LAZA
Ростані
Содержание
Contents

3 студзеня

ШТО РАБІЦЬ З ГІТЛЕРАМІ?


У старонцы на 1 студзеня я абяцаў вам пачаць разьбірацца з ворагамі свабоды. Казаў, што часу хопіць на ўсіх ворагаў. Але ці ня было б разумным ворагам нашым, для зручнасьці справы, загадаць: «На першы-другі разьлічыся!»?.. Я сказаў «нашым» ворагам. Перапрошваюся. «Ворагам свабоды», хацеў я сказаць. А ці ворагі яны нам асабіста, і, калі ворагі, дык як нам да іх ставіцца, пра гэтае ізноў жа пазьней. Дык вось, прапаную ворагаў свабоды згрупаваць, пастроіць і выстраіць па росьце. Ну й як яны там, падшыхтаваліся? Пачнем аглядаць парад войскаў.

А-ёй, а-ёй! Колькі ж вас, куды вас гоніць? Баюся, прыйдзецца мне свае словы зьесьці — тут ня тое, што трохсот шасьцідзесяці шасьці, тут мільёнаў старонак ня хопіць. Бяз тыпалёгіі і клясавага падыходу ніяк не абыйсьціся. Дык хто ж у нас там першы?

А першым выстраіўся легіён ворагаў свабоды чалавечай з саміх жа чалавекаў, якіх па-простаму, па-свойскі мы завем «гАды», «злыдні», «сволачы» і гэтак далей, адпаведна здароўю, атрыманай адукацыі і мясцовай гамонцы.

«Дыхнуць не даюць нам на поўныя грудзі
Ня чэрці часьцей, але гэткія ж людзі».

У старыя часы часьцяком войны выйгравалі ня тыя, у каго была лепшая тэхніка ці тактыка, а тыя, чыя перавага увасоблівалася ўсяго толькі ў моцы маслоў аднаго-адзінага байца. Усё вырашалася двубоем, ці то адзінаборствам — калі з кожнага боку выстаўлялі аднаго лепшага грамідлу… і ўсе астатнія — гэнэралы, ГК, штабісты, асабісты і рэдактары лістовак «Рус, здавайся!» — станавіліся ні больш, ні менш, чым фанатамі сваёй каманды. Ад іх ужо нічога не залежала. Лёс краіны быў у руках, нагах, плячах і мячах аднаго мацака з гэтай краіны. Тыпу каб пайшла Амэрыка сьвіньнёй на Украіну, дык біўся б Шварцнэгер з Клічко (а другі Клічко ў гэты час «на другім фроньце» біўся б зь якім іншым Перасьветам ці Чалубеем). Давід стаў героем на векі вечныя не таму, што перабіў сваімі каменьчыкамі хаця б там якую роту філістымлянаў, а таму, што пацэліў адным-адзіным галышом паміж вачэй аднаму-адзінаму жлабу, якому маці з бацькам далі такое простае і мілагучнае філістымскае імя — Галіяф.

Я гэта да таго, што, каб разабрацца, як жыць, калі нам паскудзяць жыцьцё і плююць у душу людзі, трэба ўзяць для аналізу выпадкі экстрэмальныя, вырадкаў з вырадкаў. Балазе (хаця якое там «балазе») няма ў нас аніякіх праблемаў з тым, каб знайсьці вырадка з вырадка вон, ні ў сёньняшнім дні, ні ў нядаўнім мінулым. Дай Божа, каб у будучыні гэтых праблемаў было паболей… Але ня дасьць Божа. Там, у будучыні, маці з бацькам дадуць свайму сыночку таксама нейкае простае й мілагучнае імя, да якога прыклеіцца іншае — Антыхрыст. І зноў жа, хто такі антыхрыст, што ён і да чаго… пасьля. Каб ведаць, хто такі Антыхрыст, трэба разабрацца, хто ж такі Хрыстос, і чаго гэты Анты нешта «анты» (супраць) Хрыста мае.

Карацей, бярэм выпадак экстрэмальны.

