Што рабіць з Гітлерамі ў Хрысьце — страшная праблема для тых, хто закліканы любіць і крыўдзіцеляў, і блізкага свайго. Калі крыўдзіцель крыўдзіць блізкага (а яму ўсё адно, каго крыўдзіць — такая ў яго работа), любячы крыўдзіцеля, плюеш на блізкага — любячы блізкага, разарваць гатовы крыўдзіцеля…
Так, уся зáгваздка тут у тым, што значыць «любіць», і ясна, што мова не пра сашыну-сірожыну «лібоф», але прасьцей ад гэтага наўрадці становіцца.
Але, калі працягваць гаварыць пра тых самых ворагаў нашае свабоды, за якіх мы ўзяліся на папярэдняй старонцы — дыктатараў, цароў і тыранаў, ёсьць сытуацыі, дзе ўсё калі не прасьцей, то шмат ясьней. Дзе нам ясна сказана, што трэба рабіць і чаго рабіць нельга ні ў якім выпадку.
Прэцэдэнтаў такіх сытуацыяў шмат занатавана ў гісторыі — і ў біблійнай, і ў сусьветнай. Я нагадаю адзін з найвядомейшых прыкладаў зь Бібліі.
«Цар Навухаданосар зрабіў залатога ідала, у вышыню шэсьцьдзясят локцяў, у шырыню шэсьць локцяў, паставіў яго ў даліне Дэіра, у Вавілонскім краі, і паслаў цар Навухаданосар сабраць сатрапаў, намесьнікаў, ваяводаў, вышэйшых судоўцаў, скарбоўцаў, законазнаўцаў, судаўпраўцаў, і ўсіх акруговых валадароў, каб яны прыйшлі на ўрачыстае пасьвячэньне ідала, якога паставіў цар Навухаданосар.
І сабраліся сатрапы, намесьнікі, ваеначальнікі, вышэйшыя судоўцы, скарбоўцы, законазнаўцы, судаўпраўцы і ўсе акруговыя валадары на пасьвячэньне ідала, якога паставіў цар Навухаданосар, і сталі перад ідалам, якога паставіў Навухаданосар.
Тады спавесьнік голасна ўсклікнуў: „Абвяшчаецца вам, народы, плямёны і роды: у той час, як пачуеце гук трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў і псалтыра, і ўсякай іншай музыкі, упадзеце і пакланецеся залатому ідалу, якога паставіў цар Навухаданосар, а хто не ўпадзе і не паклоніцца, адразу ўкінуты будзе ў распаленую вогненную печ“.
Пасьля таго, як усе народы пачулі голас трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў і ўсякага роду музыкі, пападалі ўсе народы, плямёны і роды і пакланіліся залатому ідалу, якога паставіў цар Навухаданосар.
У гэты самы час падступіліся некаторыя Халдэі і данесьлі на Юдэяў. Яны сказалі цару Навухаданосару: „Цару, вавек жыві! Ты, цару, выдаў загад, каб кожны чалавек, які пачуе голас трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў і псалтыра і ўсякага роду музыкі, упаў і пакланіўся залатому ідалу; а хто не ўпадзе і не паклоніцца, той будзе ўкінуты ў распаленую вогненную печ. Ёсьць мужы Юдэйскія, якіх ты паставіў над справамі Вавілонскага краю, Сэдрах, Місах і Аўдэнага; гэтыя мужы не паслухаліся твайго загаду, цару, багам тваім ня служаць і залатому ідалу, якога ты паставіў, не пакланяюцца“.
Тады Навухаданосар у гневе і лютасьці загадаў прывесьці Сэдраха, Місаха і Аўдэнага; і прывялі гэтых мужоў да цара.
