LAZA
Ростані
Содержание
Contents

ІНТЭРВ’Ю ЗЬ ІСУСАМ


Мацьвея 5:31,  32

Ня ведаю, сьвядома ці падсьвядома, але нашую перадачу на Радыё 101 і 2 часта называлі рэлігійнай праграмай. Няма нічога больш далёкага ад ісьціны. Да рэлігіі нашыя адносіны такія ж адмоўныя, як і ў самых зацятых атэістаў. Не рэлігію, гэта значыць, сістэму правілаў, забаронаў і загадаў мы прапагандавалі тады на радыё, а зараз у Сеціве. Мы абвяшчаем не сістэму, а Асобу. Асобу Ісуса Хрыста, чалавека і Бога.

Так што, калі нехта скажа пра нас «рэлігійны сайт», ведайце, што гэта, мякка кажучы, ня так. Не рэлігійны ён, а хрысьціянскі. Ён аб Ісусе Хрысьце. Мы шукаем ісьціну не ў рэлігіі, не ў сістэме, пабудаванай людзьмі, хай сабе і самымі разумнымі, самымі шчырымі і самымі добрымі. Ісьціну мы шукаем у асобе Ісуса Хрыста. Той Асобе, якая ўжо дзьве тысячы год не дае спакою нікому, хто зь ёй хаця б крыху пазнаёміўся.

Вось вам дзьве цытаты з газэтаў. Адна маскоўская, адна мінская (праўда, па добрай беларускай традыцыі, выдавалася на той час у Вільні).

«Комсомольская правда». Лідзія Федасеева-Шукшына расказвае пра свайго нябожчыка мужа, кінарэжысэра, пісьменьніка і актора: «Ведь столько было задумок интереснейших — и об Иисусе Христе, и о Емельяне Пугачеве роман, и о де­каб­рис­тах». Васіль Шукшын зьбіраўся напісаць раман аб Ісусе Хрысьце.

Газэта «Имя». Вядомы тэлежурналіст Уладзімір Позьнер на пытаньне, у каго б ён хацеў узяць інтэрв’ю, адказвае: «У Пушкина… У Платона… У Иисуса Христа, если он существовал». Уладзімір Позьнер хацеў бы ўзяць інтэрв’ю ў Ісуса Хрыста.

Вось вам два доказы таго, што Ісус Хрыстос не пакідае абыякавым нікога. Рэжысэр, які жыў у часы, што патрабавалі пісаць аб іншых героях, марыў напісаць раман аб Хрысьце. Тэлежурналіст, які жыве ў час, калі праблемы веры і сумленьня задзьвінутыя на другі план праблемамі эканомікі і палітыкі, марыць узяць інтэрв’ю у Хрыста. «Калі ён існаваў», — праўда, дадае ён.

Але ці трэба пісаць раманы аб Хрысьце? Можа, лепш спачатку ўважліва прачытаць той раман з 66 часткаў, які Сам Ісус Хрыстос рэкамендуе нам прачытаць, Біблію?

Ці трэба ўсяго толькі марыць узяць інтэрв’ю ў Хрыста, дадаючы сарамлівыя словы «калі ён існаваў»? Існаваў, існуе і можа даць інтэрв’ю любому ў любы момант. Мы не будзем пакуль што гаварыць аб тым, што Духам Сваім Сьвятым Ісус можа адказаць нават на вельмі асабістыя, інтымныя пытаньні. Узяўшы ў рукі Біблію, вы можаце бязь містыкі, чорнымі літарамі на белай паперы прачытаць, як выказваецца Ісус па пытаньнях, якія востра стаяць і сёньня, якія задае сваёй аўдыторыі і сам Уладзімір Позьнер і яго пасьлядоўнікі ў розных «Тэмах» ды «Карамболях».

Развод… Што гэта — парашут, з дапамогай якога можна выратавацца зь пікі­ру­ючага самалёта няўдалага шлюбу? Зазямленьне, якое дазваляе скінуць па­грозь­лівы зарад, што накапіўся на двух палюсах сям’і і пагражае атамным выбухам? А можа наркотык, ад якога, аднойчы яго паспытаўшы, амаль немагчыма адмовіцца і хочацца ўкалоцца яшчэ раз, апошні разок, а пасьля ўсё будзе добра? А мо» проста атрута, якая забівае душу і тых, хто разводзіцца, і тых, хто побач зь імі, у першую чаргу дзяцей?

У сьвеце процьма самых розных поглядаў на развод. Дык давайце ж адкрыем раман аб Ісусе, давайце возьмем інтэрв’ю у Ісуса.

