяўся. 30 траўня вельмі моцныя якраз-такі былі перажываньні, адначасова страх і адчуваньне, што я вызваляюся. Стала абсалютна лёгка. Абсалютна стала лёгка. Наступныя тры дні я пражыў ну зь дзіўным проста пачуцьцём легкасьці…

Адвакат усё не прыходзіў. Надышло трэцяе. Ураніцу да нас падсялілі аднаго навічка. І раптам сказалі: «Севярынец, рэчы — на выхад». Адвезьлі ў райаддзел. Там некалькі гадзінаў я сядзеў у каменным мяшку і ўпершыню так па-жывому маліўся, таму што ведаў: альбо зараз на допыт, прад’яўляць новае абвінавачаньне, альбо гэта будзе вызваленьне. Некалькі гадзінаў я так маліўся, а пасьля ўзялі, вывялі ў пракуратуру, адамкнулі наручнікі, і я ўжо зразумеў, што гэта будзе свабода!..

Там быў бацька. Падпіска аб нявыязьдзе. Горад Віцебск. Трэцяга чэрвеня вызвалілі, і паехаў да хаты. Першыя дні проста было адчуваньне, што такога ня бывае, што трэба вярнуцца назад — вельмі карцела вярнуцца ў ранейшае жыцьцё. У мяне проста раскалывалася галава. Я думаў, што гэта ўсё можа быць выпадак. Я пачаў ужо абасноўваць гэта з рэальнага нейкага гледзішча, пра Бога, здаецца, зусім забыў. Але любыя справы, за якія я браўся, якія я павінен быў рабіць яшчэ да турмы, яшчэ, што называецца, ўва плоці, не даваліся ў рукі, проста немагчыма было ні да чаго падступіцца.

І паступова, месяц за месяцам, праз самыя розныя рэчы я пачаў бачыць, што творыцца ў свеце, пачаў атрымліваць адкрыцьці, якія ніколі раней не палічыў бы за штосьці вельмі важнае. Пачаў прыслухоўвацца да тых словаў, якія кажа Госпад Бог, і пачаў разумець, што такое насамрэч вось гэтае жыцьцё. Ужо ішла рэфармацыя, ужо ішло, што называецца, разбудоўваньне самога сябе ў духу… Шмат з чым да­во­дз­ілася змагацца і шмат з чым не дазмагаўся яшчэ й дагэтуль, гэта безумоўна, але Госпад проста звышнатуральна выратаваў у той момант і некалькі разоў пасьля гэтага так ярка асьвятляў жыцьцё, што ня тое што ня хочацца вяртацца назад, а праблема зараз, як іншым растлумачыць, што такія вялікія азарэньні можна атрымліваць у любы дзень, не зважаючы на дату, не зважаючы на свой уласны настрой душы, проста так, таму што Госпад гэтага захацеў. Гэта проста быў цуд. Я за гэта дзякую Богу так, што словамі тут ня выразіць, але тым, хто яшчэ сумняваецца, тым, хто яшчэ на паўдарозе, я заўсёды гатовы даводзіць, што гэтыя перажываньні, самыя моцныя ў жыцьці, трэба перацярпець, гэтае пакаяньне трэба зьдзейсьніць абавязкова, бо бяз гэтага ня будзе ні ўратаваньня, ні Царства Нябеснага, ні нармальнага жыцьця ўвогуле.