Навухаданосар сказаў ім: „Ці з намыслам вы, Сэдрах, Місах і Аўдэнага, багам маім ня служыце і залатому ідалу, якога я паставіў, не пакланяецеся? Ад сёньня, калі вы гатовыя, як толькі пачуеце голас трубы, жалейкі, цытры, цаўніцы, гусьляў, псалтыра і ўсякага роду музыкі, упадзеце і пакланецеся ідалу, якога я зрабіў; а як не паклоніцеся, дык у той самы час будзеце ўкінуты ў печ распаленую, вогненнную печ, і тады хто той Бог, Які ўратуе вас ад маёй рукі?“
І адказвалі Сэдрах, Місах і Аўдэнага і сказалі цару Навухаданосару: „Няма нам патрэбы адказваць табе на гэта. Бог наш, Якому мы служым, мае сілу ўратаваць нас ад распаленай вогненнай печы, і ад тваёй рукі, цару, выбавіць. Калі ж і ня будзе таго, дык хай будзе вядома табе, цару, што мы багам тваім служыць ня будзем і залатому ідалу, якога ты паставіў, не паклонімся“.
Тады Навухаданосар напоўніўся лютасьцю, і выгляд ягонага твару зьмяніўся перад Сэдрахам, Місахам і Аўдэнагам, і ён загадаў напаліць печ у сем разоў мацней, чым як трэба было напаліць яе, і самым дужым мужам з войска свайго загадаў зьвязаць Сэдраха, Місаха і Аўдэнага і ўкінуць іх у распаленую вогненную печ. Тады мужы гэтыя былі зьвязаны ў сваім споднім і верхнім адзеньні, у галаўных павязках і ў іншым убраньні і ўкінуты ў распаленую вогненную печ.
І як загад цара быў строгі, і печ напалена была вельмі моцна, дык вогненнае полымя забіла тых людзей, якія ўкідалі Сэдраха, Місаха і Аўдэнага. А гэтыя тры мужы — Сэдрах, Місах і Аўдэнага — упалі ў распаленую вогненную печ зьвязаныя.
Навухаданосар цар вельмі зьдзівіўся і пасьпешна ўстаў і сказаў сваім вяльможам: „Ці ня трох зьвязаных мужоў укінулі мы ў агонь?“ Яны ў адказ сказалі цару: „Сапраўды так, цару!“ На гэта Ён сказаў: „Вось, я бачу чатырох мужоў нязьвязаных, якія ходзяць сярод агню, і шкоды ім няма; а чацьвёртага выглядам падобнага да сына Божага“.
Тады Навухаданосар падышоў да вусьця распаленай вогненнай печы, і сказаў: „Сэдрах, Місах і Аўдэнага, рабы Бога Ўсявышняга! Выйдзіце і падыдзеце!“
Тады Сэдрах, Місах і Аўдэнага выйшлі зь сярэдзіны агню.
І сабраўшыся, сатрапы, намесьнікі і царовыя радцы ўгледзелі, што над целамі гэтых мужоў агонь ня меў сілы, і валасы на галаве не абпалены, і вопратка іх не зьмянілася, і нават паху агню ня было ад іх.
Тады Навухаданосар сказаў: „Дабраславёны Бог Сэдраха, Місаха і Аўдэнага, Які паслаў Свайго анёла і ўратаваў Сваіх рабоў, якія спадзяваліся на Яго і не паслухаліся царскага загаду і аддалі свае целы ў агонь, абы ня служыць і не пакланяцца іншаму богу, акрамя Бога свайго! І ад мяне даецца загад, каб з кожнага народу, племя і роду, хто скажа агіднае на Бога Сэдраха, Місаха і Аўдэнага, быў пасечаны на кавалкі, а дом яго ператвораны ў руіны, бо няма іншага Бога, Які мог бы так ратаваць“.
Тады ж цар узвысіў Сэдраха, Місаха і Аўдэнага ў Вавілонскім краі».
Цар зрабіў ідала. Высокага, бліскучага. Паставіў ля рэчкі. Назначыў дзень урачыстага адкрыцьця грандыёзнае архітэктурнае спаруды, якая сьведчыла аб клопаце манарха аб духовым стане нацыі — яе ідалёгіі, ці ідэалёгіі, бо гэта ў цароў адно і тое: адна ў іх ідэалёгія — слава мне і майму ідалу! А што ж за урачыстасьць, што за адкрыцьцё помніка велічы царскай і ідальскай, калі нехта ў гэты сьвяты момант знойдзе сабе нейкі іншы занятак, апроч як бразнуцца вобземлю пад гукі царскага аркестра Рэспублікі Вавілон. Гэтак жа ў цара можа і апэтыт сапсавацца, і ціск палезьці ўгору, і які мікраінсульт ці мікраінфаркт здарыцца. А яно яму трэба? Навошта таму, хто і так жылы сабе рве, валочачы на плячах гэты вялікі й дзікі край вавілонскі, такія стрэсы? Ну нельга ж так з царом!