Дыпламаваны тэоляг і пастар Дытрых Бонхёфэр у 1931 годзе рэзка зьмяніўся. Гэта заўважылі ўсе, хто яго ведаў «да» і пасьля». Студэнты Бэрлінскага унівэрсітэта, дзе ён выкладаў тэалёгію, напрыклад, пачалі беспамылкова вылучаць Бонхёфэра на тле яго сумных і «вумных» калегаў. Сам жа Дытрых казаў, што ўпершыню ў жыцьці адчуў, што ўзьбіўся на правільны шлях. І (дакранецеся да сваіх шчокаў — спачатку да правае, а пасьля да левае) растлумачваў, дзе менавіта ён гэта правільны шлях намацаў: «Я ведаю, што сапраўды чысты сэрцам і сумленны душою я стану толькі тады, калі пачну ўспрымаць усур’ёз Нагорную казань». «Успрымаць усур’ёз» — гэта значыць лічыць запаветы Нагорнае казані загадамі: падстаўляць другую шчаку, ня турбавацца заўтрашнім днём, ня судзіць іншых і быць дасканалым, як дасканалы ёсьць Айцец наш Нябесны. Яшчэ ў чатырнаццаць год Дытрых цьвёрда вырашыў, што стане сьвятаром і багасловам, але толькі зараз, у дваццаць пяць, зразумеў, што значыць стацца служкаю не царквы, а Хрыста. І ўсур’ёз ён пачаў успрымаць перш-наперш ня проста Нагорную казань, але яе Аўтара. Таго, Хто нам і загадаў падстаўляць другую шчаку. У адрозьненьне ад большасьці камэнтатараў і казаньнікаў, што тлумачылі гэтыя нязручныя запаветы як недасягальныя для жывых людзей боскія прынцыпы, Бонхёфэр іх прыймаў менавіта як запаветы, якія спачатку трэба выконваць, а ўжо пасьля разважаць, дасягальныя яны ці не. Ён быў перакананы, што нельга сумяшчаць словы аб пакоры Хрысту зь непакораю Яго запаветам.

Хрыстос рэальным чынам сышоў для яго зь нябёсаў (ці са старонак Бібліі) на нямецкую зямлю 30-х  гадоў ХХ стагодзьдзя. І перад студэнтамі сваімі Бонхёфэр ставіў тыя ж пытаньні, якія не давалі спакою яму самому: «Кім стаўся Хрыстос у 1933 годзе? Дзе Яго можна знайсьці?» І як жа яму хацелася, каб гэтыя студэнты тэалёгіі, сярод якіх, як пошасьць, расьцякаліся нацысцкія погляды, адказалі на яго пытаньні так: «Хрыстос сёньня сярод гнаных габрэяў і ў турмах, дзе сядзяць нязгодныя з рэжымам»…

Але ў бок габрэйскіх кварталаў і турмаў глядзелі адзінкі. Сотні ж і тысячы нямецкіх хрысьціянаў глядзелі і йшлі зусім у іншы бок. І вялі іх туды пастыры, што настаўлялі паству такімі словамі: «У беспрасьветнай цемры гісторыі царквы Гітлер стаўся цудоўным прагалам нашага часу, вакном нашае эпохі, празь якое на гісторыю хрысьціянства зазьзяла сьвятло. У ім стала відаць у нямецкай гісторыі Збаўцу» (Пастар Зігфрыд Лефлер). «У Адольфу Гітлеры да нас прыйшоў Хрыстос» (Пастар Юліюс Лёйтхойзэр). А каб куды трэба глядзелі пастыры будучыя, меры прыймаліся простыя і надзейныя. Напрыклад, ужо 20 сьнежня 1933 года пратэстанцкія моладзевыя арганізацыі ўвайшлі ў «Гітлер югенд». А празь некалькі год было прынята рашэньне яшчэ больш маштабнае і геніяльнае ў сваёй прастаце — каб рэальна ўвасобіць у царкве «адзінства духа», усім нямецкім пастарам было загадана адзначыць дзень нараджэньня правадыра клятваю вернасьці яму (20.04.1938).