Раман пад назваю «Біблія». Том другі, Новы запавет. Частка першая, Дабра­весьце паводле Мацьвея. Разьдзел пяты. Верш 31, 32.

Сапраўднае інтэрв’ю зь Ісусам. Пытаньне: «Як вы ставіцеся да разводу?»

«Сказана таксама, што, калі хто разьвядзецца з жонкаю сваёю, няхай дасьць ёй разводны ліст.

А Я вам кажу: кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёю, акрамя як з прычыны распусты, той даводзіць яе да пералюбу (г. зн. пралюбадзейства); і хто ажэніцца з разьведзенай, той чыніць пералюб».

Тут усё вельмі проста. Ня трэба высокіх словаў, ня трэба з надрывам у голасе гаварыць аб маральных нормах ці іх адсутнасьці. Ісус разважае тут, як матэматык ці юрыст. Ён кажа спачатку: «Працэдуру разводу вы ведаеце. Як разводны ліст выдаць ці атрымаць, гэта для вас не праблема». І Хрыстос не ацэньвае, добрая гэтая працэдура ці дрэнная, Ён проста кажа: «Яна ёсьць. Ад яе нікуды ня дзецца». Яна ёсьць ня толькі ў ЗАГСах, але і ў Бібліі, у Старым Запавеце.

Але Ісус далей кажа, што такое развод па сутнасьці. Тут трэба прыгадаць першыя старонкі Бібліі, тое, што для Ісуса і тых, хто слухаў Яго, было аксіёмай. Сёньня пра гэта ці то забыліся, ці то не ўспрымаюць усур’ёз. На першых старонках Бібліі пра Адама і Еву сказана: «Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да жонкі сваёй; і будуць адна плоць». Значыць, у вачах Божых муж і жонка зьяўляюцца адною плоцьцю. Значыць, развод па сутнасьці — гэта падзел адной плоці на дзьве самастойныя часткі, хірургічная аперацыя, вельмі балючая і небясьпечная для жыцьця.

І тут няма ніякага значэньня, ці людзі разыйшліся са скандалам і непрыгожымі сцэнамі ў судзе, ці ўсё было абстаўлена карэктна і юрыдычна бездакорна, ці проста развод адбыўся па ўзаемнай згодзе спачатку «de facto», а толькі пасьля ўжо «de jure». Сутнасьць разводу — ампутацыя часткі цела. І любы новы шлюб гэтай часткі цела, на думку Ісуса, ненатуральны. Гэта трансплантацыя, якая можа дапамагчы, але якая нормаю аніяк не зьяўляецца і таму можа прынесьці вынікі проста трагічныя. Памятаеце, як з Шарыка атрымаўся Шарыкаў? Таксама трансплантацыя.

Ісус ня кажа: «Я забараняю вам разводзіцца», хаця ў іншых выпадках Ён не саромеецца нешта рэзка забараняць. Ён нават быццам бы намякае на парашут, на магчымасьць разводу ў выпадках, калі пралюбадзейства з боку аднаго з партнёраў ужо адбылося. Аднак Ён ня кажа і што трэба разводзіцца, нават у такім выпадку. Ён не загадвае і не забараняе. Ён проста тлумачыць. Ён паказвае, што такое развод. Вывады кожны павінен зрабіць сам.

У гэтым розьніца паміж рэлігіяй і хрысьціянствам. Рэлігія кажа: «Рабі гэта і не рабі таго», кажа адназначна, не заўсёды клапоцячыся аб аргументацыі. Хрысьціянства ў асобе Ісуса Хрыста кажа: «Вось што гэта па сутнасьці. Выбірай!»

Такое інтэрв’ю можа і не расставіць усіх кропкаў над «і». Але яно нашмат больш падобнае на інтэрв’ю, чым некаторыя доўгія і падрабязныя інтэрв’ю некаторых нашых сучасьнікаў, зь якіх зусім нічога не зразумееш, ці зразумееш толькі адно: што дзядзька праўды ня кажа.

Ісус кажа праўду. Праўду аб усім. А выбар пакідае за намі. І за вамі. За кожным з вас.

Ю. Сьмiрноў


наверх / ростанi / наступны артыкул / папярэднi артыкул


Зьвязацца з аўтарам: smirnou сьлімак laza кропка org

Заўважылі памылку? Вылучце яе мышшу і націсьніце Ctrl+Enter. Зробім мову і пунктуацыю чысьцей, а факталёгію і тэалёгію дакладней :-)!