LAZA
Ростані
Содержание
Contents

Надзея


Бязь ежы чалавек можа пражыць некалькі тыдняў, без вады — некалькі дзён, без паветра — некалькі хвілін.

Без надзеі чалавек ня можа жыць увогуле.

Ён спадзяецца на лепшае нават там, дзе нічога добрага ня было, няма і не прадбачыцца. Надзея сагравала ў палярнай сьцюжы вязьняў лягераў савецкіх, надзея давала сілы выконваць непасільную працу вязьням лягераў нямецкіх, надзея да апошняй секундачкі пульсавала ў скронях тых, каго вялі ў апошні шлях да курапацкае ямы, вогнішча інквізіцыі, арэны гладыятараў.

Надзеяю жывуць ня толькі людзі, але і народы.

Азірнемся на суседзяў. Са слязьмі на вачах сьпяваюць палякі «Jeszcze Polska nie zginęła…», хаця шмат разоў здавалася, што Польшчы ўжо ня ўстаць ніколі. З поўдня ізноў чуюцца словы «Ще не вмерла Україна», хаця і ад украінскіх стэпаў неаднойчы веяла магільнаю цішаю. А з томікаў Купалы і менскіх сьценаў ніяк ня выводзіцца енк і крык: «Жыве Беларусь!», хаця жыцьцём тое, што адбываецца на Беларусі, назваць бывае вельмі цяжка.

Людзі і народы жывуць надзеяю нават тады, калі ўжо практычна ня жывуць. Людзі і народы спадзяюцца, што жывуць, што ня згінуць, што не памруць.

Без надзеі ня можа жыць ніхто.

Без надзеі ня могуць жыць і тыя, хто жыве вераю ў Сына Божага і Сына Чалавечага Ісуса Хрыста.

Але надзея ў іх іншая. Спадзявацца іх Хрыстос вучыў ня так, як спадзяецца сьвет. Хрыстос казаў, што той, хто чапляецца за жыцьцё, «хто любіць душу сваю, загубіць яе; а хто ненавідзіць душу сваю ў сьвеце гэтым, захавае яе ў жыцьцё вечнае». Ён казаў, што, каб пачаць жыць па-сапраўднаму, па-чалавечаму, а ня выжываць, як пацуку ці прусаку, трэба памерці. Ён казаў, што, каб нарадзіцца для Бога, трэба памерці для сябе.

Хрыстос гэта казаў і першым паказаў прыклад — праклаў шлях праз сьмерць у жыцьцё габрэям, палякам, украінцам і беларусам, юдэям, каталікам, праваслаўным і пратэстантам, кожнаму народу, які ня хоча загінуць, і кожнаму чалавеку, які хоча жыць.

Таму, праклаўшы нам шлях праз сьмерць, з таго яе боку, з жыцьця сапраўднага, вечнага, бяз болю і сьлёзаў, бяз пухлінаў раку і бяз пухлінаў фашызму, Ісус столькі разоў кажа нам: «Ня бойцеся! Ня бойцеся таго, чаго баяцца людзі і народы. Ня бойцеся загінуць. Ня бойцеся прызнаць, што ўсё загінула, што загінулі вы самі пад цяжарам грахоў, чужых і сваіх. Ня бойцеся выпусьціць з рук надзею чалавечую і ўхапіцеся за надзею, якую даю вам Я, надзею, якая для душаў вашых будзе якарам бясьпечным і моцным, якога ніхто і нішто нават не зварухне».

Ён ёсьць уваскрэсеньне і жыцьцё. Хто верыць у Яго, нават калі памрэ — ажыве. І толькі ў Хрысьце можа ня згінуць Польшча, не памерці Украіна, толькі ў Хрысьце можа і будзе жыць Беларусь!

Толькі для гэтага нам, тым, хто лічыць, што ён яшчэ жывы, што ён неяк прарвецца, што неяк усё наладзіцца, што нехта нешта зробіць, нехта нешта дасьць, трэба пахаваць надзею на сябе, трэба пахаваць самога сябе жыўцом.

Менавіта гэтыя хаўтуры па сабе і сваіх ілюзіях як раз і завуцца пакаяньнем, навяртаньнем — ад сябе да Бога.

Ня трэба спадзявацца, што нехта нешта зробіць, нехта нешта дасьць. Нехта нешта даўно зрабіў, нехта нешта даўно даў — Хрыстос даў нам Самога Сябе, Уваскрэсеньне і Жыцьцё. Нам застаецца павярнуцца, навярнуцца да Яго, памерці… і жыць. Жыць новаю, вечнаю, найпэўнейшаю надзеяй. Бо без надзеі ні чалавек, ні народ жыць ня могуць.

Ю. Сьмiрноў


наверхростанi / наступны артыкул / папярэднi артыкул


Зьвязацца з аўтарам: smirnou сьлімак laza кропка org

Заўважылі памылку? Вылучце яе мышшу і націсьніце Ctrl+Enter. Зробім мову і пунктуацыю чысьцей, а факталёгію і тэалёгію дакладней :-)!