Поўнае адзінства народа, партыі і царквы! А тых, хто меў нахабства гэтае адзінства парушаць, цуралася нават тэхніка. Праз два дні пасьля прызначэньня Адольфа Гітлера канцлерам Дытрых Бонхёфэр у сваім выступе па радыё сказаў, што калі фюрэр будзе патураць жаданьням натоўпу і стане яе ідалам, то ўвядзе народ у зман і, зрабіўшы сябе богам, будзе вінны ў блюзьнерстве. Беззаганна арыйскі мікрафон такое крамолы вынесьці ня змог і адключыўся. Затое мікрафоны спраўна працавалі, калі ў іх ліліся іншыя прамовы: «У Гітлеры для нямецкага народа прыйшла поўня часу. Менавіта дзякуючы Гітлеру адкрыўся нам сёньня Бог-памочнік і адкупіцель. Нацыянал-сацыялізм — гэта пазітыўнае хрысьціянства ў дзеяньні… Гітлер — гэта той шлях Духа і тая воля Божая для нямецкага народа, якімі гэты народ увойдзе ў Царкву Хрыстовую» (Лідэр руху «Нямецкія хрысьціяне» Герман Грунэр).

Не знайшоўшы агульнае мовы зь мікрафонамі на радыёстанцыях, Бонхёфэр працягваў клікаць у пустыні ў сваіх казанях: «Царква, застанься царквою! Спавядайся, спавядайся, спавядайся!» (ліпень 1933 г., перад агульнымі выбарамі царкоўнага кіраўніцтва). Не засталася. Не спавядалася. Нацыянальным епіскапам быў абраны Людвіг Мюлер, пратэжэ Гітлера. У верасьні 1933 году адбыўся «Карычневы сынод», на якім шмат хто са сьвятароў быў у нацысцкай форме і падкідваў рукі ў нацысцкім вітаньні. Сынод гэты забараніў прапаведнікам, у чыіх жылах цякла габрэйская кроў, выходзіць за кафедру.

У абарону габрэяў Бонхёфэр пачаў выказвацца яшчэ задоўга да Асьвенціма і Дахаў і нават да «Карычневага сыноду», таму што ў Бібліі сказана: «Так кажа Гасподзь: чынеце суд і праўду і ратуйце скрыўджанага ад рук уціскальніка», а Бонхёфэр, як ужо казалася вышэй, не ўяўляў сабе пакоры Богу ў спалучэньні зь непакораю Яго запаветам. Але пасьля «Карычневага сыноду» ён разам з пастарам Марцінам Німёлерам пачаў рашуча і адкрыта змагацца супраць дыскрымінацыі сьвятароў паводле расавых прыкметаў. Ім удалося аб’яднаць пастараў, што ня ўкленчылі перад Гітлерам, знайсьці дзьве тысячы мужоў, якія не цалавалі Ваала. У адным з праграмных дакумэнтаў тае лігі, якая пазьней абвясьціла сябе «Царквой-спавядальніцай», былі такія словы: «Мы адкідаем ілжэвучэньне аб тым, што ў нейкіх сфэрах свайго жыцьця мы належым ня Хрысту, а іншым гаспадарам…»

А Німёлер — гэта той, хто сказаў: «Спачатку яны прыйшлі па сацыялістаў, і я маўчаў, бо я ж не сацыяліст. Пасьля яны прыйшлі па сябраў прафсаюзаў, і я маўчаў, бо не ўваходзіў у прафсаюз. Потым прыйшлі па габрэяў, і я маўчаў, бо я ж не габрэй. А пасьля прыйшля па мяне, але ўжо ня было каму нешта сказаць». Што праўда, ён сам ужо ніяк ня быў падобны на маўчуна. Наадварот, Німёлер пачаў крычаць адзін зь першых, за што і быў палічаны варты гонару быць арыштаваным на асабісты загад фюрэра і правесьці восем год у турме Маабіт, у Заксэнхаўзэне і Дахаў.

