Беларус не баіцца ні чорта, ні Бога. Беларус не баіцца нікога й нічога. Вы скажаце, што беларус баіцца начальства — цівуна, урадніка, аканома і цара? Вельмі сумняваюся. На вуліцы і ў «присутственном месте» можа і баіцца. А
А баіцца ён
Якіх дзьвярэй? Розных — самых звычайных і самых адмысловых, браніраваных.
Пад страхам сьмяротнага пакараньня не прымусіш беларуса паціснуць руку, працягнутую яму праз парог. Беларус будзе ляпаць па лужынах і пнуцца, як жаба на корч, на гурбы сьнегу, каб абыйсьці «цыганскія вароты» тэлеграфных слупоў.
Ды й не адзін беларус дзьвярэй і варот баіцца. У найсьмялейшых кітайцаў, уругвайцаў і комі-пермякоў мову аднімае, калі яны ўтыкаюцца носам у «брамы неўміручасьці», а дакладней, «уміручасьці», калі расчыняюцца перад імі са скрыпам і скрыгатам дзьверы ТУДЫ, у сьмерць.
Магія і містыка дзьвярэй вядомая ўсім народам. Дзьвярам нават помнікі ставяць і кнігі пра іх пішуць: Трыумфальная арка — гэта ж таксама дзьверы. Увесь сюжэт трылера пра Бураціна і Карабаса круціцца вакол таямніцы ключыка й дзьверцы ў невядомай сьцяне, якая вядзе ў невядомы сьвет.
Праз дзьверы матчынага ўлоньня мы ўваходзім у сьвет, а пасьля пайшло-паехала: упершыню ўваходзім у дзьверы дзіцячага сада, школы, ПТВ ці інстытута, армейскай казармы ці залы суда.
Дзьверы, дзьверы, дзьверы… І за кожнымі чакае невядомае, перад некаторымі аж выскоквае ад гэтай невядомасьці з грудзей сэрца.
Мы ўсе Бураціны і Карабасы. Мы ўсе шукаем ключыкі і дзьверцы, праз якія ўвойдзем туды, дзе ўрэшце ўсё будзе так, як мроілася, так, як трэба. Мы ўсе шукаем тыя дзьверы, за якімі дзьвярэй ужо ня будзе.
І часта нам здаецца, што мы іх знаходзім, гэтыя дзьверы. Першая зацяжка цыгарэтаю, першая чарка, першая порцыя траўкі ці калёсаў… Круціцца ў галаве, цела губляе вагу, атмасферны слуп больш ня цісьне цябе да зямлі, за сьпіною вырастаюць крылы. Адна за другою чалавечыя душы перажываюць тое, што перажываюць мураўі, смокчучы згубныя кропелькі, якія ім падстаўляе «траянская тля», што перажываюць каты, якія забываюцца на свой узрост і ўвогуле забываюцца, што яны каты, адурэўшы ад настойкі з карэньняў валяр’яны. Ты ўсё ведаеш, усё можаш, ведаеш адказы на ўсе пытаньні.
І кожны дзень у гэтыя вароты ломяцца мільёны, пад ямайскімі пальмамі і ў якуцкіх сьнягах, у люксусовых начных клубах і брудных бічоўнях. Адны апранутыя ў смокінгі і бабачкі і павяваюць незямнымі водарамі парфумаў, іншыя гадамі не здымаюць зь сябе сьмярдзячыя гноем і чалавечаю мачою лахманы, але ўсе рвуцца туды — у дзьверы, якія абяцаюць увесьці ад сьвету, дзе боль, прыніжэньне, дзе ты ўсяго адно з мільёнаў дзьвюхногіх стварэньняў, наперадзе ў якога яшчэ больш болю і яшчэ больш прыніжэньня… І ніякай персьпектывы.
Але прайсьці ў гэтыя дзьверы не атрымліваецца. Быццам бы ты ўжо там, па той бок, і быў, быццам бы сапраўды зьведаў шчасьце, чуў незямныя галасы і бачыў незямныя зданьні, але час праходзіць, а ты ўсё тут, з гэтага боку дзьвярэй. Ды да таго ж яшчэ, як
Парог, усяго толькі парог. Ачаг, намаляваны на палатне. І ніякай сапраўднай дзьверцы за ім, у якую можна было б увайсьці — усур’ёз і надоўга.