Мяне запрашалі ў некалькі цэркваў, але атрымлівалася вельмі дзіўна: ня ведаю, ці то ўва мне моцны яшчэ быў грэх, ці, можа быць, гэта закон дзеяньня і су­праць­дзе­яньня, але, як толькі я трапляў у царкву, у душы ўздымалася су­пра­ціў­леньне, я заўсёды пачынаў шукаць, што кепска, што ня так. Гэта вельмі доў­га працягвалася, пакуль, нарэшце не дайшоў да таго, што вось гэты самы дух крытыкі трэба прыбраць. Вырашана вельмі ёміста наконт бервяна і пылінкі. Калі ў самім сабе нешта не ў парадку, у сваім храме, калі ты сам поўны бруду, тады і ва ўсіх астатніх бачыш кожную пылінку…

Калі я быў у падарожжах, таксама заглядываў у цэрквы. Самае вялікае ўражаньне зрабіў чамусьці касьцёл у Зэльве. Быў вельмі моцны холад, яшчэ пару га­дзінаў было да цягніка, я зайшоў пагрэцца і ўбачыў, як ксёндз, прысланы з Поль­шчы, які вывучаў польскую мову, і якому, напэўна, усё ж такі загадвалі ў па­ра­фіі весьці набажэнствы па-беларуску, размаўляў адразу на трох мовах, і ўся вялікая грамада за ім гэта паўтарала. Пачатак фразы быў расейскі, сярэдзіна беларуская, а за­канчэньне ўжо польскае, знаёмае, вядомае. І ўся грамада (а там было некалькі соцен чалавек) паўтарала за ім усё слова ў слова. Я адчуў, што прымусіць людзей размаўляць адразу на некалькіх мовах можа толькі нешта вельмі-вельмі моцнае. Быў з гэтага часу яшчэ ў пра­васлаўных цэрквах, быў і ў каталікоў, і ў харызматаў. Я бачыў, што Бог ёсьць паўсюль у гэтых цэрквах. Дзесьці, можа быць, Яго відаць, дзесьці — ня відаць. Дзесьці духам, дзесьці тоненька вельмі, але свае ад­мысло­васьці, асаблі­васьці ёсьць у кожнай царкве… Можа, ў гэтым і ёсьць сэнс маіх пошукаў, вандраваньняў, можа, ў гэтым і можна знайсьці Бога ўсёй Беларусі.

Але я быў перакананым палітыкам, так не жадаў раставацца з усімі гэтымі палітычнымі прычындаламі кшталту прыстойнасьці, «А можна ж іншымі мэтадамі», «А можна ж проста „культуровае хрысьціянства“, хрысьціянскую мараль абвяшчаць». І я проста адчуваў, што Бог праштурхоўвае, прабівае, разьбівае гэтыя перагародкі. Першым крокам была «Нацыянальная ідэя». Калі я пачаў яе пісаць, мне здавалася, што я змагу растлумачыць даходліва тое, што ў мяне ў душы. Я спрабаваў выкласьці гэта так прыймальна, каб гэта не палічылі за хрысьціянства, крый Божа. Але Бог проста вымушаў нешта сказаць проста канкрэтнымі словамі. І як бы я ні пакутаваў дзеля сваёй палітычнасьці, я проста так і рабіў.

Неяк я дужа псіхануў на Управе. Тады сабралася багата людзей. Выйшаў я на вуліцу, і хлопцы мне сказалі: «Ну, Паша, вось ты гаворыш пра хрысьціянства… Што ты можаш прапанаваць?» Я пастараўся выкласьці тыя думкі, якія блукалі ў галаве, што хрысьціяне павінны быць еднымі, што яны мусяць быць разам, хаця на той момант было так кепска на душы, што я проста механічна гэтыя словы гаварыў. Але хлопцы мяне падбадзёрылі і сказалі: «Паша, гэта ж цудоўна, гэта трэба рабіць». Яны ўзялі, што называецца, пад рукі і сказалі: «Сустракаемся тады й тады». Потым су­стрэ­ліся, дамовіліся штосьці напісаць, маліліся кожны тыдзень. Напісалі і проста стала нават незразумела, хто што пісаў, таму што, склаўшы ўсё разам, атрымалі не­шта еднае. Стала зразумела, што гэта не ад нас і нашай волі, што называецца, а на­пі­сана ўсё цэласна….