Што было далей? Быў звычайны фашызм. Станавілася ўсё вусьцішней. Гаварыць тое, што гаварыў Бонхёфэр, было небясьпечна, і справа ўжо йшла не аб тым, што мікрафоны адключаліся ці выкладаць з унівэрсытэцкіх кафедраў людзям забаранялі. Фашызм, увабраўшыся ў сілу, пачаў рваць на шматкі ня толькі душы, але й целы людзкія. Амэрыканскія сябры Бонхёфэра наладзілі яму паездку ў ЗША з сэрыяй лекцыяў, ня столькі маючы цікавасьці да гэтых лекцыяў, колькі жадаючы выратаваць яму жыцьцё. Але, адмучыўшыся ў Амэрыцы месяц, Бонхёфэр у ліпені 1939 году прыехаў назад у пекла. Вось яго на тое тлумачэньне: «Я зрабіў памылку, прыехаўшы ў Амэрыку. Гэты цяжкі час у гісторыі нашага народу я павінен пражыць разам з хрысьціянамі Германіі. Я ня буду мець ніякага права ўдзельнічаць у аднаўленьні хрысьціянскага жыцьця ў Германіі пасьля вайны, калі не падзялю са сваім народам выпрабаваньняў гэтых дзён».

Доўга шукаць гэтай магчымасьці ня прышлося. Праз год пасьля вяртаньня з Амэрыкі яму забаранілі вучыць, прапаведаваць ці нешта выдаваць у абход цэнзуры і паставілі на ўлік у паліцыі — каб жыў пад наглядам.

Для некага гэта было б і добра — заўсёды можна было б апраўдацца, «калі нашы прыйдуць»: «Сачылі, сабакі, не давалі слова сказаць». Можна было б жыць з дуляю ў кішэні і згодна з нацыянальным беларускім прынцыпам: «Абы ціха». Але гэта для таго, хто Нагорнае казані па-сапраўднаму ня чытаў. А Бонхёфэр яе чытаў. Ён ня шукаў, чым апраўдаць сваё маўчаньне. Ён шукаў, як і дзе можна сказаць і зрабіць тое, што гаварыў яму Аўтар гэтае казані. І магчымасьці такія Бонхёфэр знаходзіў.

Яго швагер (муж сястры) Ганс фон Донані, асабісты памочнік райхсміністра юстыцыі, блізка знаёмы з адміралам Канарысам, «запісаў» Дытрыха ў агенты Абвэра. Гэта вывела Бонхёфэра з-пад  нагляду Гестапа, вызваліла ад набору ў войска і дала магчымасьць выязджаць за мяжу. Паводле легэнды, ён зьбіраў разьведынфармацыю. На справе — актыўна спрыяў падрыхтоўцы змовы па зьвяржэньні Гітлера. І рабіў ён гэта сьвядома, добра ўсё ўзважыўшы. Менавіта ў гэты час напісаная яго галоўная, але няскончаная праца «Этыка». Вось думкі зь яе: «Царква вінаватая ў тым, што гінуць самыя слабыя і самыя бездапаможныя… Спроба прыбраць Гітлера, нават калі б мелася на ўвазе забойства тырана, была б па сутнасьці справаю рэлігійнага паслушэнства; новыя мэтады прыгнёту з боку нацыстаў апраўдваюць новыя спосабы непакоры… Калі мы сьцьвярджаем, што мы хрысьціяне, няма чаго разважаць аб мэтазгоднасьці. Гітлер — гэта антыхрыст».