А на гэтым парозе цягне такім скразьняком, што ў яго вылятае ўсё, што ў цябе было — твае грошы, твае мары, тваё здароўе, твая сям’я і… сам ты. Цябе больш няма. Цябе заціснулі дзьверы. Заціснулі твае рукі, якія ўмелі нешта рабіць ці пісаць, твае ногі, якія ўмелі хадзіць ня толькі на піва і ў пункты прыёму шклатары, твае мазгі, якія ўмелі думаць.
І што дзіўна, ты з самага пачатку ведаў, што так яно і будзе. Цябе папярэджвалі іншыя, цябе папярэджваў ты сам. Нават тыя, хто выдае пропуск у гэтыя дзьверы (напрыклад, міністэрства аховы здароўя на пачках дзьвярэй табачных) шчыра папярэджваюць, што нічога добрага ад гэтага ня будзе. Але ў дзьвярэй сапраўды ёсьць містыка. Яны вабяць нас сілаю, якая у мільёны разоў перавышае наш розум, нашае сумленьне, нашую сілу. І мы, як ягняты, як авечкі, нешта сабе мекаем і йдзем, бо куды ж нам яшчэ ісці? Усе шляхі ўсё адно вядуць у сасоньнік. «Дык хоць памекаць на шляху», — сьмяемся мы, хаця сьмяяцца ня надта хочацца.
Але ёсьць адзін ачаг, агонь на якім не намаляваны, хоць часта здаецца намаляваным, бо на ім густа наляпаныя аляпаватыя чалавечыя вохры, сінькі і бялілы.
Быў у гісторыі адзін Чалавек, Які сказаў, што Ён Сам і ёсьць самыя сапраўдныя дзьверы, празь якія можна прайсьці на той бок, туды, дзе няма ані болю, ані прыніжэньня і дзе ёсьць вечная і сапраўдная персьпектыва — не валяр’янавая, не табачная, не алкагольная, не гераінавая. Гэты чалавек быў Бог. Давайце паслухаем Яго:
«Я — дзьверы: хто ўвойдзе Мною, той уратуецца, і ўвойдзе і выйдзе, і пашу знойдзе» (Яна 10:9)).
Жывыя, не бяздушныя й не падманныя дзьверы. Дзьверы, якія ня смокчуць з нас жыцьцё, а самі даюць жыцьцё, жыцьцё вечнае, што не залежыць ад рэчываў, якія трапляюць у нашую кроў і мозг праз страўнік, лёгкія ці вены. У гэтых дзьвярах няма Вінні-Пухаў — «і ўвойдзе і выйдзе», напісана на ніх. Яны сапраўды пераход, а не пастка. А за імі паша, паша для сэрца, для душы, для духа, для ўсяго, што ёсьць сапраўднае «я» і «ты». Гэтых дзьвярэй няма чаго баяцца містычным страхам ні беларусам, ні японцам, празь іх ня тое, што можна, празь іх трэба, абавязкова трэба падаць руку. Інакш мы будзем вечнымі Вінні-Пухамі, вечнымі «ні туды ні сюды». А потым — сасоньнік. А яшчэ потым — яшчэ адны дзьверы. Апошнія, жахлівыя, у параўнаньні зь якімі самае цяжкае пахмельле ці самая страшэнная ломка — Багамы…
А ў старажытных яўрэяў на вушаках дзьвярэй былі напісаныя запаветы Божыя. Ня ўсе іх, канешне, чыталі. Ня ўсе і зараз чытаюць. Чытаюць іншыя надпісы на іншых дзьвярах — «Два буслы», «Smirnoff» і «Petroff». Але гэтыя надпісы мёртвыя. А тыя жывыя. І калі душыць сьмерць, калі няма выхаду з дзьвярэй, якія заціснулі на сьмерць, трэба не заганяць сябе ў іншыя, яшчэ вузейшыя дзьверы — зашывацца, кадзіравацца і закалдоўвацца — а проста ўзяць і выйсьці ў Дзьверы-Асобу, у Ісуса Хрыста. Гэта толькі спачатку здаецца, што яны намаляваныя на глухой сьцяне. Гэта толькі спачатку здаецца, што яны жахліва вузкія — гэтага нельга, таго нельга. За імі ўсё можна. А самае галоўнае, можна жыць. Нават пасьля таго, як цябе панясуць у сасоньнік.