І хто б яшчэ блытаўся пад нагамі — нейкія юдэі, якія ўжо за адное тое вечна павінныя былі б перасоўвацца ў стылі «кроль», што ім жыцьцё падаравалі, хаця варта было б забраць, каб паветра не псавалі. А яны, вырадкі-інародкі няўдзячныя, ня тое што «па жызьні» поўзаць ня хочуць, дык падрываюць непарушны стопрацэнтовы кансэнсус падданых наймудрэйшага й найлітасьцівейшага цара падчас агульнанацыянальных фэстаў?
І цар жа сапраўды сама літасьць. Іншы б разарваў такіх гадаў і адмарозкаў на шматкі, у балотах тыгрыных і эўфрацкіх зьмяюкам і п’яўкам скарміў, сьцёр бы ў парахню. Наш жа яшчэ зь імі размаўляе, яшчэ ім шанс на выпраўленьне пакідае: «Ці з намыслам вы, Сэдрах, Місах і Аўдэнага, багам маім ня служыце і залатому ідалу, якога я паставіў, не пакланяецеся?» Можа ня з намыслам? Можа прыдумаеце зараз якое сабе алібі, а пасьля я дам загад дырыгэнту царскага аркестра (таксама з вашых, дарэчы, а золата-чалавек — усё з паўслоўца разумее!) зноў забацаць «Мы — вавілёнцы, мірныя людзі» і вы «ўдарыцеся вобземлю і станеце з адшчапенцаў нармальнымі грамадзянамі краіны», а мы тады на ваш выбрык забудземся, палічым няпрыемнаю выпадковасьцю?
«Не», — кажуць. Пляваць яны хацелі на літасьць царскую. Ды шчэ як жа ж, гады, нахабна адказваюць: «Няма нам патрэбы адказваць табе на гэта… служыць ня будзем… ідалу не паклонімся…» І гэта апазыцыя? Хамло на хамле сядзіць і хамлом паганяе! Зь імі далікатна, выкшталцона, па-элеганцку, а яны намякаюць, што ў іх ёсьць нехта, хто трошкі вышэй за цара… Ну што ты з такімі рабіць будзеш? Ну як тут бязь печы абыйдзешся?
Што было далей, для мяне ў дадзеным выпадку ня гэтак цікава. Ні тое, што полымя юдэяў не кранула. Ні тое, што цар Бога славіў. Ні тое, што ён гэтую самую апазыцыю «ўзвысіў». А тое, што загадаў секчы на кавалкі таго, хто агіднае на Бога скажа, ну зусім ужо ня цікава — так нічога наш царок і не зразумеў: проста прызнаў, што «нешта такое ёсьць».
Самае тут цікавае і важнае — што трэба нягледзячы ні на што, ні на якія аркестры, загады і прылады выбіваньня патрэбнай ступені захапленьня мудрасьцю й веліччу цара не саступіць, не зрабіць выгляд, што захапляешся. Бо зробіш выгляд — прападзеш. Лепш сапраўды жыўцом у печ, чым у 99,99% аднадушнае падтрымкі мудрага курсу.
Вось я і не кажу, што тут прасьцей. Але што ясьней, кажу. У такой сытуацыі шмат казаць ня трэба, высокіх словаў выдумваць неабавязкова. Годзе будзе сказаць адно слова: «Не!» Тут ня толькі што tertium, але і secundum non datur (ня толькі трэцяга, але й другога ня дадзена). Бо быць свабодным і адбіваць далоні, пляскаючы Навухаданосару… ну ня бывае такога.
Бывае іншае… але аб гэтым на наступнай старонцы.