У Бонхёфэра ня было вывучкі савецкага разьведчыка. Яму не шанцавала так, як шанцавала штандартэнфюрэру Штырліцу. Хрысьціяне на разьведчыкаў ня вучацца і ў шчасльлівы шанец ня вераць. Яны вучацца на Хрыста і вераць у волю Божую. Можна сказаць, што Бонхёфэр паводзіўся неасьцярожна. Але ён лічыў, што хрысьціянін кіруецца не мэтазгоднасьцю і прагматызмам, а выключна той самаю воляю Божай. Таму наўрадці Бонхёфэру даводзілася папракаць сябе ў неасьцярожнасьці, калі ў красавіку 1943 году ён быў арыштаваны па абвінавачваньнях у тым, што «касіў» ад войска, дапамагаў габрэям нелегальна выязджаць з Германіі і нелаяльна ставіўся да фюрэра. Сваю нелаяльнасць ён дзе трэба і дзе ня трэба падкрэсьліваў, габрэяў сапраўды ратаваў і ў войска ну аніяк ня рваўся. Ня ведаю, што адказваў Бонхёфэр на допытах, але ўпэўнены, што ён не забываўся яшчэ на адзін запавет Ісуса: «будзьце мудрыя, як зьмеі» і яго таксама ўспрымаў як запавет, гэта значыць прыймаў да выкананьня. Так што наўрад ці ён адразу выклаў сьледчаму ўсе свае правіны перад райхам. Але незалежна ад таго, як праходзілі псіхалагічныя дуэлі паміж сьледчымі і падсьледным Бонхёфэрам, яны йшлі зусім ня так, як паміж тымі ж сьледчымі і падсьледнымі няверуючымі. Гэты падсьледны ведаў, на што йшоў, і ведаў, як аднойчы сказала сьледчаму НКВД Ларыса Геніюш, што бяз волі Божай у яе (у яго) не ўпадзе ніводзін волас з галавы. Я кажу «ведаў». Я не кажу аб тым, як ён сябе адчуваў. І Бонхёфэр пакінуў нам напісаны ў бэрлінскай турме верш, у якім гэтая розьніца паміж «ведаў» і «адчуваў» проста рве сэрца.

ХТО Я ТАКІ?

Хто я такі? Мне часта кажуць,
што я быццам бы выходжу са сваёй камеры
спакойна, радасна, ўпэўнена,
як селянін са свайго дома.

Хто я такі? Мне часта кажуць,
быццам бы я размаўляю са сваімі турэмшчыкамі
свабодна, па-сяброўску і строга,
быццам не яны, а я імі камандую.

Хто я такі? Яшчэ мне кажуць,
быццам бы я пераношу дні няшчасьцяў
роўна, з усьмешкаю і гонарам,
як чалавек, што звыкся перамагаць.

Ці такі я на самой справе, як пра мяне кажуць іншыя?
Ці ўсё ж такі я той, якога ведаю сам —
я непакоюся і пакутую, як птушка ў клетцы,
хрыплю, быццам нехта душыць мяне за горла,
губляю розум па фарбах, кветках, птушыных сьпевах,
прагну добрых словаў, непадробнай блізкасьці,
мяне выводзяць зь сябе дэспатызм і зьдзекі,
сэрца рвецца на часткі ў чаканьні вялікіх падзеяў,
я бясьсільна дрыжу, сумуючы па сябрах, якія бясконца далёка,
я разьбіты й пусты ў малітвах, думках і справах,
моцы болей няма, і я гатовы з усім разьвітацца?

Хто я такі? Першы ці другі?
Ці, можа, сёньня я першы, а заўтра — другі?
Ці яны абодва ўва мне адразу? І я дуру галаву іншым,
а сам перад сабою я ганебная і немачная пустэча?
Ці ў мяне ў душы бязладна ратуецца ўцёкамі
пасьля ўжо атрыманай перамогі разьбітае ўшчэнт войска?

Дык хто ж я такі? Усе гэтыя пытаньні зь мяне сьмяюцца.
Але, кім бы я ні быў, ты ведаеш, Божа, што я Твой.

8 красавіка 1945 года, ў першую нядзелю пасьля Вялікадня вязьні папрасілі Бонхёфэра правесьці для іх малітоўнае набажэнства. Ён прапанаваў паразважаць над словамі прарока Ісаі: «…ранамі Яго мы ацаліліся» (Іс. 53:5). Ціхія размовы перарваў лязгат дзьвярэй — зьявіліся два гестапаўцы ў цывільным і загадалі Бонхёфэру ісьці зь імі. Вязьням усё было зразумела — яго ўводзілі на сьмерць. Бонхёфэр, не сьпяшаючыся, разьвітаўся з кожным і, адвёўшы ў бок афіцэра брытанскай разьведкі Пэйна Бэста, папрасіў яго перадаць свайму англійскаму сябру біскупу Бэлу апошнія свае словы на зямлі, аб якіх нам вядома: «Гэта канец. А для мяне — пачатак жыцьця».

