LAZA
Ростані
Содержание
Contents

1 студзеня

BASTA, MAMMA MIA!


Колькі жыву на сьвеце, столькі мне пад Новы год дураць галаву, што быццам бы ў навагоднюю ноч італьянцы выкідаюць з вокнаў старую мэблю. Ну вось глядзіць там сабе Сільвіё Берлусконі ці які іншы Джан-Луіджы Буфон на зэгарак, раве: «Basta, mamma mia, porco maladetto!», упіраецца рогам у мяккі вугал, прэ яго да вакна — і гапе далоў!.. на самім жа сабою кошаную траўку пад гэтым самым вакном. Глупства, пане дабрадзею…

Але ж зачапілася за мазгі і языкі гэтая байка і ніяк не адчэпіцца. З чаго б гэта?

А, можа, з таго самага, што больш за ўсё як раз намі хочацца на пачатку новага году нешта абрыдлае выкінуць. Ну хаця б тую самую старую паточаную шашалем «диван-кровать», якая жыць жа ж не дае — што сваёй хэві-ржаві-мэталёвай акустыкай, што пачварным дызайнам, што антыартапэдычным прагібам да падлогі. Самому, канешне, калі да справы даходзіць, канапку гэтую выкінуць шкада (мы яшчэ не такое ламэчча лепш на лецішча, чым на сьметнік), дык хоць прыдумаем сабе нейкую Італію, дзе з вакон на дэльтапланах з ДСП і ДВП лётае шашаль італьянскі. Новы год на двары! І ўсё ў нас будзе новае! А старое — сплавім у Італію, каб яе тое самае porco maladetto!

Напярэдадні ўсе каналы і ўсе «налівалы» заклікалі ўсіх «выпівалаў» пакінуць усё найгоршае ў старым годзе і кінуцца ў першую ж раніцу новага году насуперак законам прыцягненьня, пахмельля і палітыкі па цаліку новых лісткоў календара наперад, у будучыню, за ўсім найлепшым, такім ужо найлепшым, якога ні ты, ні сьвет ня бачылі. Толькі б торбаў не забыцца набраць паболей ды пабольшых, каб было куды складваць гэтае найлепшае…

Пройдзе некалькі хвілінаў пасьля абуджэньня — і найлепшай у сьвеце рэччу табе здасца тая самая чарка ці пляшка, у сімбіёзе зь якой ты пражыў год стары… і пазастары, і пазапазастары.

Пройдзе некалькі дзён — і найлепшымі ў сьвеце здадуцца пакінутыя за плячыма страшэнныя праблемы году старога, бо новы падкіне такіх бедаў і няшчасьцяў, што не па цаліку без галавы імчацца захочацца, а з галавой жыўцом у зямлю пайсьці, ці хаця з той самай галавой пад коўдру ад гэтага жахлівага новага году схавацца.

А пройдзе дванаццаць месяцаў — і зноў каналы, налівалы і выпівалы пачнуць сваю гульню «Гора ў вакно — за шчасьцем марш!».

Але нешта ня вяжацца гэтая гульня. Вязалася яна толькі ў дзяцінстве. Вось тады Новы год быў сапраўды новым. Тады ад самога новага набору коду з чатырох лічбаў, у якім зьмянялася адна ці дзьве, перахоплівала дых і салодка віравала нешта ў сярэдзіне. А цяпер усе чатыры памяняліся 1 студзеня 2000-га, а я нават і ня памятаю, як яно было і што я рабіў ці думаў у тыя дні… Памятаю толькі дакладна, што нічога, апроч чатырох лічбаў, у тую раніцу не зьмянілася.

І хоць ня ў нашай прыродзе і не па нашай пагодзе пісалася гэта, але пісалася і пра нашую гульню ў новы год, у якой нічога новага:

«Што было, тое і будзе; што рабілася, тое й рабіцьмецца, і нічога новага пад сонцам няма. Бывае такое, пра што людзі кажуць: „Дзівіся, вось гэта новае“; але яно ўжо было спрадвеку, да нас» (Эклезіяст 1:9, 10).