Каму б ні паказывалі, усе кажуць: «Як ты класна напісаў, як у цябе файна атрымалася». Няма нават і думкі, што гэта пісала некалькі чалавек. Хаця абсалютна розныя людзі, абсалютна розныя стылі.

А потым ужо даводзілася змагацца з сабой кожны раз, як выходзіш гаварыць. Беларускі народны фронт. У сойме сядзяць чалавек 40–50,  якія будуць сьмяяцца, я дакладна ведаю. Але гэтыя словы гаворацца, і як толькі вымаўляецца імя Іісуса Хрыста — быццам бы гранату ручную ў залу кінулі, усе адразу пачынаюць пе­ра­гляд­вацца, пера­шэптвацца, адкід­вацца на спінкі крэслаў: «Ну, што ж такое?! А-а-а!  Апяць! Не можэт быць! Замбіравалі там!» І гэтак далей. Выступаеш, бачыш напружаныя твары, вочы, якія глядзяць ва ўпор. І як толькі скажаш «прыняць Ісуса Хрыста ў сваё сэрца» — адразу ў зале проста выбух! Так было некалькі разоў і сярод моладзі.

Розныя чуткі ходзяць, але гэта будзе ўсё, і калі б іх ня было, то гэта б азначала, што мы проста халтурым, мы сваю справу ня робім. Але Госпад дзейнічае, прычым на вачох дае такі эфэкт, які нішто іншае б не дало.

Адзін раз выступаў перад моладзьдзю, казаў, як гісторыя Беларусі зьвязаная з хрысьціянствам і якім чынам беларуская нацыянальная ідэя можа быць выражаная ў словах: «Беларуская форма, хрысьціянскі змест». Я такіх прамоваў пераканаўчых у сваім жыцьці напэўна не казаў. Мне здавалася, што гэта была лепшая прамова і пасьля пытаньня: «Якую ідэю вы падтрымліваеце — клясычную ці вось гэтую, толькі што выкладзеную?» павінен быў падняцца лес рук. І я так упэўнена ў залу гэтае пытаньне кінуў: «Хто за?» Чатыры рукі — за, трынаццать — супраць, сямёра — устры­ма­ліся. Гэта проста азначала рэальны стан справаў. Можа быць, да такой мяжы там усё было растлумачана. Імя Ісуса Хрыста прагучала разоў, напэўна, дзесяць-дванаццаць. І, натуральна, усе зразумелі, што тут не да жартаў, тут пра рэчы сур’ёз­ныя гаворыцца. Але наважыліся падняць рукі толькі вось некалькі чалавек. Хаця іншы раз, калі ўсё казалася так дыпляматычна, пра «хрысьціянскую мараль, хрысьціянскія прынцыпы», падымалі рукі ўсе, ня было праблемаў.

Але імя Госпада дзейнічае зусім інакш. Я раней траціў гадзіны на тое, каб падыйсьці да самой сутнасьці, ды так і не падыходзіў. Урэшце рэшт атрымлівалася, што задаюцца сустрэчныя пытаньні, мы адыходзім у бок, вытапталі ўсё навокал, а вось самага галоўнага не кранулі. З тых часоў проста варта прамовіць імя Ісуса Хрыста, і ўсё само пойдзе, само арганізуецца, самі будуць зададзеныя пытаньні, якія трэба. Вось гэта якраз і ёсьці тое скрыжаваньне, тая кропка, якой усё адкрываецца. Бяз гэтага ўсе прамовы будуць пустыя словы. Бяз гэтага ўсё будзе пустое.

Павал Севярынец


наверх / ростанi / наступны артыкул / папярэднi артыкул


Зьвязацца з аўтарам: smirnou сьлімак laza кропка org

Заўважылі памылку? Вылучце яе мышшу і націсьніце Ctrl+Enter. Зробім мову і пунктуацыю чысьцей, а факталёгію і тэалёгію дакладней :-)!