На золку 9 красавіка Бонхёфэр быў пакараны сьмерцю праз павешаньне ў канцлагеры Флоссэнбюрг. Перад шыбеніцаю ён укленчыў і спакойна памаліўся.

Праз тры тыдні Адольф Гітлер скончыў жыцьцё самагубствам, а празь месяц вайна у Эўропе скончылася…

Экстрэмальны выпадак? Думаю, так. Большасьцю трапляюцца нам тыя, хто бачыць для сябе ці то ў Гітлеры, ці ў Бонхёфэры прыклад, хто хоча паўтарыць тое, што рабілі яны. А нават калі і сутыкаецца нехта з вас з фігурамі гэткага ж маштабу, то, зноў жа, пераўзыйсьці ў людажэрстве аднаго і геройстве другога цяжка — зноў жа атрымаецца паўтор. «Бывае такое, пра што людзі кажуць: „Дзівіся, вось гэта новае“; але яно ўжо было спрадвеку, да нас».

І што ж тут скажаш? Як нам змагацца «за нашу і вашу свабоду» з Гітлерамі? Маўчаньнем і нянавісьцю (да тырана)? Ці словам і любоўю (да ахвяраў яго)? Так, як Бонхёфэр, ці так, як Гандзі прапанаваў габрэям — з радасьцю (sic!) паслухмяна і пакорліва ісьці на пакуты і сьмерць (гл. Gandhi on Jews & Middle-East)? Узяць прыклады біблійныя, з Новага Запавету — зь Яна Хрысьціцеля «рабіць жыцьцё», які крыў цара і ў хвост і ў грыву не за тыранства нават, а за тое, што жонку ўзяў ня тую, што трэба, ці з апостала Паўла, які ні супраць галоўнага тырана, кесара, ні супраць тыранаў губернскага маштабу ні слоўца, ні паўслоўца, а толькі і заклікаў, што да пакоры і паслушэнства ўладам?

Няма ў мяне адказу адназначнага. Пытаньні ёсьць, а адказу няма.

І што ж рабіў у сваім жыцьці вучань Хрыстоў Дытрых Бонхёфэр? Выконваў запаветы Нагорнае казані ці парушаў іх? Мяшаўся ў палітыку ці проста шчыра ва ўсім жыў сапраўды па-хрысьціянску, не прызнаючы па-над сабою іншых багоў, апроч Хрыста?.. Вам вырашаць. Але, прыходзячы да сваёй высновы, улічыце, што пасьля вайны прылюдна каяцца ў супрацоўніцтве зь бязбожным і бесчалавечным рэжымам давялося ня Марціну Німёлеру, які выйшаў на волю з канцлагеру, а той самай нямецкай «царкве», якая Бонхёфэра і Німёлера выраклася.

А каб нам не здавалася (тым, каму яшчэ здаецца), што гэта не пра нас і не пра сёньня, прыгадаем нашага смаленскага земляка зь міцкевічаўскім прозьвішчам, Аляксандра Твардоўскага, які, канешне ж, пісаў не пра Бонхёфэра, не пра Нагорную казань і не пра наш боб з гарохам, але чые радкі намёртва прышываюць усё, што было «некалі» і «недзе», да нашых бесьсьмяротных душаў:

«Я знаю, никакой моей вины
В том, что другие не пришли с войны.
В том, что они — кто старше, кто моложе —
Остались там, и не о том же речь,
Что я их мог, но не сумел сберечь, —
Речь не о том, но все же, все же, все же…»

Ю. Сьмiрноў

да пачатку


Учора Месяц цалкам Заўтра
Усе дні



Зьвязацца з аўтарам: smirnou сьлімак laza кропка org

Заўважылі памылку? Вылучце яе мышшу і націсьніце Ctrl+Enter. Зробім мову і пунктуацыю чысьцей, а факталёгію і тэалёгію дакладней :-)!