Хочацца пакінуць у старым годзе самае-самае найгоршае? Хочацца ў новым сустрэць самае-самае найлепшае? Дык давайце ня ў гульні будзем гуляць і не байкі пра Італію плясьці, а проста возьмем і зразумеем сутнасьць гэтых баек і падсьвядомых жаданьняў. І сутнасьць гэтая такая простая, што прасьцей ужо няма куды. І жаданьні, што бродзяць у душы круглы год, але проста завеяй сьнежаньскай падымаюцца ў навагоднюю ноч — таксама простыя і зразумелыя. Нават не жаданьні гэта, а адно-адзінае жаданьне: выкінуць тое, што «дастала», пазбавіцца ад самага горшага, пачаць новае жыцьцё, у якім ня будзе таго, што да сёньняшняга дня жыцьця не давала.

Ну і што ж з намі было самага горшага летась, і пазалетась, і дзесяць год таму? Канапка-самабранка? Шафа-небарака? Дабіты нямецкі «Фальксваген», што без рэгулярных ахвярапрынашэньняў з Малінаўкі ці Ждановічаў ні наперад, ні ўзад і ні ўбок? Э, не… Самае горшае, што з намі дагэтуль было — рабства. А самае лепшае, што можа быць адгэтуль — свабода. І гэта ад рабства стогне ў нас душа,і гэта па свабодзе яна ваўком вые. А мы заглушаем тое выцьцё навагодняй папсою, душым душу навагодняй кілбасою і заліваем непагаснае жаданьне волі тым, што само няблага гарыць. Але гэтыя ваўчыныя сьпевы не заглушыш, не задушыш і не зальлеш. І зноў завыеш, нагуляўшыся ў дурныя гульні з прыпевам: «Дзівіся, вось гэта новае».

І падарункамі навагоднімі сябе не падманеш. Усе найнавюткія падарункі вельмі хутка стануць старымі, апроч аднаго, найлепшага падарунка — свабоды. І няма розьніцы, у які дзень году мы гэты падарунак атрымаем — у першы ці ў сто дваццаць першы. Каб жаўнеру камандзір аб’явіў дзембель хоць «мартобря 86 числа», вы што, думаеце, той бы папрасіў прыказ Галоўнага Камандзіра і адмовіўся б кідаць службу? Я розумам не Эклезіяст і ня тое, што ГК, а нават і не сэржант, але думаю, зрабіў бы салдацік ногі з роднай казармы ў той жа дзень і галавой бы яму было на той каляндар налажыць.

Так што з Новым годам, з новым шчасьцем! І зусім ня мае розьніцы, у які дзень і месяц вы чытаеце гэтую старонку, у якую ноч і на які месяц, поўны, ці на чвэртку, вам завылася. Гэта вам па новым, свабодным жыцьці завылася, якім вы яшчэ ня жылі, а толькі ўсё зьбіраецеся жыць.

Дык жывіце ж, хто вам не дае?

Не даюць? Хто? Вам Берлусконі (ці Продзі)?! А вам шашаль? А вам Буфон? А вам камандзір? А вам той, хто сябе лічыць самым галоўным камандзірам?

Перагорнем тады старонку. Пачнем разьбірацца з ворагамі свабоды. Наперадзе цэлы год — на ўсіх ворагаў часу хопіць. Ды й яшчэ шмат аб чым паплешчам языком.

Ю. Сьмiрноў

да пачатку


Учора  Месяц цалкам  Заўтра
Усе дні



Зьвязацца з аўтарам: smirnou сьлімак laza кропка org

Заўважылі памылку? Вылучце яе мышшу і націсьніце Ctrl+Enter. Зробім мову і пунктуацыю чысьцей, а факталёгію і тэалёгію дакладней :-)!