LAZA
Ростані
Содержание
Contents

Шчокі нашы, шчокі!


Мацьвея 5:38–42

«Калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую».

Нават тыя, хто пра хрысьціянства практычна нічога ня ведае, гэтую фразу ведаюць напэўна. Гэты запавет Ісуса Хрыста стаўся падставаю для кпінаў, важкім козырам для тых, хто імкнуўся даказаць непрактычнасьць, рэакцыйнасьць і вар’яцтва хрысьціянства.

Нават тыя, для каго хрысьціянства — гэта жыцьцё, гэтую фразу імкнуцца абыйсьці, не заўважыць. Зноў жа — надта ўжо яна не практычная. Што было б, каб усе так рабілі?

За гэтую фразу рызыкуюць брацца толькі волаты думкі, напрыклад Талстой.

Але ж Хрыстос ніколі і нічога не казаў выключна для Талстога ці яшчэ каго-небудзь. Усё, што Ён казаў, Ён казаў для ўсіх, бязь ніякіх выключэньняў. І ўсё, што Ён казаў, Ён казаў для таго, каб гэта сталася жыцьцём, нормаю і натуральным чынам існаваньня на зямлі.

Дык зь якога ж боку падыйсьці да гэтага такога простага вонкава і такога складанага па сутнасьці запавету, каб не папсавацца ў розуме й не адарвацца ад рэальнага зямнога жыцьця, у якім па шчоках б’юць вельмі балюча?

Давайце спачатку паслухаем, што ж менавіта кажа Ісус у Нагорнай Казані.

«Вы чулі, што сказана: „Вока за вока, і зуб за зуб“. А Я кажу вам не працівіцца злому. Калі хто цябе ўдарыць па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую; і калі хто захоча судзіцца з табою і ўзяць у цябе кашулю, аддай яму і вопратку; і калі хто цябе змусіць ісьці зь ім адно попрышча, ідзі зь ім два. Таму, хто просіць у цябе, дай і ад таго, хто хоча пазычыць у цябе, не адварочвайся».

Зноў, як амаль ва ўсёй Нагорнай Казані, Ісус супрацьпастаўляе тое, што сказана да Яго і тое, што кажа Ён. З тым, што сказана да Яго, у нас няма ніякіх праблемаў. Вока за вока, і зуб за зуб — гэта найнатуральнейшая форма адносінаў паміж людзьмі. Помсту называюць сьвятою справаю і жартам і ўсур’ёз. Жартам, калі прыгадваюць Івана Іванавіча і Івана Нікіфаравіча і мільёны іншых параў суседзяў, якія ў адказ на дробнае паскудзтва вытвараюць сваё паскудзтва. Усур’ёз, калі размова ідзе пра справядлівую вызваленчую вайну супраць акупантаў. На помсьце пабудаваны спорт — баксёр адказвае на хук аперкотам, шахматыст забірае ў суперніка каня за слана, швайцарская зборная па футболе не супакойваецца, пакуль не забівае ангельскай зборнай гол у адказ.

Вока за вока і зуб за зуб, што праўда, сёньня не выбіваюць, гэта занадта жорсткім і прымітыўным лічыцца, але сам прынцып працуе паўсюды. «Добро должно быть с кулаками», — нават паэты (ці тыя, хто сябе лічыць паэтам) расьпісаліся пад гэтым прынцыпам. Клін клінам, падобнае падобным. А як жа інакш? Што ж будзе, калі нахабніка ня ставіць на месца?

А сапраўды, што ж будзе? Што было б, каб Іван Іванавіч ці Іван Нікіфаравіч спыніў ланцуговую рэакцыю помсты? Можа, і засталіся б яны сябрамі? Што будзе, калі нахабства пакінуць незаўважаным?

Гэта ўжо на прыступку вышэй. Гэта завецца маральнаю перамогай. У параўнаньні са звычаем «крывавай помсты» ці вендэты ўменьне не адказваць на крыўду крыўдаю — гэта крок наперад, да цывілізацыі. Уласна, погляд цывілізаванага сьвету і ёсьць сумесьсю помсты ў менш жорсткім выглядзе, без выбіваньня вачэй і зубоў, і дараваньня. Але гэта і ўсё. На гэтым прыступкі канчаюцца, больш крокаў наперад ніякая цывілізацыя ня робіць. Не адказваць на крыўду лічыцца маральным подзьвігам.

Але Ісус кліча нас далей. Ня проста не праціўся злому, але яшчэ і другую шчаку падстаў, і вопратку аддай, і два попрышчы замест аднаго прайдзі. Ці не занадта? Ці не мазахізм гэта?

Калі адзіная рэальнасьць для вас — зямное жыцьцё, калі адзіная вартасьць — зямная цывілізацыя, — так, гэта занадта, гэта мазахізм. А калі існуе рэальнасьць іншая? Калі існуе цывілізацыя пазазямная, суперцывілізацыя, у якой вядзецца ўлік ня толькі кожнаму ўчынку, кожнаму выбітаму воку і зубу, але й кожнай думцы?

Гэтая цывілізацыя, цывілізацыя Ісуса Хрыста кажа так: «Ня помсьціцеся за сябе, любасныя, а дайце месца гневу Божаму. Бо напісана: „Мне помста, Я адплачу“, кажа Гасподзь. Дык вось, калі твой вораг галодны, накармі яго; калі асьмяглы, напаі яго: бо, робячы гэта, ты зьбярэш на галаву ягоную распаленае вугольле. Ня будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром».

З пункту гледжаньня гэтай цывілізацыі нават чыста практычна няма сэнсу помсьціць свайму ворагу сваімі ж вельмі абмежаванымі сродкамі і сіламі. Ці ня лепш скарыстаць у гэтай вайне са злом з больш магутных сродкаў? Хочаш перамагчы? Не запісвайся ў тэрарысты, не бяры ў рукі арматуру і абрэз. Лепш дай магчымасьць дзейнічаць больш магутнаму змагару за справядлівасьць, чым мільярд такіх, як ты, разам узятых, — Богу.

І вось тут уся справа ў веры. Дараваньне ворагу бязь веры ў Бога — усяго толькі шлях да дэпрэсіі і песімізму. Не даваць выхаду адмоўным эмоцыям — верная дарога да нэрвовага зрыву. Вера ж у Бога дае нам магчымасьць выліць сваю крыўду, але не на ворага нашага, а Богу, які ўспрымае кожнае зло, зробленае нам, як дотык да зрэнкі Свайго вока. Так кажа Біблія. Дакраніцеся да зрэнкі вашага вока. І падумайце.

І зноў жа ўся справа ў веры. Бязь веры нам немагчыма выканаць пасьлядоўна ніводзін з запаветаў ні Нагорнай Казані, ні ўсёй Бібліі. У нас у сярэдзіне проста няма сілы, якая магла б падставіць другую шчаку, аддаць вопратку, ісьці два попрышчы замест аднаго. І гэта тлумачыць, чаму нават людзі, што вераць у Бога, няёмка сябе адчуваюць, калі ў іх пытаюцца пра гэтую самую другую шчаку.

Трэба ня проста верыць у  Бога, трэба ВЕРЫЦЬ, верыць Богу верыць, што ўсё, што Ён сказаў, гэта ісьціна, а ня прыхамаць, не экзамен на паслухмянасьць. Хаця Біблія й кажа, што Бог людзей выпрабоўвае, але ў прынцыпе гэтае выпрабаваньне больш важнае нам самім, чым Богу. Бог дасканала ведае нашую слабасьць і няздольнасьць зрабіць нічога добрага. Прыгадайце, з чаго пачынаецца Нагорная Казань: «Дабрашчасныя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябеснае». Царства Нябеснае і ўся яго зброя для барацьбы са злом дасягальныя толькі для тых, хто разумее, што ні Царства гэтага самага, ні зброі супраць зла ў іх саміх няма і блізка, для духоўных жабракоў, якія дайшлі да ручкі і не саромеюцца ўжо гэтай зброі прасіць.

І зброю гэтую атрымаць вельмі лёгка. Ня трэба прыносіць медыцынскія даведкі, спраўку ад псіхіятра і ставіць дома жалезную скрыню. Бо гэтая зброя ня можа нікому пашкодзіць, бо ёю могуць карыстацца нават хворыя целам і хворыя розумам, бо гэтая зброя — дабро. Толькі яна здольная перамагчы зло, толькі яна можа спыніць ланцуговую рэакцыю вендэты.

Дабро не павіннае быць з кулакамі. Нашае змаганьне ня супраць крыві і плоці, ня супраць фізічных носьбітаў гэтага зла, а супраць духоўнага зла, якое кулакамі не пераможаш, а толькі раздратуеш, насьмешыш ці дасі падставу цябе пера­сьледаваць.

Так што Ісус не жартуе, калі кажа пра другую шчаку, і не забываецца на рэальнасць, дзе па шчоках б’юць вельмі балюча, і ня толькі па шчоках. Ён раіць нам скарыстаць наймацнейшую, найэфектыўнейшую зброю супраць зла. Гэтая зброя —дабро, і выдаецца яна ў абмен на веру. Веру ў Бога і веру Богу і кожнаму Яго слову.

Ю. Сьмiрноў


наверхростанi / папярэднi артыкул


Зьвязацца з аўтарам: smirnou сьлімак laza кропка org

Заўважылі памылку? Вылучце яе мышшу і націсьніце Ctrl+Enter. Зробім мову і пунктуацыю чысьцей, а факталёгію і тэалёгію дакладней :-)!